Грамы і мегатоны

Фундаментальная фізіка – навука пра тое, што наўрад ці калі можа скарыстаць чалавек. Напрыклад, яна вывучае сусвет: як ён узнік, як жыве, калі знікне. Разам з тым, у аснове гэтай навукі – строгая матэматыка, дакладныя разлікі, формулы…

Апошнім часам Сусвет паставіў перад вучонымі задачку – усё быццам і працуе па законах, але зірнулі пільней і ўбачылі: нейкія законы працаваць у прынцыпе не могуць. Калі толькі не існуе нешта яшчэ, дагэтуль невядомае. Пачалі вучоныя капаць у гэтым кірунку і ахнулі: для існавання сусвету ў тым выглядзе, які ён мае, неабходна нешта, чаго мы бачыць пакуль не можам, памацаць нам яго нельга. Толькі ведаем, што яно ёсць і ў яго ёсць маса. Вучоныя назвалі гэта цёмнай матэрыяй. І калі палічылі, дык тая цёмная матэрыя ў сусвеце складае да 70 працэнтаў усяго, што мае масу.
Цікава, як атрымалася: ведаюць, што яна – цёмная матэрыя – прысутнічае, палічылі яе масу, пабачылі, як яна ўплывае на сусвет – і пры гэтым яе нельга вызначыць ніякім прыборам. Нябачная, нячутная, нефіксуемая – але яна ёсць!
…Пасля гэтага пра душу падумалася. Верым, што яна ёсць, бывае, што яна ў нас баліць. А ніхто не бачыў яе, не мацаў. Ніякім прыборам не фіксаваў.
Вось каб вучоныя ўшчыльную заняліся гэтым пытаннем – хіба б не даказалі матэматычна, што яна ёсць?
Дарэчы, спробы даказаць наяўнасць душы рабілася яшчэ ў 19-м стагоддзі. Клалі цяжкахворага чалавека на вагі, у момант смерці фіксавалі змяншэння масы цела – ад 4 да 21 грама. Зараз такіх вымярэнняў не робяць. Мабыць. таму, што далёка не этычна гэта – моўчкі назіраць і фіксаваць смерць чалавека. Але іншы эксперыментатар вывучаў змяненне масы цела чалавека падчас сну. Аказалася, таксама чалавек робіцца быццам бы лягчэйшым на 6-20 грамаў. Мабыць, гуляе недзе душа яго ў гэты час.
І ўсё ж… Калі б не адзіночкі-эксперыментатары, а які навуковы інстытут узяўся шукаць душу, хіба б не знайшоў? У космасе знайшлі тое, чаго ні ўбачыць, ні памацаць, а тут – усё побач. Уяўляеце, у нейкі дзень па ўсіх каналах навін: вучоныя даказалі, што ў чалавека ёсць душа, яна можа гэта і гэта, яна робіць тое і тое. Навуковы факт, вось вам формулы, вось уласцівасці, вось прынцыпы ўзаемадзеяння…
Чаму ж не шукаюць?
Ці не таму, што тыя мільярды тон цёмнай матэрыі лягчэй выявіць у сусвеце, чым шэсць грамаў душы ў адным чалавеку?

Наш сужыцель
Калі ён пачынае гаварыць нешта цікавае, дык маці кідае з дачкой рабіць урокі, бацька спыняе гаворку з сынам пра рыбалку на выхадныя. Гаворыць ён многа і пра ўсё на свеце. Дасведчаны, эрудзіраваны, ніяк не стамляецца.
Ён бывае не толькі цікавым. Бывае жорсткім і грубым, бывае элементарна пошлым, жартуе «ніжэй пояса» так, што іншым разам чырванеюць бацькі, калі чуюць ягоныя жартачкі разам з дзецьмі.
Ён не саромеецца расказаць пра страшны гвалт, раскажа пра страшныя забойствы (самыя рэальныя), ды яшчэ смакуючы падрабязнасці.
А яшчэ яго лёгка злавіць на хлусні: вось тут кажа пра белае, што яно – чорнае, а вось тут – пра чорнае, што яно белае. І спрачацца з ім дарэмна…
Калі нам лянотна, калі мы надта занятыя, мы давяраем яму сваё 3-гадовае дзіця – на паўгадзіны, гадзіну і болей.
Мы плацім, каб ён заставаўся з намі ў доме.
Ён аднімае ў нас безліч часу. Калі мы задумваемся, выяўляецца, што менавіта ён фарміруе наша разуменне пра свет вакол нас. Ён больш выхоўвае нашых дзяцей, чым мы самі.
Ён – наш тэлевізар.

Не ў свяце сэнс
Сярод усякіх водгукаў аб святкаванні 500-годдзя Івацэвічаў давялося чуць і
кшталту такога: навошта столькі грошай патрацілі, лепш бы… І далей ішоў пералік таго, куды, у суадноснасці з кампетэнтнасцю ў грамадскіх справах суразмоўцы, варта было б укласці грошы. Запомніўся адзін дыялог, мужа і жонкі, гадоў па трыццаць абаім. Яны размаўлялі гучна за маёй спінай, пакуль дзіця гушкалася на батуце.
– Хай бы лепш вуліцу нашу заасфальтавалі, яміна на яміне, – казаў ён буркліва.
– Вуліцу і праз год паправяць, а свята ўжо не правядзеш пасля, – парыравала яна.
– Ну і абышліся б! Мала ў нас вуліц, дзе асфальт трэба? – не здаваўся ён.
Яна памаўчала хвіліну, спытала:
– Ты ведаеш, колькі каштаваў мой вясельны букет? А прычоска? А сукенка, якую я прадала ў два разы танней пасля вяселля? А туфелькі?
– Што ты, хочаш сказаць, што нам не трэба было рабіць вяселля? – разгубіўся ён.
– Ды не. Мне можна было б апрануць звычайную сукенку, раз надзяваную. І самой накруціць валасы на плойцы. Тры простых ружы купіць. Абысціся без вэлюму. Навошта быў той клопат з упрыгожваннем залы, з тымі прызамі, караваем, розыгрышамі? Сабраліся, мы пацалаваліся, госці выпілі, патанчылі – хопіць! Ды, урэшце, калі б без вяселля, дык што? Мы б столькі грошай для свайго дома зэканомілі!
– Ну, ты скажаш… Вяселле – адно за жыццё!
– А пяцісотгоддзяў бывае некалькі? Ды і хіба сэнс у свяце, у вяселлі?
– А ў чым тады?
– Не ведаю… Мабыць, у нечым іншым…
Умяшацца ў размову мне было нетактоўна. То раптам пачытаюць яны гэтыя нататкі, згадаюць.
Бо ж і насамрэч, сэнс не ў свяце.
І гэта пабачылі вучоныя, калі даследавалі святы дахрысціянскага перыяду, калі імкнуліся асэнсаваць цяперашнія царкоўныя святы.
Сэнс – у падрыхтоўцы да свята.
Калі грамадства аб’ядноўваецца ў сваім намаганні дайсці да дня «Х», так і такімі, як таго патрабуе традыцыя і абрад.
Перадсвяточныя дні – дні духоўнага і грамадскага яднання, дні, дзе над усімі розумамі ўладарыць адна мэта, дзе адно чаканне – на ўсіх.
Таму тыдзень перад Вялікаднем больш важны духоўна для чалавека, чым сам Вялікдзень.
Свята адбываецца тады і толькі тады, калі да яго рыхтуюцца.
Ці то трымаюцца строга посту, ці мыюць да бляску хату, ці абнаўляюць гарадскія вуліцы…

«Табе з ёй жыць»
Колькі часу мінула, а помніцца: старэйшы брат прывёз дзяўчыну сваю знаёміць з бацькамі. І пасля агульнай вячэры асцярожна, каб яна не чула, пытаецца ў маці: «Ну, як яна табе, мама?» А маці ў адказ: «Табе ж, сынок, з ёй жыць».
Жонка для мужа што муж для жонкі – у дзвюх іпастасях. Першая – што можа ў справах хатніх рабіць, які гаспадар-гаспадыня, у чым майстар. Карацей, якая карысць. А другая – як на сям’ю глядзіць, як жыць плануе, будучыню як бачыць?
І мы на кандыдата ў дэпутаты так гля-
дзім. Першае – чым можа тут, на месцы, пасобіць, якія справы бярэцца вырашыць, што яму баліць? Другое: якой нашу будучыню бачыць, на што акцэнт ставіць у сваёй магчымай дэпутацкай дзейнасці.
Нам і тое, і другое важнае.
Вось адзін у праграме абяцае нешта прадметнае і патрэбнае. Добра, што абяцае. Як не стане выконваць, дык і адазваць можна.
І другі нешта абяцае. Праўда, трошкі дзіўнае. Напрыклад, «дабіцца якаснай працы станцыі абезжалезвання вады ў Івацэвічах». Напалохаў, далібог. А калі яна пачала працаваць няякасна? Гэта чаму наша вада раптам стала не пітной, а тэхнічнай?
Прабачце, у такім разе можна б было паабяцаць… Ну, дабіцца росту дрэўцаў у новым парку. Яны то, канешне, і самі растуць, але ж калі падрастуць за чатыры гады, дык я вам нагадаю, што таксама гэтага дабіваўся. А паколькі падраслі, значыць, абяцанне выканаў.
Ёсць у праграме гэтага кандыдата адзін момант, які мяне больш чым насцярожыў. Гэта – «рэформа сістэмы аховы здароўя і адукацыі». Пра ахову здароўя – памаўчым, а вось пра адукацыю… Бедная наша адукацыя! Колькі рэформаў яна перажыла за апошнія гады! Што ні новы міністр – то нешта новае. Далібог, так хочацца даць па руках, якія цягнуцца да кнопкі «рэформа», і сказаць: годзе, дайце школам і настаўнікам спакойна працаваць!
Чатыры заканадаўчыя гады – не дробязь. І адзін закон прыняўшы, можна такіх дроў наламаць, што пяццю дэкрэтамі не паправіш. А дэпутат – гэта зусім не той, які далёка ад нас засядае недзе. Гэта той, з кім нам жыць. Няхай не наш сямейнік, але на кожную сям’ю ягоная дзейнасць паўплывае…
Валерый ГАПЕЕў.