Асяроддзе без бар’ераў
Як яно ствараецца для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб у Івацэвічах і раёне?
Стварэнне даступнага асяроддзя для жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб – гэта задача, якая стаіць сёння перад усімі суб’ектамі гаспадарання. Крокі да гэтай мэты робяцца ў раёне і краіне штогод. Сёння праект новага магазіна не пройдзе экспертызу, калі ў ім прадугледжаны ганак без пандуса ці пад’ёмніка. Рамонт ці будаўніцтва тратуараў, дарог у населеных пунктах прадугледжваюць і паніжаныя бардзюры, і тактыльную плітку. Толькі для таго, каб чалавек з абмежаванымі магчымасцямі адчуваў сябе камфортна, даступнае асяроддзе павінна быць комплексным.
Гэта значыць, інваліду павінна быць зручна самастойна дайсці з кульбай ці даехаць на калясцы, скажам, ад прыпынку аўтобуса да пэўнага будынку, патрапіць у яго, зарыентавацца ў ім дзякуючы маўленчаму інфарматару, калі патрэбна, наведаць там прыстасаваную пад яго патрэбы прыбіральню і гэтак далей. Для гэтага аднаго пандуса недастаткова, але пачынаць трэба з малога. А што робіцца для стварэння даступнага комплекснага асяроддзя ў Івацэвічах і раёне? Пацікавіліся ў начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандра ВЕЛІКАСЕЛЬЦА, які курыруе дадзеную работу.
Пад’ёмнік у шматпавярхоўцы
Аляксандр Фёдаравіч пачаў размову з добрай навіны. Напрыканцы жніўня ў дзевяціпавярховым доме нумар 49 па вул. Леніна ўстанавілі нахіленую пад’ёмную платформу для Ірыны Мінюк.
Жанчына перамяшчаецца ў інваліднай калясцы і да з’яўлення ў шматпавярхоўцы пад’ёмніка не мела магчымасці самастойна спусціцца на першы паверх. Цяпер у яе такая магчымасць ёсць. Платформа, як і новы пандус, набыта і ўстаноўлена за кошт сродкаў, заробленых падчас раённага суботніка і вы-
дзеленых райвыканкамам па даручэнні яго старшыні – усяго на гэтыя мэты выдаткавалі 34 тысячы рублёў, зазначыў Аляксандр Фёдаравіч. А вось што па тэлефоне расказала нам сама Ірына МІНЮК:
– Вядома, мне стала больш зручна. Жыву на восьмым паверсе, карыстаюся ліфтам. Добра, што нядаўна ўстанавілі новы, – папярэдні, бывала, ламаўся. Раней спусціўся на ліфце, а як далей? Уніз яшчэ вядуць прыступкі. Цяпер пад’ёмнік, на які заязджаю ў калясцы, дапамагае дабрацца ад ліфта да першага паверха (карыстаюся ім з дапамогай чыпа), а потым я магу выехаць на ганак (з уваходных дзвярэй прыбралі парог) і па новым жалезным пандусе выехаць на асфальт – без старонняй дапамогі, што важна. Я не супраць, каб і іншыя жыльцы дома, калі маюць патрэбу, карысталіся пад’ёмнай платформай, але для гэтага, я так разумею, ім трэба звяртацца ў ЖКГ па ўласныя чыпы.
Пра сваё жаданне мець пад’ёмнік я паведаміла ў сваім звароце ў райвыканкам, і там прынялі станоўчае рашэнне па маім пытанні. Даволі доўга рыхтаваўся праект, і, нарэшце, платформа ўстаноўленая. Яшчэ зрабілі належным чынам паркоўку для маёй машыны – ёсць і разметка, якая пазначае месца для інваліда, і адпаведны дарожны знак. Толькі звяртаюся цяпер у ЖКГ і з пытаннем наконт якасці дарожнага пакрыцця – выязджаю ў калясцы на стары асфальт, тут патрэбны рамонт.
Разумею, што не ўсё адразу, асноўнае ёсць, і я за гэта ўдзячная: знайшлі сродкі, пайшлі насустрач. Але хацелася б і працягу.
Што тычыцца таго, як і што зроблена для інвалідаў-калясачнікаў у горадзе, то я заўважаю, што зрухі ёсць, але бачу і тое, што не ўсюды, нават у адносна новых будынках і пры пад’ездзе да іх захоўваюцца нормы – не тая вышыня ці даўжыня пандуса, няма парэнчаў, не паніжаныя бар-
дзюры на з’ездах. Яшчэ людзі ставяць аўтамабілі на месцах для інвалідаў – прыкра.
«Усімі разам зроблена нямала»
Каб было зразумела: у Беларусі існуе Дзяржаўная праграма «Сацыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гг., у ёй – падпраграма «Даступнае асяроддзе для жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб», згодна з якой у рэгіёнах загадзя распрацоўваюцца планы на пяцігодку і вызначаюцца аб’екты, дзе даступнае асяроддзе будзе стварацца за сродкі з бюджэту раёна. На 2022 год былі запланаваны работы на шасці аб’ектах у Івацэвічах і раёне. Мы не знойдзем у гэтым спісе ўстаноўку пад’ёмнай платформы для Ірыны Мінюк, гэтыя і шэраг іншых работ запланаванымі не былі, а таму і фінансаваліся з іншых крыніц.
Што да запланаванага, расказаў Аляксандр Велікаселец, то ў 2022 годзе стварылі даступнае асяроддзе ў філіялах ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» у Косаве (устанавілі пандус) і Целяханах (адрамантавалі санвузел). Паклалі пачатак стварэнню комплекснага асяроддзя ў Івацэвіцкім ГДК: абазначылі стаянку для інвалідаў, устанавілі кнопку выкліку, будуць рабіць пандус. У мінулым годзе правялі шэраг работ у ДУ «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы», яны прадоўжацца сёлета ў частцы ўладкавання санвузла. Работнікі Івацэвіцкай ЖКГ улетку паклалі тактыльную плітку на скрыжаванні вуліц Дэпутацкай і Чарткова ў райцэнтры, каля СШ № 4. Для таго, каб скрыжаванне лічылася комплексным, трэба, каб святлафор «звінеў» на зялёнае святло і чалавек са слабым зрокам чуў, калі трэба пераходзіць дарогу. Дык вось дадзены святлафор на Чарткова, як і той, што каля дзіцячай паліклінікі, і той, што каля будынка райвыканкама (гэты дык увогуле быў неабходны гораду як вада – і не толькі сляпым, але і звычайным гараджанам), падае гукі.
Яшчэ адзін аб’ект на бягучы год – УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ», там плануецца замена ліфта, і на гэтыя мэты будзе выдаткавана 150 тыс. рублёў. І нарэшце ў планах – стварэнне даступнага комплекснага асяроддзя ў Івацэвіцкім райвыканкаме: пандус, санвузел, кнопка выкліку, маўленчы інфарматар, мнемасхемы, таблічкі са шрыфтам Брайля, абсталяваны для інвалідаў санвузел – усё гэта павінна з’явіцца ў будынку райвыканкама да канца года.
З таго, што было зроблена не па плане, – названы вышэй пад’ёмнік. Таксама з’яўленне тактыльнай пліткі, паніжаных бардзюраў на тратуарах і каля шэрагу аб’ектаў накшталт аўтастанцыі ў г. п. Целяханы падчас падрыхтоўкі да абласных «Дажынак». На вул. Свярдлова ў Івацэвічах новы тратуар абсталяваны тактыльнай пліткай па нормах і правілах. Мікрараён «Кляноўка» – там спецыяльныя стаянкі для інвалідаў з паніжэннем бардзюраў. А найлепшы прыклад даступнага комплекснага асяроддзя – новы дом па вул. Чарткова каля цырульні «Маладосць». Ліфт, тактыльная плітка, шырокія дзвярныя праёмы, стаянкі з усімі абазначэннямі… У такім доме людзям з абмежаванымі магчымасцямі было б камфортна. Дарэчы, дзе ім зручна, а дзе не, Аляксандру Фёдаравічу падказваюць самі інваліды – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія па яго просьбе ацэньваюць новыя аб’екты.
– Усе новыя будынкі, якія ўзводзяцца сёння, павінны будавацца з улікам патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так яно і робіцца, – разважае начальнік упраўлення. – Што тычыцца будынкаў старых, то нават там, дзе пандусы ёсць, яны часта не адпавядаюць нормам. Калі інваліду трэба падняцца на вышыню 60 см, то даўжыня пандуса павінна быць больш за 5 м! Так, як гэта зроблена ў магазіне «Родны кут» па вул. 60 год Кастрычніка, дзе нядаўна быў рамонт. Вось там зрабілі добра: пандус доўгі, з парэнчамі, з пляцоўкай. Так не ўсюды. Як не ўсюды ў горадзе правільна пакладзена тактыльная плітка – трэба ў два рады, а пакладзена ў адзін рад. Вышыня бардзюраў… Два гады таму была дапушчальная вышыня ў 4 см, цяпер – 0 см. Таму, па шчырасці, трэба не толькі ствараць новае, але і выпраўляць старое. Але вернемся да станоўчых прыкладаў. Заўважаю, што ў горадзе сталі з’яўляцца і пад’ёмныя платформы. Напрыклад, у новым гандлёвым цэнтры ў завулку Паштовы. А ў новым сэрвісным цэнтры «Белтэлекам» на вул. Матросава не толькі зрабілі пад’ёмнік, але і абсталявалі стаянкі, у будынку цэнтра ёсць і кнопка выкліку, і маўленчы інфарматар. Вось так, па кроплі мы падыходзім да таго, што асяроддзе для інвалідаў і аслабленых асоб становіцца
больш даступным, яшчэ 5–10 гадоў таму было па-іншаму. Усімі разам зроблена нямала.
У нашым раёне – каля 15 тысяч атрымальнікаў пенсіі. Можна лічыць пенсіянераў аслабленымі асобамі? Так, вядома. Ну, а веласіпедысты, якія рухаюцца па тратуарах, няхай сабе і не аслабленыя асобы, але ж таксама зацікаўленыя ў паніжаных бардзюрах. Не адмовіліся б ад зручных тратуараў і матулі з каляскамі. А яшчэ ў раёне некалькі тысяч інвалідаў розных груп, з іх больш за 200 – калясачнікі. А ці многа калясачнікаў вы сустракалі ў горадзе? Не, яны дома, бо найчасцей не маюць магчымасці выехаць адтуль на вуліцу: жывуць у дамах без ліфтаў, каб спусціцца па лесвіцы, ім патрэбны прыступкаход, а каштуе ён нямала. Вось чаму стварэнне асяроддзя без бар’ераў мае такое вялікае значэнне для не такой ужо і малой колькасці людзей, і ў гэтым кірунку наперадзе яшчэ многа работы, яна будзе працягвацца.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.