Цёплы «Дзень здароўя»

У Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэцы №9 час ад часу ладзяцца «Дні здароўя», і адно з такіх мерапрыемстваў правялі на мінулым тыдні, 6 лістапада.
І хоць дзень выдаўся дажджлівы, у аптэцы ўсё роўна было шматлюдна. Хтосьці прыйшоў сюды мэтанакіравана – за кансультацыяй і інфармацыяй, а хтосьці завітаў выпадкова, каб купіць лекі, а яго сустракалі з кавай і ўсмешкай, як дарагога госця.
Дзве гадзіны работнікі аптэкі разам з прадстаўнікамі віцебскага фармацэўтычнага завода «Рубікон» гутарылі з наведвальнікамі: адказвалі на пытанні, расказвалі пра перавагі медыцынскіх прэпаратаў айчыннай вытворчасці, рэкламавалі некаторыя з іх, знаёмілі з сістэмай «Электронны рэцэпт» і частавалі чаем, кавай, цукеркамі. Як заўсёды, на «Дзень здароўя» былі запрошаны медыцынскія работнікі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», якія вымяралі ціск усім жадаючым, кансультавалі.
Раздавалі падчас «Дня здароўя» і брашуры з інфармацыяй пра электронны рэцэпт, які не толькі дае магчымасць набываць лекі са зніжкамі, але і дапамагае ўрачу сачыць за ходам лячэння, бо той у сябе на камп’ютары бачыць, ці набываліся лекі, колькі, калі.
Трэба сказаць, што ў той дзень у аптэцы было цёпла, і не толькі ад таго, што спраўна працавала сістэма ацяплення. Найперш ад таго, што да людзей ставіліся з увагай, выслухалі, каму і паспачувалі, далі добрую параду, пачаставалі, пасмяяліся разам. Цвіком праграмы было сланяня «Руферончык» – у такі касцюм апранаецца падчас прэзентацый адзін з супрацоўнікаў «Рубікона». Чакалася, што будзе многа дзяцей, якім прыйдзецца даспадобы такая вялікая мяккая цацка, але ішоў дождж, і з «Руферончыкам» актыўна фатаграфаваліся дарослыя.
– Імкнуліся правесці «Дзень здароўя» менавіта напярэдадні 7 лістапада, напярэдадні свята, – кажа Наталля Азарка. – Людзі сталага ўзросту памятаюць, як святкавалі гэты дзень раней, і хацелася ўручыць ім і сцяжок, і паветраны шарык, каб згадалі яны маладосць, каб быў у іх добры настрой. Бо добры настрой – таксама заклад здароўя.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.