22 лютага для салдата 174 вучэбнага палігона ВПС і войскаў СПА Аляксандра Станкевіча незвычайны дзень, упершыню ён выступаў у ролі вядучага падчас святочнага канцэрта, што ладзіўся ў часці, упершыню даваў інтэрв’ю журналістам раёнкі. 20-гадовы юнак хваляваўся, але трымаўся – гэтаму ў тым ліку яго навучыла армія. А што яшчэ даў год службы? Аб гэтым мы пагутарылі з земляком напярэдадні свята.

Аляксандр з Міхнавіч, пасля заканчэння СШ № 3 г. Івацэвічы паступіў у Пінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Юнак атрымаў адразу дзве запатрабаваныя спецыяльнасці – токара і вадзіцеля катэгорыі «С». Саша нават паспеў зарабіць першыя грошы, чатыры месяцы ён шчыраваў токарам у Мінску на прыватнай фірме. Працаваў вахтамі, зарабляў для 19-гадовага юнака вельмі добра. Калі прыйшла павестка, былі і страх, і нежаданне кідаць усё пачатае. Аднак, варыянта не служыць не было. Саша рос у сям’і, дзе ваяваў прадзядуля, служылі абодва дзядулі, а бацька Аляксандр Пятровіч аддаў марфлоту тры гады жыцця, цяпер настала яго чарга вучыцца трымаць зброю ў руках і, як што, абараняць.
– Я вельмі спакойны і хатні чалавек, у арміі больш за ўсё баяўся нават не фізічных нагрузак, а новага калектыву, выхаду з зоны камфорту ў бытавым плане, – гаворыць Аляксандр Станкевіч. – Калі пачуў, што патрапіў на Вольку, трохі супакоіўся. Сюды мы прыехалі пасля вучэбкі ў бярозаўскай часці, сярод саслужыўцаў ёсць землякі, з некаторымі хлопцамі нават вучыліся ў адной школе. Менавіта тут я перамог сваю прыродную сціпласць, уліўся ў калектыў і творчыя здольнасці адкрыў (смяецца). За гэта шчыра дзякую свайму непасрэднаму камандзіру ўзвода забеспячэння, старшаму прапаршчыку Сяргею Сакуту, ён падтрымаў напачатку і сёння вельмі дапамагае ва ўсіх пытаннях.
Тут, у часці, Аляксандру спатрэбілася атрыманая ў каледжы прафесія: па ваен-
най спецыяльнасці ён вадзіцель. Грузавік ЗІЛ-131 хоць старэнькі, але служыць спраўна, бачна, шчасціць яму на вадзіцеляў. Ва ўсе тонкасці работы на такой спецыяльнай тэхніцы Сашу Станкевіча пасвяцілі старшыя таварышы, зараз ужо ён у адказе за дзяжурны аўтамабіль. Наш суразмоўца заўсёды павінен быць гатовы да выезду: у любы момант можа паступіць каманда ад дзяжурнага па часці, тады вадзіцелю неабходна хутка даставіць абмундзіраванае дзяжурнае падраздзяленне ў пункт назначэння. Задача падаецца не складанай, але гэта толькі калі не думаць пра аператыўнасць і бяспеку людзей, якіх вязеш.
Аляксандру падабаецца за баранкай такога аўто, ён рады, што не страчвае вадзіцельскі вопыт, бо па вяртанні дадому плануе атрымаць яшчэ катэгорыю «Е» і працаваць вадзіцелем на тым жа «Івацэвічдрэве», а чаму б і не?
Мой герой чакае водпуску, ён будзе летам. Дома вельмі чакаюць бацька Аляксандр Пятровіч, маці Святлана Станіславаўна і старэйшы брат Дзміт-
рый. Сям’я простая, але працавітая. Тата шмат гадоў шчыруе ў ПМК-11, а маці – сястра-гаспадыня аддзялення рэанімацыі ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Штомесяц бацькі наведваюць сына-салдата і кожны раз адзначаюць – Саша пасталеў, узмужнеў.
А мой герой кажа – ад любога перыяду, любой падзеі ў жыцці трэба браць максімум карысці. У арміі навучыўся сяброўству, падцягнуўся фізічна – больш за ўсё юнак чакае заняткі па стрэльбах. Яшчэ менавіта ў арміі ён прыахвоціўся да літаратуры, чытае ў вольны час і навучыўся іграць у шахматы. Згадзілася і творчае хобі па маляванні, дома Саша малюе алоўкам анімэ, а ў арміі – святочныя сценгазеты.
– А якія якасці вызначаюць сапраў-
днага мужчыну, як лічыш? – звяртаюся да юнака.
– Вынослівасць, працаздольнасць, настойлівасць і адказнасць за сказанае і за зробленае. Лічу, мужчыну вызначае не ўзрост, нават сярод маіх аднагодак, лепшых сяброў, ёсць сапраўдныя мужчыны па маім меркаванні. Усіх іх віншую са святам!

Слова ад маці Святланы Станіславаўны Станкевіч:
– Упершыню ў гэтым годзе мой малодшы сын па праве святкуе Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! Ён для мяне заўсёды дзіця, але ўжо не хлопчык. Мы з бацькам бачым, як на нашых вачах наш сціплы, трошкі нерашучы Саша становіцца сапраўдным мужчынам. Раней мы трымалі вялікую гаспадарку ў вёсцы – сын быў нам першым памочнікам, ды і падчас работы, калі вяртаўся з чарговай вахты, дапамагаў ва ўсім. Першыя заробкі дзяліў з намі, бацькамі, хоць мы і працівіліся. Любыя просьбы ён заўсёды выконваў без лішніх пытанняў. Канечне, мы хваляваліся, калі адпраўлялі сына на службу, а зараз супакоіліся – бачым, што ўсё добра. Сын яшчэ такі юны, столькі наперадзе будзе выпрабаванняў… Жадаю Сашу роўнай жыццёвай дарогі, Анёлаў-захавальнікаў на шляху і толькі поспехаў ва ўсім. Ён малайчына, сумуем, чакаем яго дадому. Са святам, сынок!

Наталья ГЕРБЕДЬ.
Валерий МИСКЕВИЧ, фото.

Поделиться