Нецвярозых вадзіцеляў усё больш і больш

З пачатку 2019 года супрацоўнікамі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Івацэвіцкага РАУС затрымана 116 вадзіцеляў, хто дазволіў сабе сесці за руль транспартнага сродку, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта на 16 чалавек болей, чым за адпаведны перыяд 2018 года.

Буйныя сумы штрафаў, пагроза канфіскацыі транспартных сродкаў – як не дзіўна, але гэта палохае далёка не ўсіх.

Сярод 116 вадзіцеляў – 10 чалавек, хто дазволіў сабе паўторна на працягу года сесці за руль у стане алкагольнага ап’янення. Усіх іх чакае безумоўная канфіскацыя аўто.

Дарэчы, за 11 месяцаў 2018 года такіх вадзіцеляў было 7 – і ўсе яны, паводле рашэння суда, вымушаны былі развітацца са сваім транспартным сродкам. Апошні выпадак: мужчына з Даманава меў не пагашаную судзімасць, але дазволіў сабе сесці за руль у нецвярозым стане. Ён шматдзетны бацька, выхоўвае разам з жонкай чацвярых дзяцей, працуе на Даманаўскім ВГК – на гэтым прадпрыемстве і прайшло выязное пасяджэнне суда, які  прыняў рашэнне канфіскаваць легкавік у мужчыны. Крыўдна? Але хто сёння не ведае, як моцна рызыкуе вадзіцель, які сеў за руль нецвярозым?

Калі такі гора-вадзіцель затрыманы ў першы раз, то яго чакае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на тры гады, калі ў другі раз на працягу года – штраф ад 100 базавых велічынь і канфіскацыя.

Дзіву даешся, калі разглядаеш падобныя справы! Няўжо не разумеў нецвярозы таксіст з Пінска, які прымчаў у Івацэвічы, што ён можа трапіць у поле зроку супрацоўніка ДАІ? Ці нецвярозая жанчына з Мінска, якая на аўтамагістралі М1\Е30 рухалася ў сталіцу з Брэста? Дарэчы, два ДТЗ, што зафіксаваны на аўтадарогах раёна ў 2019-м годзе, – на сумленні менавіта нецвярозых вадзіцеляў.

Толькі безумоўная павага да патрабаванняў Правілаў дарожнага руху і кіраванне аўтамабілем у цвярозым стане гарантуюць што ваш аўтамабіль застанецца вашым, што велізарныя штрафы будзеце плаціць не вы. Задумайцеся!

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.