Для зручнасці абслугоўвання вяскоўцаў — новы магазін у Стайках

магазин стайки Ивацевичский

13 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё з пераразаннем чырвонай стужкі прыватнага прадуктовага магазіна па вуліцы Садовай у в. Стайкі.
Вёска Стайкі вялікая, і да вясковага магазіна жыхарам раёна вуліцы Садовай ісці не менш за паўтара кіламетра. Таму месца адкрыцця гандлёвай прадуктовай кропкі вяскоўцаў задавальняла – блізка. І асартымент прадуктаў у магазіне даволі шырокі, можна набыць і мясныя, каўбасныя вырабы, і хлебабулачныя, і малочныя…
Вяскоўцаў сабралася на цырымонію адкрыцця гандлёвай кропкі Таццяны Трафімчык шмат. Пасля цёплых пажаданняў ад старшыні Стайкаўскага сельвыканкама Мікалая Басалая, дырэктара ДУА «Стайкаўская сярэдняя школа» Аксаны Байбак, гаспадыня з мужам Віктарам частавала ўсіх прысутных чаем з самавара, блінчыкамі з тварагом і сушкамі, праводзілася бяспройгрышная латэрэя. Сястра індывідуальнага прадпрымальніка Таццяны Трафімчык Марына Аляксееўна, якая дапамагала з падрыхтоўкай дакументаў, віншавала з пачынам тортам у выглядзе касавага апарата, зробленым так па-майстэрску, што некаторыя адразу і не зразумелі, што гэта не сапраўднае абсталяванне, а салодкі пачастунак.
Індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Трафімчык казала, што на гэтым месцы ларок працаваў і раней, але папярэднія гаспадары папрацавалі і зачыніліся. «Некалькі месяцаў было зачынена, а потым мы на сямейным савеце вырашылі ларок выкупіць. Абнавілі яго і ў магазіне пашырылі асартымент. Спадзяёмся, што людзі будуць задаволены», – казала яна.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

магазин стайки