Свята стэндапа ў Івацэвічах

Упершыню ў Івацэвічах прайшло маладзёжнае стэндап-шоу.

У пятніцу,  12 красавіка, у рэстаране “Паўночны” па ініцыятыве раённага камітэта ГА “БРСМ” прайшло стэндап-выступленне, якое сабрала больш за 120 гледачоў.

Стэндап – гэта камедыйнае выступленне размоўнага жанру, у якім як правіла адзін выканаўца выступае перад жывой аўдыторыяй, якое ў апошнія гады набывае ўсё большую папулярнасць. Рэпертуар стэндап-комікаў складаецца з маналогаў, жыццёвых гісторый, розных жартаў, імправізацыі з залай і іншых цікавых прыёмаў. У пятнічны вечар у Івацэвічы завіталі комікі Фёдар Булкін, Ягор Свірскі, Дзмітрый Зубовіч, Яўгенія Яначкіна – удзельнікі шматлікіх стэндап-фестываляў у Маскве і Кіеве, праекта “Comedy Батл” на ТНТ, украінскай праграмы “Рассмяшы коміка”, а таксама наш зямляк Сяргей Музычэнка, які таксама робіць пэўныя поспехі на шляху стэндап-коміка – ён пераможца stand-up вечарынак у фармаце money mic, пераможца беларускага шоу «Музычная імправізацыя», удзельнік stand-up фестывалю ў Маскве.

Чым прывабны стэндап для гледачоў і саміх артыстаў? З-за найбольш свабоднай гумарыстычнай формы выступлення.  Такое мерапрыемства дазваляе перавесці гумар на новую прыступку ўзаемадзеяння з гледачом, адкрытасць, абмеркаванне самых актуальных тэм. І часцей за ўсё матэрыялам для стварэння жартаў для стэндап-выступаў з’яўляецца наша паўсядзённае жыццё, сітуацыі, з якімі сутыкаўся кожны.

– Адзін з выступаючых – 17-гадовы Ягор Свірскі– з’яўляецца актывістам ГА “БРСМ”, таму ў гэты вечар шмат жартаў было прысвечана жыццю нашай грамадскай арганізацыі. Але жартавалі, вядома, на самыя розныя тэмы і адчувалася, што аўдыторыя жыва адклікалася на гэта. Плануем, што гэта не апошняе выступленне стэндап-комікаў, але ў будучым мерапрыемства можа змяніць фармат ці змяніць прапіску з залы рэстарана на большую пляцоўку, – расказала першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вольга Белякова.

Публіка была ў захапленні  і ад жартаў стэндап-комікаў, і ад той атмасферы, якая панавала ў зале.

– Упершыню была на падобным мерапрыемстве, вельмі спадабаўся фармат яго правядзення. Гэта сапраўды ўнікальнае свята гумару ў Івацэвічах. Пасмяяліся ад душы, – падзялілася думкамі глядачка Марына Пашкевіч. – Кажуць, што смех падаўжае жыццё, думаю, што тыя, хто сёння пабываў у зале, будуць жыць вельмі доўга. Было бачна, што людзі з ахвотай прыйшлі сюды, бо зала была поўная. Абавязкова наведаю такі канцэрт зноў, калі будзе такая магчымасць.

Ганна Ільяшэвіч.