У гэтыя перадвелікодныя дні ў пякарным цэху вельмі напружаны рытм працы. Да хлеба, хлебабулачных вырабаў дадаюцца велікодныя кулічы і караваі, якія трэба яшчэ ўмець спячы па вышэйшым класе. Дзякуй Богу, у Івацэвіцкім райспажыўтаварыстве ўсталявалася цудоўная традыцыя напярэдадні Вялікага свята асвячаць велікодную прадукцыю. І работнікам бласлаўленне бацюшкі дае пазітыўны настрой, і вынік іх працы атрымліваецца хвацкі – кулічы ўдаліся на славу, а пах – як у дзяцінстве ад маміных пірагоў.
Айцец Віталь Казімірчык, іерэй Івацэвіцкага храма Дзяржаўнай іконы Божай Маці, спачатку прачытаў малітву на асвячэнне хлябоў. У ёй пасылаецца слава Госпаду:
«Ты бо еси истинная пища, и податель благих, и Тебе славу возсылаем со Безначальным Твоим Отцем, и Пресвятым, и Благим, и Животворящим Твоим Духом. Аминь». Ніколі не задумвалася, а тут адкрылася, што сапраўдная ежа для хрысціяніна – гэта слова Божае. Хлеб таксама ежа, толькі
больш для падтрымання фізічнага духу, але і яна з’яўляецца таксама стварэннем Божым, якое варта прымаць з прызнаннем, падзякай і малітвай, каб кулічы, «узброеныя» сілай нябеснай абароны, паслужылі чалавеку для цялеснага і духоўнага выздараўлення і дапамогі Божай.
– Выпякаць велікодныя кулічы мы пачалі з панядзелка, – расказвае начальнік лабараторыі філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Наталля Юшкевіч пасля асвячэння прадукцыі. – У асартыменце ў нас ёсць караваі, якія ўпрыгожваем шышачкамі, кветачкамі, лісточкамі, вагой па 1 кг і 1,5 кг, выпякаем 300-грамовыя пасачкі з памадкай і каляровай пасыпкай. Яшчэ ёсць 400-грамовыя пасхі, для выпечкі якіх закупілі формачкі і сінія, і чырвоныя, і залацістыя, а 500-грамовыя робім у кексавых формах з рыфленымі бакамі і сімваламі надпісу «Хрыстос Уваскрос!» Усяго трэба спячы 8 000 штук вырабаў. Яшчэ пячом пірагі і рулеты святочныя. Па заяўках можам і больш.
Хочацца нагадаць, што ў асвячэнні кулічоў ёсць яшчэ адзін сэнс. Прыносячы іх у храм для асвячэння, мы нейкую частку пакідаем у якасці ахвяравання. І купіць куліч можна таксама для ахвяравання. Чалавек такім чынам праяўляе любоў да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе або па нейкіх абставінах не змог сам належным чынам падрыхтаваць велікодны стол. Аказваючы ласку іншым людзям, мы прыносім гэтую ахвяру Самому Богу, які сказаў: «Так как вы сделали это одному из сих братьев Моих меньших, то сделали Мне» (Мф. 25:40).
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.