Украў, выпіў — у турму…

…Жыхару Івацэвічаў В. Б. толькі споўнілася 19 гадоў. Гэты малады чалавек, які нарадзіўся ў новым тысячагоддзі – у 2000 годзе, меў не знятую і не пагашаную судзімасць, але на шлях выпраўлення не стаў, выношваючы планы на новыя крымінальныя ўчынкі.
Так, у адну з чэрвеньскіх начэй бягучага года ён папрасіў свайго знаёмага завезці яго ў вёску Халап’я. Ненадоўга, маўляў, трэба забраць доўг – і вернемся назад. Прыехалі ў Халап’ю: В. Б. выйшаў з аўто, папрасіў сябра пачакаць у машыне, а сам рушыў да прыватнага дома па вул. Вясёлая – дома, які яшчэ будуецца. Знайшоў малаток, з яго дапамогай узламаў і адкрыў навясны замок на гаражы, зайшоў унутр, падсвяціў сабе ліхтарыкам, які ёсць на мабільным тэлефоне, і забраў трымер, апырсквальнік і іншыя бытавыя рэчы. Вадзіцелю аўтамабіля патлумачыў, што гаспадар яму аддаў гэтыя рэчы як разлік за зробленую работу. На наступны дзень украдзеныя трымер, апырсквальнік і іншая бытавая дробязь былі прададзены.
Цераз восем дзён В. Б. паўтарыў «манеўр»: зноў папрасіў сябра завезці яго ў Халап’ю, пачакаць у аўтамабілі, пакуль ён не забярэ яшчэ адзін «доўг». Пакуль сябра чакаў у аўто, В. Б. рушыў да дома свайго знаёмага Л., які, як ён ведаў, знаходзіцца ў камандзіроўцы. Падышоў, пастукаў у дзверы – цішыня. Тады з дапамогай адвёрткі ён адкрыў акно, забраўся ў дом. Знахо-
дзячыся ў адным з пакояў, звярнуў увагу на стол, шуфляда якога была закрыта на ключ. Гэта зацікавіла зло-
дзея, ён узламаў шуфляду, дзе знаходзіліся 1000 долараў ЗША. Забраў іх, як і шурупавёрт, што знаходзіўся ў доме. Вылез праз акно, вярнуўся да аўто, патлумачыў сябру, што з ім зноў разлічыліся.
У хуткім часе В. Б. з украдзенымі грашыма з’ехаў у Баранавічы, дзе «адпачываў па поўнай праграме», затым пераехаў у Магілёў, дзе з сябрамі траціў грошы на спіртныя напоі, прадукты харчавання… У Івацэвічы вярнуўся прыкладна праз тыдзень; яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Была ўзбуджана крымінальная справа, В. Б. чыстасардэчна ва ўсім прызнаўся, раскаяўся і нават часткова пагасіў нанесеную шкоду…
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў В. Б. вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 2,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Як старшыня суда і грамадзянін сваёй краіны з сумам успрымаеш падобную рэчаіснасць. У такім узросце – у 19 гадоў – трэба, каб малады чалавек атрымліваў прафесію, павышаў свой адукацыйны ўзровень. Не турэмныя калідоры, а калідоры вучылішчаў, тэхнікумаў ці інстытутаў чакаюць маладых людзей!
Ды толькі на справе часта ўсё аказваецца інакш.

Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.