Аб задачах кіраўнікам і будучыні Беларусі — Лукашэнка на сустрэчы ў Акадэміі кіравання

Лукашэнка: у Беларусі за чвэрць стагоддзя створана ўстойлівая мадэль кіравання

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты год — юбілейны для палітычных інстытутаў і фундаментальных асноў палітычнай сістэмы краіны, сваё 25-годдзе адзначаюць многія дзяржаўныя органы, сфарміраваныя на заранку станаўлення незалежнай Беларусі.

«За чвэрць стагоддзя мы стварылі ўстойлівую мадэль кіравання, стабільную ў сваіх базавых арыенцірах. Яны простыя і зразумелыя кожнаму: суверэнітэт нашай краіны, дабрабыт грамадзян і справядлівае стаўленне да людзей, адзінства грамадства і многія іншыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта мэты, у дасягненні якіх важнейшую ролю адыгрываюць органы дзяржаўнага кіравання. «Менавіта тут, у Акадэміі кіравання, мы можам адкрыта абмеркаваць перспектывы іх развіцця. З нашай апошняй сустрэчы ў такім фармаце прайшло амаль дзесяць гадоў. Гэта падстава падвесці некаторыя вынікі і паставіць новыя задачы перад айчыннай сістэмай дзяржкіравання. Знайсці адказы на пытанні: хто ён — кіраўнік будучыні? І якая роля Акадэміі ў падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Акадэмія кіравання — гэта ўнікальная навучальная ўстанова, сама назва ВНУ падкрэслівае яе статус і значнасць. «Тут развіваецца сучасная нацыянальная школа дзяржкіравання — ствараецца будучыня краіны. Будучыня, галоўная роля ў якой належыць тым, хто свядома выбраў адказны і няпросты шлях — служыць краіне і народу. І гэта праца, якая патрабуе поўнай самааддачы, адданасці дзяржаве, шчырага стаўлення да людзей, пастаяннага ўдасканалення», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка: Беларусі пашчасціла здабыць сваю незалежнасць мірным шляхам

«Нам пашчасціла пасля распаду СССР утрымаць сваю краіну мірна. Мы ціха, спакойна стварылі сваю дзяржаву. Унікальны выпадак. Але нас таксама выпрабоўвалі. Але добра, што не вайной. Дрэнна, што гэтымі санкцыямі. Гэта была разгорнута супраць нас эканамічная вайна», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што прычына таго — з’яўленне на палітычнай карце свету 15 новых дзяржаў пасля распаду СССР. «А свет цесны. Усе месцы былі заняты, і нам трэба было знайсці сваё месца. Гэта значыць кагосьці пацясніць. Значыць, мы камусьці наступілі на нагу, кагосьці зачапілі. Вядома, гэта аб’ектыўна выклікала нейкае процідзеянне з іх боку», — лічыць Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў выніку ўсе разам, грамадзяне Беларусі, нават прытрымліваючыся розных пунктаў гледжання, пабудавалі дзяржаву.

«Ціха, спакойна, пераадолеўшы эканамічную вайну і блакаду вакол нас у выглядзе санкцыйнай палітыкі з боку Захаду і не толькі. Мы гэтыя выпрабаванні прайшлі. Гэта таксама для нас было вельмі моцнае выпрабаванне. Мы прайшлі праз усё. Нас выпрабоўвалі. Але мы прайшлі без вайны», — сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб тым, чаму апошнім часам відаць змяненне палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што гэта не таму, што Беларусь заняла пэўную пазіцыю адносна падзей ва Украіне або яшчэ нешта ў гэтым плане. «Час змяніўся, і з’явілася падстава ім адысці ад гэтых санкцый, захаваўшы сваё аблічча. Яны даўно зразумелі, што няправільна ўвялі супраць нас санкцыі. Яны проста хацелі нас прыдушыць за нашу пазіцыю такую саюзніцкага характару, захаванне саюзных адносін паміж рэспублікамі былога СССР», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што стаў Прэзідэнтам у многім выпадкова, але выключна дзякуючы велізарнай народнай падтрымцы і даверу. «Я не магу пераступіць праз тое, што было 25 гадоў таму. Я праз гэта ніколі не пераступлю. Хіба можна здрадзіць такому? Ды ніколі! Сам жабраком пайду, але ніколі праз гэта не пераступлю! Гэта ў аснове ўсёй маёй палітыкі — і справядлівасць, і стаўленне да людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра будучыню Беларусі: хачу бачыць яе свабоднай і незалежнай

«Каб больш ніколі намі з-пад бізуна не кіравалі ў нашай гісторыі. Каб мы самі кіравалі працэсамі ў сваёй краіне і вызначалі яе будучыню. Гэта галоўнае, што трэба захаваць. Усё астатняе купім», — сказаў беларускі лідар.

«Я хачу, каб яна (краіна. — Заўвага БЕЛТА) была Беларуссю. Каб яна была ў цэнтры Еўропы, стабільнай, з некранутымі граніцамі, каб мы самі сваё шчасце здабывалі і адчувалі. Гэта значыць, я хачу бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, каб нашы дзеці маглі, выехаўшы кудысьці, вярнуцца на свой кавалачак зямлі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь не прэтэндуе на чужое і толькі імкнецца захаваць сваё. «Ціха, спакойна, паступова ствараючы сваё на гэтай зямлі. Не дай бог мы пачнём канфліктаваць з суседзямі. А яшчэ горш, калі… А на нас глядзяць некаторыя, успамінаючы Рэч Паспалітую, Вялікае Княства Літоўскае, Савецкі Саюз і іншае», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Я гавару: час змяніўся, мы гатовы да любых саюзаў, да любых «Рэчаў», але мы суверэнныя і незалежныя, і павінны бачыць свой інтарэс. І ўсё гэта на карысць нашых дзяцей. А для гэтага трэба мець і абарону, кіраваць усімі працэсамі», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка патрабуе ад дзяржупраўленцаў быць бліжэй да людзей, а не заседжвацца ў кабінетах

Гаворачы аб існуючай сістэме дзяржаўнай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбудаваная мадэль у цэлым дае магчымасць вырашаць асноўныя задачы, гэта сістэма пастаянна ўдасканальваецца. А праблемы, паводле яго слоў, калі і ўзнікаюць, то часцей за ўсё звязаны з нядобрасумленным стаўленнем да работы і адсутнасцю належнай дысцыпліны.

«Недапушчальна, каб у вачах насельніцтва ўпраўленец асацыіраваўся з кабінетным чыноўнікам. Ён павінен быць бліжэй да людзей, нацэленым на вырашэнне канкрэтных праблем чалавека, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тое, што ў адрас Адміністрацыі Прэзідэнта прадаўжаюць паступаць скаргі на бюракратыю і цяганіну, на жаль, красамоўна сведчыць, што практыка фармальных размоў або адпісак усё яшчэ існуе. І да гэтага маё стаўленне вядома».

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы для кіраўніка любога рангу — гэта толькі палова поспеху. Важна пры неабходнасці ўмець своечасова, аргументавана і зразумела растлумачыць людзям прынятыя рашэнні і прычыны магчымых праблем, адказаць на любое, у тым ліку нязручнае, пытанне як насельніцтву, так і прадстаўнікам СМІ. «Сёння ж некаторыя кіраўнікі ў прынцыпе баяцца відэакамеры або мікрафона журналіста», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў Акадэміі кіравання навучаюць навыкам размовы з журналістамі, рабоце ў імправізаванай тэлевізійнай студыі. Прэзідэнт лічыць, што сучасны кіраўнік, безумоўна, абавязаны ўмець усё гэта. «Тым больш сёння, калі так імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. І яны з’яўляюцца адным з дзейсных інструментаў для вырашэння многіх задач дзяржаўнага маштабу», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Таксама, на думку Прэзідэнта, важна ўмець эфектыўна выкарыстоўваць у рабоце інтэрнэт-рэсурсы, аналізаваць грамадскае меркаванне і рэакцыю на дзейнасць мясцовага кіравання ў сацыяльных сетках, на форумах навін, выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў дзяржаўных мэтах для рэалізацыі важных праектаў.

«Акрамя таго, дасведчаны кіраўнік павінен умець бачыць і падтрымліваць жывую ініцыятыву на месцах. Акумуляваць вакол сябе лепшыя прапановы і ідэі, дапамагаць у іх рэалізацыі. Выкарыстоўваць патэнцыял навукі, экспертаў у сваёй сферы. У сувязі з гэтым ад упраўленцаў чакаюцца большая, чым раней, публічнасць і актыўны ўдзел у сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёнаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў, якіх людзей трэба адбіраць ва ўпраўленцы

На кіраўніцкія пасады прынцыпова важна адбіраць толькі зацікаўленых, неабыякавых і высокакваліфікаваных спецыялістаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў Акадэміі кіравання.

«Сёння ў падборы кадраў на кіруючую пасаду неабходна ўлічваць чалавечыя якасці і маральны крытэрый. Мы бачым, як на фоне сістэмнага ўкаранення новых тэхналогій у эканамічную дзейнасць і грамадскія адносіны ўзнікаюць новыя карупцыйныя рызыкі. У сувязі з гэтым прынцыпова важна на кіраўніцкія пасады адбіраць толькі зацікаўленых, неабыякавых і высокакваліфікаваных спецыялістаў, арыентаваных на служэнне краіне і людзям, а не на задавальненне асабістых або кар’ерных амбіцый», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А для павышэння прэстыжу кіраўніка, заявіў Прэзідэнт, неабходна замацоўваць дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, што пацвярджаюць іх высокі статус.

Тэма, якая, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, таксама патрабуе асаблівай увагі, — ратацыя кіруючых кадраў. Яе галоўная мэта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нават не ў тым, каб выключыць кумаўство і пратэкцыянізм. «Мяняць месца работы, а іншым разам і прапіску, выходзіць з зоны камфорту трэба, каб развівацца, пашыраць кругагляд, адкрываць у сабе новыя грані і здольнасці. Такім чынам, спецыяліст не толькі вырасце прафесійна, але і краіне прынясе больш карысці», — лічыць ён.

Лукашэнка лічыць, што не стаў бы Прэзідэнтам без вопыту работы ў парламенце

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў меркаванне, што ў парламенце павінны быць прадстаўлены людзі з розных сфер і розных узростаў, уключаючы моладзь.

«Усюды гаворым: моладзь — наша будучыня, за моладдзю ўсё. І раптам там пяць чалавек камсамольцаў (членаў БРСМ. — Заўвага БЕЛТА) вылучылі… Гэта (гавораць. — Заўвага БЕЛТА) нявопытныя, яны нічога не ведаюць, — адзначыў беларускі лідар. — Але яны ведаюць тое, чаго мы не ведаем, тое, што ведае моладзь. І гэта будзе нейкі фільтр. Там павінны прафесійна розныя быць людзі і па ўзростах».

«Парламент — гэта вельмі сур’ёзная школа будучых упраўленцаў. Калі б я не прайшоў у парламент, я ніколі не быў бы Прэзідэнтам. Я там навучыўся больш, чым дзе-небудзь у жыцці», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што парламент па сваёй сутнасці — гэта форум і сутыкненне ідэй. «Яно так і ёсць. Проста ў нас няма гвалту ў парламенце. Я праз гэта прайшоў у сваім парламенце, і мы бачым на прыкладзе іншых краін. Што ад гэтага добрага? Чаму не патрэбны гэты гвалт — таму што гэта неадкладна на працягу года пераносіцца на грамадства, і тады мардабой пачынаецца на плошчах. Я гэта таксама перажыў. Нам гэта карысці не прынесла», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не выключыў, што ў будучым у парламенцкім жыцці палітычныя партыі будуць адыгрываць больш значную ролю. «Мы да гэтага яшчэ прыйдзем, але прыйдзем прыгожа. Партыі гэтыя павінны сфарміравацца. Новыя людзі, новыя ідэі. На іх падставе сфарміруюцца і партыі. Такі мой пункт гледжання, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але прымаю іншыя варыянты, вывучаю іх. І калі так здарыцца, што мне давядзецца займацца гэтым партыйным будаўніцтвам (хутчэй за ўсё, мы да гэтага падыходзім), я гэта рабіць буду. Гэта нармальны працэс, калі людзі бачаць розныя партыі, розных людзей, а не толькі адну асобу або некалькі чалавек. Прыйдзем мы да гэтага. Гэта важнае пытанне».

Лукашэнка: я хачу спакойны парламент, але гатовы ўступіцца за Беларусь

«Я хачу, каб парламент і дэпутаты былі больш актыўнымі. Дрэнна, калі нейкая праблема — Прэзідэнт бяжыць наперадзе, яшчэ нешта — там зноў Прэзідэнт. Гэта ненармальна, ні ў адной дзяржаве гэтага няма, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтак жа прасцей: сядзі і глядзі, што Прэзідэнт скажа. Трэба, каб і ў дэпутатаў бурліла, каб яны кідаліся наперад і абаранялі кожны свайго выбаршчыка, а ў цэлым — народ Беларусі і нашу дзяржаву. Можа, і не трэба Прэзідэнта кожны раз выпіхваць наперад».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго работа вельмі цесна звязана з заканадаўчымі органамі ўлады, таму ён перажывае за тое, кім будзе прадстаўлены парламент. «Я хачу, каб ён быў ціхім, спакойным, стабільным, але, дзе трэба, каб і па мордзе каму-небудзь маглі даць», — падкрэсліў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у парламенце павінны быць прадстаўлены ўсе слаі грамадства, ён павінен быць разнашэрсным, каб прымаемыя законы адпавядалі інтарэсам усіх грамадзян.

Лукашэнка: ганаруся беларускай моладдзю

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ганарыцца беларускай моладдзю. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са слухачамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, прафесарска-выкладчыцкім складам, супрацоўнікамі Акадэміі кіравання.

На думку кіраўніка дзяржавы, маладыя людзі ўмеюць разлічваць на сябе, імкнуцца атрымаць добрую адукацыю і работу. «Я ганаруся беларускай моладдзю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ёсць і адмоўныя прыклады, але такіх меншасць. Прэзідэнт катэгарычна супраць такіх шкодных звычак, як п’янства, курэнне і тым больш наркаманія.

«Мне вельмі падабаецца, што асабліва апошнім часам усе настроены на тое, каб адукацыю атрымаць, каб у жыцці нейкае месца заняць. Калі сям’я — то забяспечваць яе, атрымліваць дастойную работу, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Сярод моладзі менш за ўсё ныцікаў, што, маўляў, зарплата не тая, нешта не так… Яны больш разлічваюць самі на сябе».

Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб і ў далейшым моладзь умела разлічваць на сябе.

«Хачу бачыць такую моладзь: сумленную, шчырую, прагрэсіўную, якая не спяшалася б выязджаць, а больш актыўна праяўляла б сябе ў краіне», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: настаў час актыўна ўключаць моладзь у палітычнае жыццё краіны

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што курс дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі нязменны: у краіне дзейнічае прынцып пераемнасці пакаленняў, захавання лепшых дасягненняў мінулага. «Амаль трэць нашых грамадзян — каля 3 млн чалавек — нарадзіліся ў суверэннай Беларусі. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія ўспрымаюць рэчаіснасць ужо з пункту гледжання жыхароў самастойнай еўрапейскай дзяржавы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І настаў час актыўна ўключаць гэтых маладых людзей у палітычнае жыццё краіны. Фарміраваць дзяржаўнае мысленне ў тых, хто ідзе за імі. Выбудоўваць дыялог пакаленняў на аснове ўзаемнага даверу і павагі. Дыялог, у якім вопыт і інавацыі, мудрасць і рашучасць, асцярожнасць і смеласць знаходзяцца ў гармоніі і згодзе».

Галоўная роля ў гэтым працэсе адводзіцца ў тым ліку выкладчыкам акадэміі. Іх задача — не толькі перадаць свае глыбокія веды, але і падрыхтаваць дастойную змену. «Ведаю, многія выпускнікі аспірантуры і дактарантуры паспяхова абаранілі дысертацыі і ўжо выкладаюць разам са сваімі настаўнікамі», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў акадэміі вядзецца падрыхтоўка і на базе агульнай сярэдняй адукацыі з апорай на эканоміку, права і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Хоць раней гучалі прапановы адмовіцца ад набору выпускнікоў пасля школы, але Прэзідэнт настаяў на тым, каб захаваць такі від навучання. «І няхай набор студэнцкай моладзі невялікі, але гэтай так званай залатой сотні давядзецца ў будучым фарміраваць кіраўніцкі склад краіны», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. «А далей паглядзім, можа, і не трэба, — дадаў ён. — Можа, будзе іншая форма (навучання. — Заўвага БЕЛТА) да моманту будаўніцтва новай акадэміі».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пытанне размеркавання выпускнікоў, як і далейшы іх кар’ерны рух, акадэмія павінна трымаць на кантролі. «І ў гэтым пытанні ёй трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, перш за ўсё з Адміністрацыяй Прэзідэнта, таму што закладваць трывалую аснову для стратэгічнага развіцця краіны на 20-30 гадоў наперад давядзецца маладым і энергічным, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Арыфметыка простая: каб адшліфаваць палітычна і сацыяльна сталага кіраўніка да 40 гадоў, яго прафесійнае развіццё павінна стартаваць як мінімум са студэнцтва, яшчэ ў пачатку працоўнага шляху».

«Але кожны, хто сёння марыць аб палітычнай кар’еры, павінен разумець, што шлях кіраўніка не такі просты, гэта цяжкая і напружаная праца. Толькі той, хто выстаіць выпрабаванні дзяржаўнай уладай і часам, захаваўшы гонар мундзіра, зможа выйсці на высокі ўзровень прыняцця адказных і лёсавызначальных рашэнняў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А заваёўваць давер можна толькі канкрэтнымі вынікамі. Менавіта такія крытэрыі ў аснове дзяржаўнай кадравай палітыкі. Яны ўніверсальныя і адпавядаюць духу часу».

Паводле слоў Прэзідэнта, яму часта даводзіцца чуць аб імкненні чыноўнікаў выканаць пэўную задачу, але пры гэтым не заўсёды дасягаецца эфектыўны вынік. «Настаў час канкрэтных вынікаў. А як вы рабілі або наогул нічога не рабілі — гэта вашы праблемы, — заўважыў ён. — Час выстаўляе строгія патрабаванні да кіравання і кіраўніцкіх кадраў».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў значнае амаладжэнне кадравага складу дзяржаўных органаў, звярнуўшы ўвагу, што ў гэтым працэсе важна ўлічваць не толькі ўзрост, але адбіраць спецыялістаў высокай кваліфікацыі.

«Рост нацыянальнай эканомікі, узровень дабрабыту грамадзян і пазіцыя краіны на міжнароднай арэне шмат у чым вызначаюць вынікі работы нас, упраўленцаў, цяперашніх і будучых. Ад іх умення стратэгічна думаць, папярэджваць або своечасова вырашаць праблемы таксама залежаць стабільнасць і згода нашага грамадства, — падкрэсліў Прэзідэнт. — На прыкладзе асобных краін сёння мы бачым, што ўжо не толькі прыродныя багацці або фінансавыя капіталы з’яўляюцца крыніцай канкурэнтных пераваг. Галоўнай умовай імклівага развіцця дзяржаў з’яўляюцца спецыялісты, прафесіяналы высокага ўзроўню».

Лукашэнка выказаўся аб распрацоўцы новага закона аб дзяржслужбе

Прэзідэнт адзначыў, што дзеючы закон аб дзяржслужбе прыняты больш за 15 гадоў таму. Але ў змененых сацыяльных і эканамічных умовах ён патрабуе перагляду. «Неабходна ўлічыць практыку яго прымянення, а таксама актуальнасць вызначэння новых перспектыўных напрамкаў развіцця інстытута дзяржаўнай службы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Распрацаваць новы закон аб дзяржслужбе Прэзідэнт даручаў ужо даўно. Гэтым пытаннем займаецца рабочая група з вучоных і экспертаў, у большасці не дзяржслужачыя, «каб не было закона пад сябе». У студзені 2019 года падрыхтаваны законапраект быў разгледжаны на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. «Не ўсе пытанні канчаткова вырашаны. Але работа прадаўжаецца. Нам давядзецца вырашыць канкрэтныя задачы: збліжэнне рэгламентацыі розных відаў дзяржаўнай службы, павышэнне службовай дысцыпліны, замацаванне комплексу матэрыяльных і сацыяльных гарантый, прызначаных кампенсаваць ускладаемыя на дзяржслужачых абмежаванні», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, будучы закон павінен стаць адзіным дакументам, які комплексна ўрэгулюе працэс праходжання дзяржаўнай службы, выключаючы неабходнасць звяртання да мноства падзаконных і ведамасных актаў. «Мы ў першую чаргу павінны зыходзіць не з пераймання нейкіх замежных мадэлей — многія з іх не адпавядаюць спецыфіцы айчыннай кіраўніцкай сістэмы, а з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што сістэма дзяржаўнай службы ў прынцыпе не можа быць статычнай, таму што жыццё імкліва развіваецца. «Задача кіраўніцкай вертыкалі — быць наперадзе тэндэнцый і выклікаў ужо не заўтрашняга, а паслязаўтрашняга дня. Удасканаленне гэтай сістэмы — працэс бесперапынны. Таму пытанні вызначэння крытэрыяў падбору кадраў, механізмаў іх ратацыі, новых падыходаў да фарміравання кадравага рэзерву заўсёды  будуць патрабаваць нашай пастаяннай увагі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.