Шостае дзіця — на Пакровы

У Дзень маці ў акушэрскім аддзяленні УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» на свет з’явіўся адзін малыш. Для маці Алены Чаркашынай з Грыўды гэты дзень стане своеасаблівым двайным святам.
З’яўленне на свет малыша прайшло без ускладненняў, дзіця нарадзілася моцным і здаровым. Алена Чаркашына ўжо вырашыла, як будуць зваць сына – Кліменцій. Ён стаў шостым дзіцём у шчаслівай сям’і.
– Цяпер у нас трое дачок і трое сыноў. Адметна, што некаторыя малышы нараджаліся на святы: Дзень настаўніка, Радаўніцу, цяпер вось і Дзень маці. Гэта сапраўды вельмі значная падзея, вялікае шчасце трымаць на руках дзіця ў такі дзень. Нараджэнне дзіцяці – найважнейшая падзея, таму што з яго пачынаецца сям’я, і цудоўна, калі сям’я мае вялікі працяг, – упэўнена Алена Чаркашына.
З такой знамянальнай падзеяй у жыцці Алену прыйшлі павіншаваць сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Аляксандр Тэддэр і першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вольга Белякова. Здароўя, падтрымкі сям’і, моцнага мужчынскага пляча, клопату і ўвагі пажадалі госці Алене.
Аляксандр Тэддэр падкрэсліў, што Дзень маці – асаблівае свята ў нашай краіне. У гэты дзень хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім матулям, якія дораць любоў і цяпло сваім дзецям. Ён пажадаў моцнага здароўя і матулі, і малышу. Вольга Белякова нагадала пра тое, што Дзень маці супадае са святам Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, і пажадала яе заступніцтва, міру, дабра, дастатку, а падарункі для мамы і малыша ад Івацэвіцкага РК ГА «БРСМ» і Івацэвіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» сталі цудоўным дадаткам да цёплых слоў.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.