Самая буйная перамога — 7:0!

Значна палепшыла розніцу забітых і прапушчаных мячоў ФК “Івацэвічы”, якая 19 кастрычніка на “Кляноўка-арэне” прымала “Нёман-агра” са Стоўбцаў. Гэтая каманда — адзін з аўтсайдараў першынства Беларусі сярод каманд другой лігі, у першым крузе нашы рабяты перамаглі ў Стоўбцах з буйным лікам – 3:0.

І на гэты раз барацьбы не атрымалася: госці 90 мінут адбіваліся, але ў абароне стаўбцоўскіх футбалістаў парадку не назіралася. Як вынік, нашы рабяты з рэгулярнай перыядычнасцю выходзілі на ўдарныя пазіцыі і забівалі, забівалі, забівалі…

7:0 на карысць ФК “Івацэвічы” завяршылася дадзеная гульня, гэта самая буйная перамога ў сезоне. Хет-трык на рахунку Піцыка, дублем вызначыўся Варановіч, забівалі таксама Галоўчык і Вадап’ян. Наша каманда набрала 38 ачкоў, ужо зараз амаль дасягнула мінулагодняга паказчыка, калі на рахунку ФК “Івацэвічы” было 39 ачкоў; маем больш перамог, лепшую розніцу забітых і прапушчаных. ФК Івацэвічы” засталося правесці чатыры гульні, бліжэйшая — выязная з адным з лідараў – з ФК “Маладзечна”, якую нашы рабяты ў першым крузе ўпэўнена перайгралі – 3:0. Астатнія тры сапернікі – “СМІаўтатранс”, “Клецк” і “Энергетык-БДАТУ” — з ліку аўтсайдараў, у матчах з якімі можна і трэба перамагаць.

Аляксандр ГОРБАЧ.