Косаўскі замак сёння рыхтуецца да навагодніх святаў,

каб прыняць гасцей у новай гасцініцы і рэстараннай зале

Турысты і госці Марачоўшчыны сёння наўрад ці могуць уявіць, як тут было паўтара дзясятка гадоў таму. І наўрад ці дапамогуць тут фотаздымкі. Мабыць, толькі тым, хто ад пачатку першых работ ва ўрочышчы – ад усталявання мемарыяльнага каменя-знака – сачыў за падзеямі, верагодна напоўніцу ацаніць увесь той комплекс работ, які тут выкананы.
У архівах раённай газеты захоўваюцца дзясяткі фотаздымкаў аднаўлення Палаца Пуслоўскіх. Здаецца, зусім нядаўна пачалі працаваць першыя залы для турыстаў. І вось – новы доўгачаканы крок: напрыканцы года ў палацы пачнуць працаваць рэстаран-бар і гасцініца. Цяпер гасцям нашага раёна даецца ўнікальная магчымасць правесці свой адпачынак ці некалькі дзён у сценах сапраўднага старадаўняга замка…

А наперадзе ж – Новы год і Каляды! Значыць, будзе цудоўная магчымасць першымі ажывіць старажытныя сцены будынка стрэламі шампанскага, асвятліць двор бенгальскімі агеньчыкамі і святочнымі феерверкамі.
Як расказала нам в. а. дырэктара ДУК «Косаўскі палаца-паркавы комплекс» Ірына Семянюк, 2020 год палац Пуслоўскіх рыхтуецца сустрэць са сваімі гасцямі весела і запамінальна. Не будзем выпытваць усе сакрэты арганізатараў, але сам факт сустрэчы Новага года ў такім месцы (а святочная ялінка, канешне ж, упрыгожыць унутраны дворык замка) – знакавы.
Сёння ў палацы вядуцца работы па аздабленні.
Што пачне працаваць неўзабаве?
Гасцініца на 16 чалавек у левым крыле замка на двух паверхах. Тут будзе шэсць нумароў, сярод якіх адзін нумар для чалавека з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, адзін нумар – катэгорыі vip – з максімальнымі выгодамі і аздабленнем.
Што ўражвае – вытрыманая, стыльная каляровая гама калідора гасцініцы. Высокая столь, люстры на якой пакуль у чахлах, надае ўсяму лёгкасць і спакой.
У правым крыле на другім паверсе – зала кафэ на 49 чалавек і бар. На момант нашага прыезду не ўсе работы тут былі завершаны, але мы падзелімся з вамі колькімі фотаздымкамі: вось такая незвычайная столь будзе ў зале кафэ, прастору умоўна дзеляць на некалькі частак калоны. Утульна і прыгожа. Стыльна. Удалае сумяшчэнне цяперашняй эпохі і мінуўшчыны. А разам гэта ўсё – арыгінальна і непаўторна. І гэта вельмі важна: замак павінен мець свой адметны стыль ва ўсім.
Аб тым, як рыхтуецца Косаўскі замак сустракаць з гасцямі новы год, мы яшчэ раскажам і пакажам.
Валерый Гапееў, фота Валерыя Міскевіча.