ДТЗ на вул. Клютко ў Івацэвічах

У мінулую пятніцу, 29 лістапада, у Івацэвічах адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. На гадзінніку было каля 18.00, жыхарка райцэнтра 1949 г. н. пераходзіла вуліцу Клютко па пешаходным пераходзе (каля Цэнтральнай гарадской аптэкі).
У гэты час па вуліцы рухаўся легкавік, за рулём яго знаходзіўся 51-гадовы мужчына, які не адразу заўважыў жанчыну.
Хаця ён затармазіў, але пазбегнуць сутыкнення не ўдалося.
У выніку ДТЗ жанчына атрымала траўмы. Яна шпіталізавана, стан яе, як паведамляюць у Івацэвіцкай ЦРБ, сярэдняй цяжкасці.
Прызначана правядзенне судова-медыцынскай экспертызы, па выніках якой будзе прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Наступіў адзін з самых складаных перыядаў – для вадзіцеляў, веласіпедыстаў, пешаходаў. Рух у цёмны час сутак патрабуе максімальнай абачлівасці, надзвычай важна выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы, бо адна памылка можа каштаваць вельмі дорага.
Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.