«Там, дзе Грыўда і Шчара»

Пад такой назвай у выдавецтве “Альтэрнатыва” (г.Брэст) выйшаў першы літаратурны альманах Івацэвіччыны.
Невялікая, светлая кніжка на 200 старонак. На вокладцы – такі знаёмы многім краявід – паўнаводная Шчара адлюстроўвае ў сваёй чыстай вадзе глыбіню сіняга неба.

А на зваротным баку вокладкі – 15 фотаздымкаў. 15 многім знаёмых твараў паэтаў і празаікаў Івацэвіччыны.

Гэта: Пятро Валінскі, Анатоль Галушка, Валерый Гапееў, Алесь Зайка, Людміла Занько, Таццяна Куратнік, Сцяпан Кухарчук, Надзея Кухценя, Уладзімір Мароз, Юрась Нераток, Вольга Пагуда, Фёдар Палто, Віктар Радынь, Віктар Рэчыц, Анжэліка Шыманчык.
Наша Івацэвіцкая зямля багатая на літаратурную спадчыну. Мы ганарымся сёння імёнамі нашых славутых землякоў-літаратараў – Піліпам Пестраком, Яраславам Пархутай…

І першы наш калектыўны літаратурны зборнік сведчыць аб тым, што ёсць каму доўжыць традыцыю, ёсць каму шчырым мастацкім словам уславіць родную зямлю і само жыццё.

Укладальнік кнігі Валерый Гапееў.