+15 RSS-лента RSS-лента

Бацькаўшчына

Автор блога: Алесь Зайка
Пад cтары Новы год…
Святыя Каляды ў нас адзначаюць з 6 па 19 студзеня, да Вадохрышча.
Умелі людзі святкаваць, умелі і весяліцца. Сярод святочных дзён асобна выдзяляўся вечар перад Старым Новым годам. У гэты вечар моладзь варажыла, жадаючы ведаць свой далейшы лёс.

Як гэта рабілі ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна, успамінала Алена Антонаўна Мігель, 1918 года нараджэння:
– А перад Старым Новым годам дзяўчаты варожаць. Збяруцца ў чыёй хаце, пойдуць у куратнік, знімуць з седала чорную курыцу, насыплюць горбачкамі жыта. Колькі дзяўчат – столькі і горбачак у адзін радок. І пускаюць курыцу. З чые горбачкі пачне дзяўбсці, тая дзеўчына першая замуж пойдзе. Во адну пачала дзяўбсці, потым другую, адышлася – пачала трэцюю. Гэтак адна за адною і замуж выходзілі. А чыю не схацела, той яшчэ ў дзеўках сядзець. А некаторыя дзяўчаты булкі пяклі, клалі ў радочак і пускалі сабаку. Чыю булачку ўхопіць, тая дзеўчына першая замуж пойдзе.
Развітальны крык журавоў
Кінуў усё – паехаў па вёсках. Светлае сонца, чыстае неба, лёгкае дыханне восені, яе празрыстасць і вольнасць адпавядалі празе маёй душы да падарожжа, прасторнасці, да сустрэчаў з людзьмі.

…Цётку Вольгу я ведаю даўно, яшчэ з той пары, калі быў жывы яе муж, патомны смалакур, а я збіраў матэрыялы, каб напісаць краязнаўчы нарыс пра смалакурні.
Сядзім на прызбе яе хаты, ашаляванай, пафарбаванй у зялёны колер. “Яшчэ мой тата дапамагаў ставіць”, – хваліцца яна. Коцік прыбег, трэцца каля нашых ног, куры ходзяць па надворку – ціха, спакойна, спрадвечна.

Кажацца пра даўно мінулае, што засталося ў памяці, не хоча забывацца:
– Бацько наш добры быў па натуры, анёл, і камара не скрыўдзіць, хоць часам і любіў крыкнуць. Біць не біў. Толькі раз на мяне моцна накрычаў: залезла на свінінчык ды давай па саломе з’язджаць.
Мы былі бедныя, восем душ, а зямлі чацвяртуха, чатыры гектары. Гэто з сенакосам, праўда.
Магазін
Даўней грамадскіх пабудоў на сяле было няшмат. Царква – і то не ў кожным паселішчы, а ў цэнтры царкоўнага прыходу, парафіі. Карчма – амаль у кожнай вёсцы. Калі не ў самой вёсцы, то на недалёкім гасцінцы, бойкім шляху, на раздарожжы. Некалі карчма замяняла і клуб, і харчэўню, і гасцініцу, у ёй моладзь бавіла вечары, ладзіла балі, скокі, танцы. У карчме адзначалі святы, нават гулялі вяселлі. У царкву ды ў карчму можна было зайсці без запрашэння, калі схочацца. Але царкву наведвалі толькі святамі, а ў карчму чалавек быў вольны патрапіць кожны дзень.

У другой палове XIX стагоддзя пачалі талакой будаваць дзеткам школы; тыповыя, на дзве палавіны, з ганкам, уваходам пасярэдзіне. У адной палове месціўся класны пакой, у другой жыў настаўнік з сям’ёю. Пасля забароны прадаваць гарэлку на разліў у 1894 годзе (толькі ў бутэльках!), пачалі з’яўляцца ў сельбішчах крамы, так званыя “манаполькі”, дзе, акрамя моцных напояў, можна было купіць селядцы, соль, газу, сернікі-запалкі, шмат што з галантарэі.

У вялікіх сёлах, мястэчках, цэнтрах воласцей былі будынкі валасной управы, суда, народныя дамы, шмат гандлёвых лавак.
Яшчэ адна грамадская пабудова, якая існавала вякамі, – гэта магазіны ці магазейны – хлебныя каморы са страхавым запасам зерня. Пра іх мы і павядзём гаворку.
Выклік на дуэль
17 студзеня 1757 года, на свята вялебнага Антонія Вялікага, князь Аляксандр Міхаіл Сапега (1730-1793), ваявода полацкі, прымаў шаноўных гасцей. Нагода была больш чым дастатковая: дзень Анёла яго любай жонкі Магдалены з роду Любамірскіх. Афіцыйны прыём гасцей малады князь ладзіў у сваім родавым гняздзе – пекным, прыбраным палацы ў Ружанах.

Гэта цяпер, па абедзе, калі сонца, хораша высвеціўшы запарушаны снегам палац з велічнымі вежамі па вуглах, паціху апускаецца ў малінавае прадонне, зранку ж, пры вялікай сціжме людзей, у Троіцкім касцёле, пасля святочнай імшы, дзеялася ўрачыстая актава ў гонар імянінніцы, на пачатку якой далі дваццаць
залпаў агню па ліку пражытых ёю гадоў. Пасля гэтага “яго мосць ксёндз, прафесар паэтыкі, на амбоне меў прамову на пахвалу той жа Пані, выслаўляў яе лацінскімі вершамі”.

– Князь Ян Мікалай Хадкевіч, гетман Вялікага Княства Літоўскага, з жонкай Аляксандрай, – выкрыкнуў вяшчальнік.
Высокія дубовыя дзверы расчыніліся, і ў прасторную, асветленую мноствам свечак, аздобленую ляпнінай і роспісам гожую залу ўвайшлі запрошаныя, там іх сустрэлі гаспадары. Зайгралі музыкі, недзе там, за сцяной, пачуўся басавіты выстрал з гарматы (гэтак віталі кожнага госця), казаліся прачулыя словы зычэння і пажадання здароўя адзін аднаму.
– Князь Станіслаў Радзівіл крайчы ВКЛ, з жонкай Каралінай, – зноў абвясціў вяшчальнік. І зноў абудзіў прастору глухаваты стрэл гарматы.
– Граф Ян Ежы Флемінг, падскарбі ВКЛ, з жонкай Тарэзай.
“Пра паходжанне людзей па-беларуску”
Легенды, міфы, паданні – маладаследаваныя жанры ў беларускай літаратуры. Справа ў тым, што народныя ўяўленні пра паходжанне сусвету, чалавека, жывёльнага і расліннага свету звязаны з біблейскай, апакрыфічнай касмагоніяй. А вядома, што ўсякае праяўленне “рэлігійнасці” не віталася савецкай атэістычнай ідэалогіяй.
Праўда, апошнім часам ідзе інтэнсіўнае, сістэмнае засваенне навукоўцамі міфатворчасці сваіх народаў. Не станем пералічваць вядомыя ў навуковых кругах выданні, адзначым толькі грунтоўны “Мифологический словарь», выдадзены ў Маскве ў 1991 годзе пад агульнай рэдакцыяй Е.М. Меляцінскага. У ім упершыню выкладзены міфы не толькі славянскіх народаў, але народаў усяго свету.

І калі тры гады таму назад, праглядваючы свой архіў, я натрапіў на легенду, міф, запісаны яшчэ ў 1974 годзе ад Марфы Захараўны Шчурко, 1907 г.н., жыхаркі в.Заполле Івацэвіцкага раёна, тут жа звярнуўся да гэтага “Словаря”, жадаючы даведацца, ці сустракаецца падобны сюжэт у іншых народаў. Як не дзіўна, але міфа з такім сюжэтам у “Словаре” не знайшоў.
Вось тэкст “нашага” міфа, “нашай” легенды.
Мядовы бунт
У 1679 годзе “люди господарские села Любисчич” паскардзіліся каралю і вялікаму князю літоўскаму Яну Сабескаму (1629-1696) на празмерны цяжар павіннасцей, што спаганяла з іх мясцовая адміністрацыя за карыстанне надзелам зямлі. Паводле волі караля і вялікага князя Рэчы Паспалітай, сялян перавялі ў разрад чыншавікоў, гэта значыць, яны пачалі плаціць толькі грашовы падатак, а іменна: 4 злоты 10 грошаў літоўскіх у год з адной валокі зямлі (1 злоты быў роўны 30 грошам; адна валока раўнялася 21,3 га зямлі). І хоць гэта былі немалыя грошы (напрыклад, бочка віленская (406,5 л) аўсу каштавала 16 грошаў, тая ж бочка жыта – 24 грошы, воз сена – 8 грошаў, парася – 3 грошы, качка – 2 грошы), чалавек мог планаваць выплату падаткаў, урэшце, разлічваць на свае сілы, на магчымасці свае сям’і. Акрамя пераводу на грашовы аброк, любішчычане атрымалі вызваленне ад гужавай павіннасці, ад платы мядовай даніны, іншыя паслабленні.
Алена Глінская – ураджэнка Бялавіч
Маці цара Івана Грознага нарадзілася ў Бялавічах

У мінулым Бялавічы на працягу многіх стагоддзяў з’яўляліся прыватным уладаннем. Вядома, што з 1485 года яны належалі князю цвярскому Міхаілу Барысавічу. Як жа трапіў ён сюды? У міжусобнай барацьбе з Маскоўскім князем Іванам III за вяршэнства ў аб’яднанні рускіх зямель князь Міхаіл Барысавіч пацярпеў паразу і вымушаны быў хавацца ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Плылі баркі і параходы...
Вядома, што хуткімі тэмпамі ідзе аднаўленне Аўгустоўскага канала, які злучае рэкі Віслу і Нёман. Ходзяць чуткі, што складзены каштарыс на рэканструкцыю і Агінскага канала, часткі воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці.Агінскі канал... Глядзіш на гэтае плыткае, зацягнутае густой раскай рукатворнае рэчышча і не верыцца, што некалі вось гэтая водная артэрыя адкрыла мясцоваму гандлёваму люду шлях да Чорнага і Балтыйскага мораў. Гэта тут, міма шумнай палескай вёскі Целяханы, праплывалі рачныя судны з дзіўнымі назвамі: віцімы, паўвіцімы, баркі, паўбаркі, лодкі, галеры, байдаркі.
Кандрата Лейка: ён пачынаў у Косаве
Кандрата Лейка быў адным з першых сейбітаў на ніве беларускай літаратуры канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.
І пачыналася яго творчасць у горадзе Косаве, калі ў 1879 годзе стаў працаваць настаўнікам у народным вучылішчы. ..
Нарадзіўся Кандрат Фёдаравіч Лейка 30 верасня 1860 года ў вёсцы Збочна, што на Слонімшчыне, у звычайнай сялянскай сям’і.
Ён быў яшчэ малым хлопчыкам, калі родны дзядзька Раман прыахвоціў яго да чытання, і гэтую любоў да кнігі, да чароўнага слова захаваў будучы пісьменнік на ўсё жыццё.
Бацька, Фёдар Якаўлевіч, усцешаны незвычайнымі здольнасцямі свайго сына, вырашыў усе сілы пакласці, каб пусціць дзіця ў навуку.
Хутка хлопчык паступіў ў Азярніцкае народнае вучылішча, дзе ім апекаваўся настаўнік Восіп Міхайлавіч Вікторскі. Уражаны дапытлівасцю, працавітасцю вучня, Восіп Міхайлавіч дабіваецца, каб Кандрата Лейку залічылі ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю вучыцца за казённы кошт.
Карчма ў Заполлі
Вёскі на вачах пусцеюць. Бязлюдныя сядзібы паціху дзічэюць, зарастаюць учэпістым слівамі, вішнямі, пустазеллем.
Апошнім часам езджу па сёлах, раблю здымкі “матэрыяльнай культуры”: старых хат, ліштваў на вокнах, ганкаў, хлявоў – усяго, да чаго дакранулася з любасцю і ўмельствам рука чалавека. У час вандровак трапляюцца унікальныя “ аб’екты” этнаграфіі, што захаваліся да нашых дзён. Гэта драўляныя забудовы сярэдзіны 19 стагоддзя па вуліцах Ціхай, Горкага і 3-га Лютага ў Косаве, рэшткі брукаванак у тым жа мястэчку, гумно ў Старажоўшчыне (а некалі ж яно было ў кожнага гаспадара ў вёсцы!), калодзеж з класічнымі бабаю, коваратам і ключкаю ў вёсцы Каплі Пружанскага раёна. А яшчэ будынак …карчмы ў вёсцы Заполле. Што гэта хата была карчмой, паведаміла нам Алена Мікалаеўна Зайка:
– У гэтай хаце мы пагадаваліся. Яна засталася нам ад дзеда. Ён расказваў, што пасля вялікага пажару, які здарыўся на пачатку 20-ых гадоў мінулага стагоддзя ў Заполлі, купіў і перавёз з Косаўскага гасцінца былую карчму.
Ян Віктарын – уладальнік Івацэвіч
(Імя ў гісторыі раёна)

У 1555 годзе Івацэвічы, паводле пісьмовых крыніц, з’яўляліся ўласнасцю слонімскага суддзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Мікалаевіча Іллініча.
Што ўяўляла сабой судовая сістэма ў ВКЛ і ці была пасада суддзі важнай і ганаровай у той час?

Згодна Статута 1529 года, усю судовую ўладу прадстаўлялі вышэйшыя вялікакняжацкія чыноўнікі: ваяводы, старасты і дзяржаўцы. Ім дазвалялася выбраць кожнаму ў сваім павеце ў дапамогу сабе “двох земянінаў (шляхцічаў) людзей добрых, а годных веры”, а таксама судовых выканаўцаў – пісараў, віжоў, дзецкіх. Такі парадак судаводства не задавальняў простую шляхту, якая дамагалася выбарных суддзяў. Пэўныя ўступкі ў гэтым кірунку былі зроблены ў 1555 годзе, калі кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Аўгуст заснаваў земскія суды, адмовіўся ад належачых яму судовых пошлін, пачаў прызначаць суддзяў з мясцовай шляхты. Так, у Слонімскім павеце прызначыў “з рамени своего господарского судей, не обчих, але в тым повете оселых”: Яна Віктарына з Івацэвіч, Мікалая Паўлавіча Юндзіла з Бусяжы і пісара Міхаіла Сакалоўскага з Дзевяткавіч.
Іллінічы – уладальнікі Івацэвічаў
Кажуць, што першага пасяленца, які аблюбаваў стромы пагорак над рэчкай Грыўдай, звалі Івач, а паселішча, якое ўзнікла, назвалі Івачэвічамі, а крыху пазней – Івацэвічамі.

Першая пісьмовая згадка пра селішча адносіцца да 1519 года і звязана з магнатамі Іллінічамі. Паходжанне іх рода дакладна не высветлена. Мяркуюць, што яны з праваслаўных баяр Северскай зямлі. Вялікі князь ВКЛ Казімір (1427– 1492) сваім прывілеем пацвярджае права Яцку Іллінічу на “отчины и дедины» у Старадубскім і Радагошчанскім паветах на Чарнігаўшчыне, а таксама сяло Пожанку ў Клецкім княстве. Больш звестак дайшло пра Івана Іллініча (? – каля 1490), намесніка драгічынскага (каля 1475), віцебскага (1482), смаленскага (1487). Пасада намесніка была вельмі важнай у дзяржаве. Ён валодаў адміністрацыйна-гаспадарчай, фінансавай і судовай уладай на пэўнай тэрыторыі. За час намесніцтва Іван Іллініч значна пашырыў свае ўладанні: здабыў дзяржаўны маёнтак Чарнаўчыцы ў Берасцейскім павеце. Ажаніўшыся з Ганнай Доўгірдаўнай, атрымаў за ёю Лынтупы, Рэпухава і Воўкавічы. Пад канец жыцця набыў Мір у Наваградскім павеце. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду Іллінічаў.