22 красавіка ў філіяле «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райста была асвечана велікодная здобная прадукцыя, якая выпускаецца ў гонар вялікага свята – Вялікадня.

Запрашаць бацюшку для асвячэння велікодных кулічоў і пірагоў, спечаных івацэвіцкімі пекарамі, стала добрай традыцыяй, праводзіцца яна ўжо тры гады. Ііерэй храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная» Віталій Казімірчык з самага ранку прыехаў да хлебапёкаў і асвяціў усю прадукцыю, якая была спечана ў начную змену і загружалася на продаж, і замешанае цеста для пірагоў, якія будзе пячы ранішняя змена.

– Святочную здобную прадукцыю мы пачалі выпускаць з панядзелка, і кожны дзень дадаём у аб’ёме выпуску, – кажа начальнік вытворчасці Іна Герштова. – Асартымент шырокі: караваі, кулічы, кексы велікодныя з разынкамі і без, пірагі з тварагом і джэмам – вагой ад 0,4 да аднаго кілаграма. Заяўка вялікая – ад 11 да 12 тыс. штук для гандлёвых кропак райста. Акрамя таго, кулічы і пірагі пастаўляюцца ў сеткавікі і паедуць не толькі ў аддаленыя вёскі раёна, а і ў іншыя раёны Брэсцкай і Гродзенскай вобласці.

– Традыцыя вельмі добрая – запрашаць памаліцца бацюшку і асвяціць святой вадой велікодную здобу перад рэалізацыяй. І аб’ёмы вытворчасці яе растуць з кожным годам. Пятніца перад святам – самы напружаны дзень. Людзям, якія займаюцца гэтай нялёгкай, але ганаровай справай, вельмі важна бласлаўленне бацюшкі, і для пакупнікоў гэта суцяшэнне і сведчанне клопату аб іх, – зазначыла Ірына Яворская, старшыня прафкама Івацэвіцкага райста.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться