Самі зробім, самі і паскардзімся

Зварот праз сацыяльныя сеткі да нас стаў толькі падставай, якая трохі прыспешыла. Ды й нагадала аб самым балючым, што ёсць у нашым грамадстве – аб нашых адносінах да таго, што не завём сваім.
Сваё – гэта мая кватэра. Мой пад’езд. Калі дом шматкватэрны кааператыўны, дык яшчэ наш. Калі свой дом у прыватным сектары – тады мой участак.
Усё за гэтымі межамі – нечае. Чужое. І хай нехта пра яго думае. Але думае так, каб мне была з таго карысць.
Пляцоўкі для сметніц у прыватным сектары забудовы ўстройваюцца з улікам некалькіх фактараў. Найперш – санітарныя нормы (не станем загружаць артыкул лічбамі, не ў іх сэнс). Другое – эстэтычныя нормы (ну, каб раптам не атрымалася так, што для некага з жыхароў далягляд з акон упіраўся якраз у такую пляцоўку). Трэцяе, што робіцца з чыста чалавечых пабу-
джэнняў: каб было зручна і спецмашыне, якая збірае смецце, і людзям. Паколькі людзі ў нас больш цяпер ездзяць, чым ходзяць, значыць, сметніцу часовую паставілі ўздоўж вуліцы Славянская ў райцэнтры ўдалечыні ад жылых дамоў.
І вось – зварот да нас праз сацсеткі. «Не ведаю, куды звяртацца, можа, што параіце. Зрабілі тратуар па вуліцы Славянская, гэта добра вельмі, дзякуй. А вось смеццевыя урны з тратуара не прыбралі. Так непрыемна хадзіць там, ды яшчэ сабакі ля яе блындаюць. І дзеці ў школу ходзяць… Дапамажыце!»

Чыё смецце?
Аўтару гэтых радкоў даводзілася раней бываць і па асабістых справах у гэтым раёне горада не аднойчы. І тады, калі яшчэ была проста гравійная дарога, без тратуара, праходзіць міма пляцоўкі для збору смецця.
Дык вось, менш за ўсё пляцоўка нагадвала простую пляцоўку з кантэйнерамі. Часцей кантэйнераў не было відаць. Гэта была самая звычайная смеццязвалка ў дзікунскім яе выглядзе – такое складвалася ўражанне.
Тут можна было пабачыць старыя аўтамабільныя пакрышкі – кідалі побач, старую мэблю, у самай вялікай колькасці – адходы будаўніцтва, рэшткі будаўнічых матэрыялаў. І ўсё гэта грузілася валам на кантэйнеры, ля кантэйнераў, на пляцоўцы і па-за яе межамі.
Можа, гэта нашыя камунальнікі вінаватыя, не вывозілі ў час смецця? Ды не, усё працуе па графіку. Можа, гэта з кварталаў шматкватэрнай забудовы пад покрывам ночы цягнулі сюды старую канапу? Ці з суседняй вёскі? Абсурд, канешне. Гэта асобныя жыхары вуліц гэтага сектара забудовы пастараліся.
Што атрымліваецца? Адзін вывозіць са свайго двара ўсю непатрэбшчыну, каб ягоная ж суседка пасля шукала, у якую інстанцыю пажаліцца на такую карціну?

Тры сказы з матэматыкай
Усе ведаюць, як смецце з кантэйнераў загружаецца ў аўтамабіль. Ведаюць, што вадзіцель спецаўтамабіля – не грузчык, што няма ў яго памочніка. Ды куды і як ён закіне тыя канапы? Атрымліваецца: аўтамабіль вывозіць смецце, пасля трэба прысылаць сюды трактар з прычэпам і некалькімі рабочымі, якія будуць грузіць тыя паламаныя канапы і матрацы, прыбіраць, падмятаць, везці на палігон.
Гэта зойме (з улікам і іншых месцаў падобных) няхай паўдня. Рабочыя павінны ж атрымаць за гэта зарплату, так? Трэба аплаціць транспартныя расходы. Яшчэ аплаціць падаткі. Урэшце маем нейкую суму, якая пры іншым раскладзе спраў магла б пайсці на іншыя мэты. Напрыклад, на рамонт тратуара там, дзе мы ходзім, спатыкаемся і лаемся: «Ды калі ўжо тут адрамантуюць!». Мы цяпер разам бачым, што маглі б камунальнікі і сёння пачаць рамонт. Але замест гэтага трацяць грошы, едучы прыбіраць звалкі за намі.

Страшыла ХХІ стагоддзя
Гэта інтэрнэт і сацсеткі. Гэткае пужала для любой улады.
Помніцца, адзін час атрымлівалі мы лісты з фотаздымкамі ад аднаго актыўнага грамадзяніна, жыхара раёна. Усё такое крытычнае: тут агароджа крывая на цэнтральнай вуліцы населенага пункта, тут ля дома куча пяску, тут дрэва звалілі, не паспелі прыбраць… выявілася, што чалавек «займеў зуб» на мясцовую ўладу, літаральна вышукваў «злачныя» месцы. «Зараз цябе ў газеце прапячатаюць!» Было, нешта асобнае і друкавалася. А якому гаспадару хочацца, каб беспарадак на ягонай тэрыторыі выносіўся на ўвесь раён?
Сёння ёсць сеціва і туды скідваецца ўсё. Дзе лужына, дзе яма, дзе дрэнны стан тратура… Некаму асабліва прыемна збіраць гэта ўсё на сваіх старонках, бо мае дакладную задачу: маляваць сённяшняе той фарбай, якую яму далі.
Рэагаваць, канешне, даводзіцца. У першую чаргу. На радасць тым, хто трымае ў руках тое пужала.

Што будзе з пляцоўкай далей
У тэксце вы прачыталі слова ў адносінах да пляцоўкі: «часовая». Менавіта так і ёсць: гэтая пляцоўка была зроблена як часовая, неабходная мера, бо раён інтэнсіўна засяляўся. Так вось атрымалася: зрабілі для зручнасці людзей – атрымалі скаргі і абвінавачванні.
Як паведамілі «ІВ» у аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, смеццевая пляцоўка будзе перанесена на супрацьлеглы бок вуліцы. Зроблена яна будзе з улікам, прабачце, але літаральна нашага сённяшняга выхавання: закрытага тыпу. Будзе, канешне, вольны ўваход, будзе магчымасць смеццявозу пад’ехаць і выгрузіць смецце з кантэйнераў. Але сама пляцоўка будзе агароджана з усіх бакоў. Больш за тое, вакол будуць высаджаны дэкаратыўныя кустарнікі. Для эстэтыкі больш, канешне. Бо сёння мы не застрахаваныя ад таго, што ў нейкі дзень і гэтая пляцоўка ператворыцца ў смеццязвалку…

Замест эпілога
Давялося пабываць не ў адным еўрапейскім горадзе. З-за чыста прафесійнай звычкі звяртаў увагу і на тыя самыя смеццевыя пляцоўкі.
Размешчаныя побач з дарогай, для той самай зручнасці. Не закрытыя. Праўда, кантэйнеры трохі іншыя, але сутнасць не ў іх. Матрацаў і старых ложкаў там бачыць не даводзілася. Паверце, прыглядваўся спецыяльна…
Валерый Гапееў,
фота Валерыя Міскевіча.