Маладзёжны парламент – рэальныя справы

Члены Маладзёжнага парламента пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў сумесна з актывістамі райкама ГА «БРСМ» правялі патрыятычную акцыю па навядзенні парадку і добраўпарадкванні на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу партызанскай славы «Хаваншчына».

Акцыя сабрала больш за 25 удзельнікаў – навучэнцаў і працуючай моладзі. Гэта прадстаўнікі  ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы», ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы», ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы», ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна», ДУА «Стайкаўская сярэдняя школа», папраўчай ўстановы «Папраўчая калонія № 5».

Актыўная моладзь раёна вырашыла не словамі, а справамі паказаць, як аб’яднаўшыся, можна зрабіць вялікую справу на карысць раёна. Дзяўчаты разам з музейнымі работнікамі наводзілі парадак у зямлянках, хлопцы прыбіралі лісце і з вялікай стараннасцю капалі калодзеж, які вельмі патрэбен тут, бо ваду сюды прыходзіцца насіць, а гэта не вельмі зручна. Амаль што дзве гадзіны працы, некалькі рабочых рук – і вада ўжо паказалася. Маладыя людзі прызнаюцца – прыемна бачыць плён сваёй працы. Потым усе ўзяліся выкладаць камянямі кастравое (месца, для піянерскага кастра) у форме зоркі, дзе будуць прымаць школьнікаў у піянеры. Дарэчы, у той дзень, на тым месцы былі прыняты ў піянеры вучні адной са школ горада Баранавічы.

Пасля плённай работы рабят чакала сапраўдная салдацкая каша і чай на зёлках, а таксама экскурсія па мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына».