“Лепшы цюнінг для машын  – устаноўка зімовых шын”

Згодна з п. 207-1 Правіл дарожнага руху, з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон уключна, а таксама легкавыя і грузапасажырскія з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон, аўтобусы павінны мець зімовыя шыны з вышынёй малюнка пратэктара не менш за 4 мм.

У якасці зімовых шын неабходна прымяняць тыя, што маркіраваны знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі са сняжынкай унутры ці знакамі “M+S”, “M@S”, “M.S”, “M S”, “All seasons”. Невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын можа прывесці да штрафу.

Але ж не штрафы павінны хваляваць аўталюбіцеля, а бяспека, якая адразу павышаецца, калі аўтамабіль належным чынам абсталяваны. Як сведчыць практыка, болей за 70 працэнтаў ад усіх аўтамабіляў, якія эксплуатуюцца на аўтадарогах нашага раёна, маюць менавіта зімовыя шыны.

Разам з тым, ДАІ настойліва рэкамендуе ў зімовы перыяд змяніць і манеру ваджэння. У галалёд тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў — у тым ліку, калі ваш аўтамабіль і абсталяваны зімовым “абуткам”. Таму правільна выбірайце хуткасць і дыстанцыю, адмоўцеся ад рэзкіх манеўраў, памятайце што на перакрыжаваннях, каля пешаходных пераходаў – там, дзе вадзіцелі тармозяць і набіраюць хуткасць, – нярэдка ўтвараецца літаральна каток, які робіць машыну некіруемай. Таму прашу і пешаходаў: не трэба выскокваць на праезную частку перад аўтамабілем, бо тармазны шлях на такіх участках вырастае ў разы.

У нашым раёне, як і ў цэлым па рэспубліцы, з 27 лістапада праходзіць акцыя “Лепшы цюнінг для машын – устаноўка зімовых шын”. Супрацоўнікі ДАІ ў гэтыя дні праводзяць тлумачальную работу сярод уласнікаў транспартных сродкаў, у працоўных калектывах, у аўтатранспартных арганізацыях. Спадзяваемся, што гэтая работа дазволіць правесці зімовы перыяд без здарэнняў, без траўм.

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.