Народнаму інструментальнаму ансамблю “Гоман” – 40 гадоў

Народны інструментальны ансамбль “Гоман” свой  пачатак бярэ з 1979 года. Многа музыкантаў за гэтыя гады раздзялялі творчы шлях ансамбля. Многія лічаць “Гоман” сваім родным калектывам, сваёй сям’ёй. У рэпертуары – народныя песні і джазавыя кампазіцыі, мелодыі з любімых кінафільмаў, творы класікаў і мэтраў эстрады.

Першы кіраўнік ансамбля – Антаніна Дылько. Яна і сёння – першы і галоўны баян.

З дня заснавання іграюць і спяваюць у ансамблі Наталля Галоўчыц, Валянціна Бароўская, Зоя Растова. Вялікая ўдзячнасць былым удзельнікам калектыву: Раману Кандаронку, Генадзю Глінскаму, Таццяне Говін, Людміле Хітровай, Галіне Худзінскай, Вячаславу Каліноўскаму, Людміле Зыбайла…

Важным этапам для інструментальнага ансамбля стала абарона звання народны. Гэта адбылося ў 1994 годзе, калі кіраўніком ансамбля была Алена Жыцянёва, якая цяпер паспяхова працуе ў Целяханскай ДШМ выкладчыкам па класе домры.

Абараніў званне “народны” “Гоман” ад Косаўскага ГДК, хаця асноўная маса ўдзельнікаў – выкладчыкі Косаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Наталія Бусяцкая кіруе ансамблем “Гоман” 16 гадоў. На сённяшні дзень у “Гомане” 20 інструменталістаў і салістаў. Ансамбль іграе не толькі ў поўным складзе, а і з яго іграюць і спяваюць дуэтамі, сольна, інструментальнымі групамі…  Кожны інструмент і кожны ўдзельнік ансамбля грае сваю асаблівую ролю ў гучанні музычных твораў.  Публіка з удзячнасцю шчыра апладзіруе таленавітым артыстам, бо нямногія сёння здольны даваць жывыя канцэртныя праграмы.

У ансамблі іграе і спявае хормайстра ГДК Сяргей Клімуш, з г.Івацэвічы прыязджае Аляксандр Серада, які валодае не толькі некалькімі інструментамі, але і шмат спявае. Многа гадоў у калектыве іграў на ўдарных інструментах Аляксандр Мохаў (на жаль, яго ўжо няма). Аляксандр Савіцкі не толькі цудоўны саліст, але і кіраўнік вакальнага ансамбля “Мелодыя”, які заўсёды ўпрыгожвае канцэрты цудоўнымі песнямі. На мужчынах ляжыць вялікая адказнасць па агучванні канцэртаў, яны памочнікі ў пераносцы апаратуры і інструментаў.

Заўсёды прымаюцца слухачамі з вялікім задавальненнем песні салісткі “Гомана” Ларысы Скарыны. Надзея  ансамбля маладыя: скрыпачка Дар’я Худзякова, Кацярына Ганчарук (акардэон і салістка) і Хрысціна Халадовіч (гітара) – абедзве пакуль знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за дзецьмі. 

Святлана Акавітая, Вольга Багдусевіч, Наталля Андрэйчык, Анжаліка Фядосік, Наталля Галоўчыц, Алена Куцко, Ніна Мельнікава, Ірына Пазняк, Ірына Іванова, Наталля Бялевіч, Алена Каліноўская – усе яны удзельнікі ансамбля.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі канцэртаў, пошуку транспарту для паездак і па многіх пытаннях па арганізацыі работы “Гомана” аказвае ўдзельніца ансамбля і дырэктар Косаўскай ДШМ Святлана Фядосік, якая не лічыцца са сваім асабістым часам і ад душы хвалюецца за работу гоманаўцаў.

Мець такі ансамбль – шчасце сённяшняга часу. Многія лета табе, “Гоман”!

Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва ансамбля.