Суд разгледзіў справу аб пераездзе матацыклістамі ляжачага чалавека

Двое маладых мужчын – 19-гадовы К. і 20-гадовы М. – у адну з чэрвеньскіх начэй ехалі на матацыкле па вуліцы вёскі Вулька-Целяханская. За рулём «Іж-Юпітэр» быў К., які не мае права на кіраванне матацыклам, а сам «Іж» меў цэлы «букет» няспраўнасцей. Галоўнае – тармазная сістэма ў тэхнічна няспраўным стане.

На гадзінніку было каля 2-х гадзін ночы, калі гэтыя хлопцы пераехалі 28-гадовага мужчыну Ю., які ляжаў на праезнай частцы (яго веласіпед ляжаў побач). К. і М. адразу зразумелі: здарылася непапраўнае. Таму вырашылі скрыць учыненае: узялі ляжачага мужчыну за рукі, за ногі і аднеслі цела на абочыну, побач паклалі веласіпед, каб усё было падобным на падзенне з веласіпеда. Зацерлі сляды на праезнай частцы, паехалі дамоў, пераапрануліся.

Абодвум не спалася, але калі праз пэўны час яны зноў прыйшлі на месца здарэння, то пацярпелага ўжо забірала «хуткая». Мужчына застаўся жывы, хаця атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. У некаторай ступені гэтым маладым мужчынам пашанцавала: калі б Ю. памёр, то іх чакала б зусім іншыя санкцыя суда, бо праваахоўныя органы хутка выкрылі злачынства.

Былі ўзбуджаны крымінальныя справы: у адносінах да К. па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Парушэнне Правіл дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што стала прычынай смерці або нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання», і па ч. 3 арт. 159 «Пакіданне ў небяспецы». Па ч. 3 арт. 159 была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да М., хаця ён быў толькі пасажырам, але пасля здарэння не прыняў ніякіх мер, каб дапамагчы пацярпеламу, а наадварот – рабіў усё, каб скрыць злачынства.

У ходзе судовага пасяджэння К. і М. віну прызналі поўнасцю, раскаяліся, выказалі гатоўнасць кампенсаваць нанесеную шкоду, растлумачыўшы, што вельмі спужаліся пасля ДТЗ, хаця разумелі: пацярпеламу патрабуецца дапамога…

Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў К. і М. вінаватымі і прызначыў пакаранне: К. – пазбаўленне волі тэрмінам на два гады, прымяніўшы адтэрміноўку выканання пакарання на адзін год. Ён таксама пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады, заплаціць штраф у даход дзяржавы ў памеры 70 базавых велічынь (1 785 рублёў). М. прызначана пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на 8 месяцаў з утрыманнем ў даход дзяржавы 15 працэнтаў ад заробку.

Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.