35 маладых спецыялістаў-медыкаў

прыехалі сёлета на працу ў раён, 11 з іх – урачы. Гэта хірургі,
адзін з якіх будзе працаваць і анколагам на палову стаўкі, урачы агульнай практыкі, псіхіятр-нарколаг, неўролаг, рэнтгенолаг, інфекцыяніст.
16 кастрычніка ў Івацэвічах адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды пасвячэнне ў прафесію маладых медыцынскіх работнікаў, якія ў гэтым годзе прыехалі на працу ў наш раён.
Яно стала добрай традыцыяй і штогод ладзіцца ў новым фармаце. Сёлета маладым спецыялістам прапанавалі наведаць Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей для экскурсіі і сустрэчы з адміністрацыяй раённай бальніцы пасля яе.
Зараз у музеі ладзіцца выстаўка археалагічных знаходак, а таксама карцін Віктара Такарчука і Анатолія Галушкі. Падчас экскурсій маладыя людзі здабывалі і агонь, як рабіў тое першабытны чалавек, і новыя веды пра наш край, уважліва слухаючы экскурсаводаў. На вялікім экране ў адной з музейных залаў ім прадэманстравалі фільм пра ўнікальны мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» і запрасілі наведаць яго ў вольны час.
Падчас мерапрыемства вітаў моладзь намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Аляксандр Машко. Ён зазначыў, што маладыя людзі трапілі ў цікавы раён, і выказаў надзею, што большасць з прысутных застанецца тут жыць. Раённая бальніца дае добрую падрыхтоўку, і гэтым варта скарыстацца. У якасці слова на дарогу Аляксандр Анатольевіч агучыў малітву ўрача, вядомую яшчэ з сярэдніх вякоў. 
У асноўным урачы будуць працаваць у паліклініцы і стацыянары раённай бальніцы. Але двое ўрачоў прыбылі на работу ў Целяханскую бальніцу,
адзін – у Быценскую амбулаторыю агульнай практыкі. Як расказаў карэспандэнту «ІВ» старшыня прафсаюзнай арганізацыі і загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Вячаслаў Жагальскі, адміністрацыя бальніцы імкнецца стварыць усе ўмовы для таго, каб маладыя спецыялісты заставаліся працаваць у раёне пасля адпрацоўкі. Напачатку іх працоўнага шляху ім аказваецца дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання – усім маладым спецыялістам прапаноўваецца ці месца ў інтэрнаце, ці арэнднае жыллё. За кожным маладым спецыялістам загадам галоўнага ўрача замацаваны настаўнік, які і падкажа, і дапаможа, і пракантралюе.
 Прафсаюз можа прапанаваць некаторыя бонусы сваім членам, напрыклад, аплаціць палову абанемента на наведванне плавальнага басейна. І ўвогуле аказаць падтрымку моладзі ў вырашэнні пытанняў, якія могуць узнікнуць на першым працоўным месцы.
Напрыканцы мерапрыемства маладым спецыялістам былі ўручаны сувеніры ад прафсаюза раённай бальніцы. А пасля яны змаглі пагутарыць за гарбатай у нефармальнай абстаноўцы, пазнаёміцца бліжэй. Дзяўчаты і хлопцы яшчэ ўчора былі студэнтамі, цяпер калегі, але многія стануць і сябрамі. Першыя гады работы – гэта цікавы час, час новых знаёмстваў, новых адкрыццяў і ўражанняў ад жыцця.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.