Экзатычны эксперымент

На тэрыторыі Быценьскага дрэвапераапрацоўчага завода з’явіліся заморскія «навасёлы» – 46 саджанцаў дрэўцаў паўлоўнія ці Адамава дрэва. Радзіма Паўлоўніі – краіны далёкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі: Кітай, Тайвань, Лаос і В’етнам. Цяпер паспяхова расце на Каўказе, паўднёвым беразе Крыму, на захадзе і поўдні Украіны.

Гэта род хуткарослых дрэў. Паўлоўнія можа дасягаць 27 м у вышыню і ад 7 да 20 м у дыяметры. Лісце дасягае шырыні 40 см. Добра расце на забруджаных глебах і каля забруджаных крыніц, ачышчае зямлю. Гэта сапраўды ўнікальны від дрэў, бо яны выпрацоўваюць вялікую колькасць кіслароду і паглынаюць у дзесяць разоў больш вуглякіслага газу, чым іншыя дрэвы. За таго, што дрэвы вельмі хутка растуць, іх выкарыстоўваюць у азеляненні шматлікіх еўрапейскіх сталіц , так, напрыклад, Елісейскія палі ў Парыжы засаджаны менавіта паўлоўніяй. Паўлоўнія мае лёгкую, трывалую, практычна воданепранікальную драўніну, якая да таго ж мае высокія акустычныя ўласцівасці. Гэтыя перавагі забяспечваюць шырокі дыяпазон яе прымянення: паўлоўнія выкарыстоўваецца ў вытворчасці біяпаліва, цэлюлозы, аздобных матэрыялаў, мэблі і паркету. З яе вырабляюць дошкі для сёрфінгу, лыжы і сноўборды, музычныя інструменты. Будуюць марскія судны і лодкі, лазні, выкарыстоўваюць у аўта- і авіябудаванні.

Як расказала дырэктар ЗТАА «Быценьскі дрэвапераапрацоўчы завод» Алена Троцкая, дрэўцы высадзілі не толькі для прыгажосці і азелянення, а і для эксперыменту – паглядзець, як экзатычныя дрэвы перанясуць беларускую зіму. Калі ж яны стойка вытрымаюць яе і пойдуць у рост, то, магчыма, будзе разглядацца пытанне, каб засадзіць паўлоўніяй большыя плошчы і выкарыстоўваць гэтую драўніну на сваёй вытворчасці, бо ў ва ўсім свеце і сама драўніна і вырабы з яе цэняцца вельмі высока.

Ганна Ільяшэвіч.