Суд вынес рашэнне на карысць банка. Бо так быў складзены дагавор…

Жыхар Івацэвічаў М. яшчэ ў 2014-м годзе звярнуўся ў закрытае акцыянернае таварыства «Дэльта банк» з просьбай аб прадстаўленні крэдыту ў памеры 30 мільёнаў (недэмінаваных) рублёў. Сума не самая вялікая, на «сённяшнія» грошы – 3 000 рублёў. Праблемы з пагашэннем крэдыту ўзніклі, але, у рэшце рэшт, запазычанасць па асноўным доўгу, як і па працэнтах па іх, М. пагасіў.
Але, як высветлілася, гэта былі не ўсе прэтэнзіі ЗАТ «Дэльта банк» да нашага земляка, крэдытаатрымальніка М. Згодна з умовамі крэдытавання, М. павінен быў яшчэ аплачваць і так званы «Пакет паслуг», які суправаджае крэдыт. Што за опцыя такая? Гэта тэхнічнае суправаджэнне крэдыту, у спіс «Пакета паслуг» уваходзяць адкрыццё і абслугоўванне рахунка, выпуск і абслугоўванне банкаўскай плацежнай карткі, абслугоўванне і адпраўка смс-паведамленняў аб суме і даце штомесячнага плацяжу і г. д. Як высветлілася, крэдытаатрымальнік М. не звярнуў увагі на гэты «пункцік», а дарэмна. За абслугоўванне «Пакета паслуг» банк забіраў 1,99 працэнта ад сумы крэдыту – 59 рублёў 70 капеек у месяц. І гэта вылілася ў значную суму для М. – 1 247 рублёў 73 капейкі, якія ён завінаваціўся ЗАТ «Дэльта банк», кіраўніцтва якога і звярнулася ў суд Івацэвіцкага раёна, каб спагнаць доўг з М.
Такая буйная сума моцна збянтэжыла М. – ледзь не палову ад атрыманага крэдыту трэба накіраваць на «нейкае абслугоўванне» пластыкавай карткі! Сапраўды, крыўдна, бо сума непамерна вялікая. Але, прабачце, шаноўны М., пад дамовай, якая заключана з ЗАТ «Дэльта банк», стаіць ваш подпіс! Гэта значыць, вы пагаджаецеся выконваць кожны пункт крэдытнай дамовы!
Суд прыняў рашэнне спагнаць на карысць ЗАТ «Дэльта банк» запазычанасць за карыстанне «Пакетам паслуг» банка ў суме 1 247 рублёў 73 капейкі і дзяржпошліну ў даход дзяржавы ў суме 62 рублі 39 капеек. М. быў вымушаны пагадзіцца з прэтэнзіямі банка – яны небеспадстаўныя. Паставіўшы подпісы і ўзяўшы крэдыт, ён «по умолчанию» павінен выконваць кожны пункт крэдытнай дамовы.
У чарговы раз вымушаны паўтарыць банальнае: уважліва чытайце і вывучайце дамову і дадатковыя пагадненні да дамовы, якія збіраецеся падпісваць. Узважце свае фінансавыя магчымасці, падлічыце: ці зможаце вы «пацягнуць» такі крэдыт. Каб не давялося пасля ў судзе апраўдвацца і прасіць прабачэння.
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.