У падарунак — пажарны апавяшчальнік

Раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях у рамках акцыі «Белая Русь» – з клопатам і ўвагай» правялі мерапрыемствы па ўсталяванні аўтаномных пажарных ававяшчальнікаў у домаўладаннях пажылых грамадзян і інвалідаў.

Так, на тэрыторыі Быценскага, Волькаўскага, Даманаўскага і Любішчыцкага сельсаветаў былі ўстаноўлены 20 пажарных апавяшчальнікаў. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – адзін з найбольш эфектыўных сродкаў па папярэджанні гібелі людзей ад пажараў, паколькі ён можа рэагаваць на дым на ранняй стадыі ўзгарання і здольны  гукавым сігналам трывогі своечасова папярэдзіць жыхароў пра пагрозу пажару. Гучнасць і частата гуку ў апавяшчальніка такая, што ён здольны абудзіць нават моцна спячага чалавека. Ёсць нямала прыкладаў таго, як пажарны апавяшчальнік выратаваў чалавечае жыццё, своечасова абудзіўшы гаспадароў.

Пажылых і інвалідаў наведвала група ў складзе  работнікаў сельвыканкамаў, прадстаўнікоў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і супрацоўнікаў РАНС. Яны нагадвалі аб нумарах тэлефонаў экстраных службаў, аб правілах карыстання электрапрыборамі. Усталяваўшы аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, патлумачылі прынцып іх работы і немудрагелістыя правілы па яго выкарыстанні.

Гаспадары дзякавалі за ўвагу і за  падарунак, які можа ўратаваць жыццё, – аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.