Вучні Хадакоўскай школы прынялі ўдзел у акцыі «Чысты лес»

Сёння як ніколі востра стаяць праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя. Надышоў час, калі мы павінны вырашыць, ці захаваць нам прыроду і тым самым атрымаць магчымасць выжыць, ці загінуць у страшэннай экалагічнай катастрофе.

Хто вінаваты, што сёння лес – забруджаная тэрыторыя,на якой можна ўбачыць кучы смецця, памыйныя ямы, па- дзікунску ссечаныя дрэвы і разбураныя мурашнікі? Хто вінаваты, што з кожным днём знікае вакол гарадоў напоенае духмянасцю раслін чыстае паветра? Чалавек. Мы. А прырода церпіць і маўчыць….

Ніколі  не трэба забываць, што нас нарадзіла прырода, якая дала нам магчымасць жыць, бачыць, радавацца, марыць.

Прырода – гэта агульны дом, які не церпіць раўнадушша. Мы патрэбны яму, асабліва ў такі складаны і супярэчлівы час, а ён патрэбен нам, бо пакуль толькі мы зможам выратаваць гэты велізарны храм, выратаваць ад нас жа саміх…

Як правільна і разумна робяць арганізатары конкурсу, якія штогод праводзяць рэспубліканскую акцыю “Чысты лес”, накіраваную на папулярызацыю беражлівых адносін да лесу сярод падрастаючага пакалення; далучэнне школьнікаў да прыродаахоўнай дзейнасці; развіццё ў падлеткаў пачуцця прыналежнасці да рашэння экалагічных праблем.

Наша школа знаходзіцца ў маляўнічым лясным куточку Жытлінскага лясніцтва Івацэвіцкага раёна. Надвор’е сонечнае, цудоўнае, добрае. Мы ўзялі з сабой цёплы чай, бутэрброды. На тэрыторыі лясніцтва прыветліва сустрэў нас ляснічы гаспадаркі Віталій Нікіфаравіч Стральчук, які павёў гутарку з намі пра беражлівыя адносіны да прыроды, пра захаванне чысціні і парадку ў лесе.

Нягледзячы на тое, што школа наша малалікая, але вучні і настаўнікі  ніколі не застаюцца ўбаку ад тых мерапрыемстваў, якія прапануе і арганізоўвае кіраўніцтва Жытлінскага лясніцтва.

Вось і сёлета, 19 кастрычніка, мы прынялі ўдзел у рэспубліканскай добраахвотнай экалагічнай акцыі “Чысты лес-2019”. Нам прадставіўся выпадак папрацаваць на тэрыторыі лясніцтва. Вучні

7, 9 класаў ДУА “Хадакоўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа” разам з дырэктарам школы І.А.Жабінскай і настаўнікамі Л.Ф.Міраноўскай і Н.М.Басалай і працаўнікі лясніцтва на чале з ляснічым В.Н.Стральчуком ачышчалі саджалку, якая знаходзіцца на ўскрайку аграгарадка, ад смецця і захламленасці. Былі высечаны, знесены ў кучы і спалены дзікарослыя кусты. Асобна сабраны пластыкавыя і шкляныя бутэлькі.

Акрамя таго кожны год школа прымае актыўны ўдзел у пасадцы лясных культур. Агульнымі намаганнямі было пасаджана каля 8 тысяч бярозак і сасонак.

Кіраўніцтва Жытлінскага лясніцтва і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў ДЛГУ ”Івацэвіцкі лясгас” С.С.Касцюкевіч выразілі вялікую падзяку  ўдзельнікам добраахвотнай акцыі. Усе атрымалі невялікі сувенір, як падарунак за ўдзел у добраахвотнай  экалагічнай акцыі “Чысты лес”.

Папрацавалі на славу, стаміліся, але вынікамі працы засталіся задаволены.

Мы хочам, каб наваколле  было  чыстае і прыгожае.

 

Ангеліна  Міраноўская, вучаніца

ДУА “Хадакоўскі вучэбна-педагагічны комплекс

дзіцячы сад-базавая школа”.