Ивацевичи бассейн

Як лёгка прывыкнуць да добрага,

і як цяжка бывае прымаць тыя факты, калі гэтага звычнага добрага не сустрэнеш там, дзе яно павінна быць

Давялося сустрэць адзін напалову жартаўлівы артыкул, дзе аўтар самым сурё’зным чынам даводзіў: сапраўдны рухавік прагрэсу – лянота і жаданне камфорту. Надакучыла чалавеку пешкі хадзіць – вынайшаў аўтамабіль. Лянота адолела і не хочацца ўставаць з канапы тэлевізар пераключыць на іншы канал – вось табе дыстанцыйны пульт. Надакучыла і не хапае часу пісаць: «Як добра ты напісаў, малайчына!» – ставіш у сацсетках «лайк». І так далей, і да бясконцасці.
Вось і тыя ж банкаўскія картачкі. Для чаго створаны? Для камфорту. Касірка раней на вагі тавар кладзе, гіры ставіць, на стрэлку дзівіцца, грошы возьме, палічыць рэшту, аддасць, а ты стаіш, сам на тую стрэлку дзівішся, падлічваеш, рэшту пералічваеш, складаеш-адымаеш, а тут не сходзіцца… А сёння? Тавар пад счытвальнік коду – картку прыклаў – вольны! Не дзіва, што карткамі сёння разлічваецца большасць лю-
дзей. Бо зручна і камфортна.
Карткай разлічваемся за праезд у грамадскім транспарце, картка дазваляе карыстацца паслугамі бібліятэкі і шмат чаго іншага, з карткай атрымліваем скідкі ў магазінах…
Як жа дыскамфортна сябе адчуваеш, калі цябе пазбаўляюць гэтага права – разлічыцца ці карыстацца карткай! Вось гарачы дзень, смага мучыць, тут побач кіёск з прахалоднымі напоямі, а табе раптам жалезабетонна: «Па картках не абслугоўваем».
І як прыемна, калі сітуацыі адваротныя. Давялося двойчы бываць на «Целянханскім бічаўніку». Дзве ці нават тры палаткі спажывецкага таварыства ледзь паспявалі абслугоўваць жадаючых папіць-паесці. Усё гэта на беразе возера, адкрытае паветра. Не стацыянарны магазін. А ў цябе ў кішэні – картка, а не наяўныя. І банкамата пад бліжэйшай хвояй нешта не відаць. Але нясмела пытаюся пра каву і чую: «Можна разлічыцца карткай!». Адзін тэрмінал на тры палаткі, але працаваў і быў запатрабаваным, калі яшчэ пабачылі іншыя, што можна карыстацца карткай.
Ды тое лес. А тут вось – цывілізаваны ў пэўнай ступені райцэнтр Брэсцкай вобласці Івацэвічы. Найноўшыя збудаванні, сучасны павеў часу – плавальны басейн і Лядовая арэна. Завіталі да жыхара Івацэвічаў госці. Пасля насычанага экскурсійнага дня па раёне хіба не самая разумная прапанова – вечарам наведвацца ў плавальны басейн ды зняць з сябе эмацыйнае напружанне на воднай дарожцы?
І вось наш гаспадар прыводзіць гасцей у радасным прадчуванні да плавальнага басейна. Трэба аддаць належнае: мясцовасць прываблівае, будынак – сучасны, асвятленне, чыстыя дарожкі – усё да месца. Для пешаходаў у нас, яшчэ рэверанс зробім у бок горада, зручныя дарожкі…
Госці, трэба сказаць, людзі сучасныя. Яны ведаюць, што тым больш у падарожжа наяўныя грошы браць рызыкоўна. І гаспадар – чалавек, які да сучасных выгод прывык, як да дыхання паветрам.
Ну, а далей, калі вы наведвалі наш плавальны басейн, здагадваецеся, што было: напачатку людзей адправілі ў суседнюю Лядовую арэну (бо там каса), а там іх сустрэла крыўднае: «Па картках не абслугоўваем!».
Няма тэрміналу. Проста няма! І банкамата побач няма. Да бліжэйшага дабегчы не паспець – сеанс вось-вось пачнецца.
У дужках трэба заўважыць, што калі б нашы госці з гаспадаром прыйшлі паглядзець і пахварэць за хакейную каманду, якая змагаецца на лёдзе Лядовай арэны, іх бы чакала падобнае расчараванне: ці за паслугі аплаціць, ці білет набыць магчыма толькі за наяўныя грошы.
Так, калі выязны гандаль на розных мерапрыемствах не паўсюдна можа прапанаваць разлічыцца карткай – тое зразумела. І прымаеш хоць з прыкрасцю, ды пакуль як непазбежнае. А вось калі такі стацыянарны сучасны аб’ект, запатрабаваны ў жыхароў горада і іх гасцей, сустракае катэгарычным «Толькі наяўныя!», – зразумець немагчыма.
Згадваючы вядомага героя Верашчагіна, мне за горад крыўдна…
Валерый Гапееў.