16 сакавіка ў Івацэвічах адбылося судовае пасяджэнне. Судзілі маладога чалавека за ўхіленне ад службы ў арміі. Хлопец нарадзіўся ў Слоніме, прапісаны ў Косаве, працаваў у Маскве. Прозвішча і імя яго па этычных прычынах не станем называць, але пляма, якую ён сваёй судзімасцю «заслужыў», застанецца на ўсё жыццё.
Як адзначыў ваенны камісар Івацэвіцкага раёна Уладзімір Маляванны, які прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі, суд над ухілістам – гэта напамін аб усёй сур’ёзнасці адказнасці. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» адзін, і ён для ўсіх. Сёння ў Беларусі навабранцаў не адпраўляюць за трыдзевяць зямель ад дому – усе побач, блізка. Воінскія часці праводзяць дні адкрытых дзвярэй – усё адкрыта, празрыста. На экскурсіі возяць школьнікаў. У характары кожнага хлопчыка прыродай закладзена жаданне быць абаронцам, смелым, мужным, моцным. Такім ён і павінен заставацца на ўсё жыццё.
Здаецца, такое ж уяўленне аб мужнасці і ў маладога чалавека, які аказаўся на лаве падсудных. Напачатку яму як навучэнцу Івацэвіцкага аграрнага каледжа прадстаўлялася адтэрміноўка. Скончыўшы вучобу і пачаўшы працоўную біяграфію, восенню мінулага года ён павінен быў стаць салдатам. Але… У маі на камісіі ён паскардзіўся на псіхічнае здароўе. Яго накіравалі на лячэнне, але перад гэтым уручылі павестку на прыбыццё ў ваенны камісарыят пасля лячэння для прыняцця рашэння аб годнасці маладога прызыўніка да службы ў арміі. Хлопец казаў, што ён хацеў прыехаць з Масквы, дзе ён працаваў у прыватнай фірме. А чаму не прыехаў на мерапрыемствы прызыву, патлумачыць не змог. Згодна з прадстаўленай характарыстыкай хлопец не злоўжывае алкаголем, не быў прыкмечаны ў дрэнных кампаніях, не здзяйсняў супрацьпраўных дзеянняў. Здаецца, харошы малады чалавек. Але ў выніку адно няправільнае дзеянне – няяўка на мерапрыемствы па прызыве – прывяло да таго, што яго стала шукаць міліцыя. Справа дайшла да суда. Вядома, хлопец стаў чыстасардэчна каяцца, шкадуе, што не прыехаў з Масквы, упэўніваў, што не думаў ухіляцца ад службы ў арміі… Тым не менш, грамадзянінам Рэспублікі Беларусь злачынства здзейснена і прыгавор – штраф у буйным памеры (70 базавых велічынь).
Ёсць спадзяванне, што ўрок пойдзе хлопцу на карысць і ён больш не акажацца на лаве падсудных, а адслужыць у арміі, як усе хлопцы. Павестку на мерапрыемствы вясновага прызыву-2023 ён атрымаў пад подпіс у будынку суда Івацэвіцкага раёна.
Няхай гэтая гісторыя паслужыць добрым урокам для прызыўнікоў.
Васілій АЎРУСЕВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.