Юндилы Ивацевичи

На гэтым здымку — графіня і малады граф Юндзілы!

Так, тыя самыя Юндзілы, якім належаў маёнтак Івацэвічы ад 1654 года

Канешне, на гэтым здымку не самыя першыя ўладальнікі. Апошнія. Меркавана, у цэнтры здымка стаіць сама графіня Юндзіл, поруч з ёй – яе сын, граф Юндзіл.
Нагадаем, Юндзілы – вядомы шляхецкі род у Вялікім Княстве Літоўскі, існаваў ад 14-га стагоддзя.
Гісторыя нашага краю непарыўна звязана з гэтым родам. Напрыклад, Бусяж як маёнтак належаў гэтаксама роду Юндзілаў, Францішак Юндзіл – актыўны
ўдзельнік паўстання Каліноўскага ў 1863-1864 гадах, ягонае жыццё цалкам было прысвечана барацьбе за вольнасць. Дапамагалі яму ў яго барацьбе і браты – Канстанцін і Валер’ян. Дарэчы, Канстанціну Юндзілу належыў маёнтак Югалін, які пасля паражэння паўстання быў канфіскаваны царскай уладай.
Маёнтак у Івацэвічах застаецца ў Юндзілаў. Ён пачынае расці, будуюцца новыя прадпрыемствы: цагельня, бровар, сукнаваляльня. Пасля адкрыцця чыгункі, якая прайшла праз Івацэвічы, будуецца станцыя, узнікае рабочы пасёлак.
Былая сядзіба ў Івацэвічах, якая стала бальніцай у 1939 годзе – адзінае, што засталося ад некалішняга маёнтка Юндзілаў. Сёння будынак чакае сваёй рэстаўрацыі.
Сцяпан Куніцкі, былы настаўнік Дабромысленскай школы, сёння ўвесь свой вольны час аддае роднай зямлі. Любоў да роднага краю ў гэтага чалавека арганічна вылілася ў збіральніцтва гістарычных фактаў і артэфактаў. Мы ўжо дзяліліся на старонках раёнкі знаходкамі паважанага краязнаўцы, а колькасць і значнасць іх толькі расце. Ён пачаў, людзі пачулі, і цяпер самі прапаноўваюць, паведамляюць Сцяпану Пятровічу аб знаходках.
І вось – чарговая нечаканая цікавостка.
Жанчына, якая перадала гэты фотаздымак Сцяпану Пятровічу Куніцкаму, сказала: «Мая мама казала. Што на гэтым здымку граф і графіня Юндзілы. Быццам здымак зроблены на сядзібе ў Грудопалі».
На жаль, выяў сядзібы ў Грудопалі ў архівах не захавалася.
Але вось што кідаецца ў вочы – ганак сядзібы. Вам не здаецца, што ён вам знаёмы?
Гэта амаль адзін у адзін ганак некалішняга тэрапеўтычнага аддзялення! Колькасць ступеняў – супадае, колькасць ступеняў адносна бакавых узвышэнняў на ганку – супадае.
Па дзве калоны па баках – супадае.
Вышыня дзвярэй, іх форма і шырыня – супадае.
Вокны – супадае. Вышыня акон адносна іх размяшчэння над цокалем – супадае, іх шырыня – супадае з сучаснымі.
Цікавае афармленне пад вокнамі – супадае. Афармленне цокаля – супадае. Невялікае акенца ў падвальнае памяшканне – супадае.
Цалкам – няма сумненняў, што гэты здымак быў зроблены на ганку сядзібы Юндзілаў.
І значыць, няма сумненняў, што ў цэнтры – гаспадары сядзібы, граф і графіня Юндзілы.
Вам цікава, што гэта за дзеці ў такой форме?
Гэта – польскія піянеры, ці як цяпер прынята называць, скаўты. Называліся яны харцэрамі. Харцэры (харцэжы) – паходзіць ад польскага слова «гарцоўнік», якое абазначала рыцараў, якія ішлі паперадзе асноўнага войска і прымалі першымі бой з ворагам. Карацей, тыя, хто ідуць першымі.
Дзейнічала арганізацыя харцэраў і на нашай тэрыторыі, уваходзілі ў яе, мяркуецца, дзеці польскіх асаднікаў, але цалкам магчыма, што маглі там быць і дзеці беларусаў. Яшчэ цікавы факт: эмблема харцэраў – лілія, амаль такая ж, як на сённяшнім гербе Івацэвіцкага раёна, толькі не сіметрычная. Лілія была і на гербе Юндзілаў.
Таму сёння мы звяртаемся да вас, паважаныя чытачы. Цалкам верагодна, што ў некага яшчэ дома захаваўся падобны фотаздымак. Бо калі адзін трапіў «у народ», мажліва, кожнаму з тагачасных піянераў, гасцей графаў Юндзілаў, была зроблена такая фотакартачка. І магчыма, на ёй будзе надпіс на зваротным баку, як часам рабілі нашы людзі. Таму просім вас перагледзець свае сямейныя рэліквіі.
Валерый Гапееў.