Магазін

Автор
Опубликовано: 988 дней назад (10 марта 2015)
+2
Голосов: 2
Даўней грамадскіх пабудоў на сяле было няшмат. Царква – і то не ў кожным паселішчы, а ў цэнтры царкоўнага прыходу, парафіі. Карчма – амаль у кожнай вёсцы. Калі не ў самой вёсцы, то на недалёкім гасцінцы, бойкім шляху, на раздарожжы. Некалі карчма замяняла і клуб, і харчэўню, і гасцініцу, у ёй моладзь бавіла вечары, ладзіла балі, скокі, танцы. У карчме адзначалі святы, нават гулялі вяселлі. У царкву ды ў карчму можна было зайсці без запрашэння, калі схочацца. Але царкву наведвалі толькі святамі, а ў карчму чалавек быў вольны патрапіць кожны дзень.

У другой палове XIX стагоддзя пачалі талакой будаваць дзеткам школы; тыповыя, на дзве палавіны, з ганкам, уваходам пасярэдзіне. У адной палове месціўся класны пакой, у другой жыў настаўнік з сям’ёю. Пасля забароны прадаваць гарэлку на разліў у 1894 годзе (толькі ў бутэльках!), пачалі з’яўляцца ў сельбішчах крамы, так званыя “манаполькі”, дзе, акрамя моцных напояў, можна было купіць селядцы, соль, газу, сернікі-запалкі, шмат што з галантарэі.

У вялікіх сёлах, мястэчках, цэнтрах воласцей былі будынкі валасной управы, суда, народныя дамы, шмат гандлёвых лавак.
Яшчэ адна грамадская пабудова, якая існавала вякамі, – гэта магазіны ці магазейны – хлебныя каморы са страхавым запасам зерня. Пра іх мы і павядзём гаворку.

Некалі на нашай зямлі часта здараліся недароды, неўраджаі, і як вынік гэтага – голад, галеча, спусташэнне. Вось радкі з “Баркулабаўскай хронікі” пра галодную вясну 1602 года. “У ворот, альбо в дому у кого стоячи хлеба просили, отец з сыном, сын з отцем, матка з дочкою, дочка з маткою, брат з братом, сестра з сестрою, муж з жоною тыми словы мовили силне, слезне, горко мовили так: «Матухно, зезулюхно, месец, звездухно, дай крошку хлеба!». Тут же подле ворот будет стояти з раня до обеда и до полудня, так то просечи. Там же другий под плотом и умрет”.

Трэба было ратавацца ад бяды, і людзі вырашылі будаваць грамадскія амбары, ці магазіны, і ссыпаць туды, звозіць, калі будзе добры ўраджай, лішак збожжа на чорны дзень.
Асабліва інтэнсіўна вялося будаўніцтва хлебных камор, ці магазейнаў, у XIX стагоддзі, калі тэрыторыя сучаснай Беларусі стала належаць Расійскай імперыі і дзе гэтая справа была добра наладжана. Амаль у кожным паселішчы нашага раёна дзейнічалі хлебныя амбары. Як жа выглядалі яны? Велічыня іх залежала ад колькасці рэвізскіх душ, якія былі занесены ў так званыя рэвізскія сказкі ці імянныя спісы насельніцтва таго ці іншага населенага пункта.

Праводзіліся рэвізіі кожныя пяць гадоў. У іх змяшчаліся звесткі пра колькасць жыхароў, нацыянальны склад, узрост і сямейнае становішча. Напрыклад, у вёсцы Глінная ў 1865 годзе налічвалася 47 рэвізскіх душ і быў свой невялікі магазін, у недалёкай Святой Волі было ажно 673 рэвізскіх душ і амбар быў намнога большы.

Першы вянок пры будаўніцтве клалі на дубовыя штандары або камяні вышынёй да 0,7 метра. Бярвёны двух першых вянкоў з боку фасада выпускалі да 1,5 м вонкі, канцы іх злучалі бервяном на ўсю шырыню і засцілалі дошкамі. Такі ганак са страхой і апорнымі слупамі ўтваралі прытвор, да якога пад’язджалі ездакі для разгрузкі зерня, або калі забіралі яго. Доўгія сцены закладвалі ў шулы, страху накрывалі саломай ці чаротам. Падлогу насцілалі з тонкіх бярвёнаў або плашак, і абмазвалі глінай, якую размешвалі з каламаззю. Рабілі так для трываласці і каб не шкодзілі, не лезлі мышы. І ставілі будынак на штандары, стойкі, каб пазбегчы сырасці, каб зерне не пакрывалася цвіллю.
У сярэдзіне пабудовы адгароджвалі засекі з бярвён ці дошак, якія закладвалі ў вырубленыя ў сценах пазы.

Каб ведаць, якой колькасцю збожжа трэба запасацца, падлічылі, колькі ў сярэднім за год спажывае хлеба чалавек. Вырашылі: на адну рэвізскую душу трэба нарыхтаваць 1 чвэрць жыта ці ячменю і аўса 1/2 чвэрці. (Нагадаем, 1 чвэрць збожжа – гэта 210 кг). З гэтых вылічэнняў і рабілі запасы. Не адразу, а паціху, за некалькі год назапашвалі збожжа столькі, каб было дзве-тры нормы на чалавека.

Для назірання за працай магазіна памешчыкі са свайго асяроддзя выбіралі некалькі шляхцічаў-дазорцаў. Гэтыя дазорцы ўжо ад сябе назначалі магазейных старастаў з граматных сялян.
Старасты, ці магазіншчыкі, збіралі з сялян збожжа, вялі прыход і расход яго па шнуравых кнігах.
Магазіншчыкі сачылі, каб збожжа не плеснела, не залежвалася, не цвіло, таму час ад часу яго пералапачвалі, у пагодлівыя дні прасушвалі.

Пры магазінах быў неабходны супрацьпажарны рыштунак: віленская бочка з вадой (406,5 літра), багры, вёдры, лапаты, пясок.
У амбары захоўвалі посуд, якім мералі збожжа: гарнцы (на 3,8 кг), чацверыкі (на 25 кг), асміны (на 51 кг). Былі бязмены рознай велічыні.
Яшчэ патрэбна было глядзець, каб зерне не псавалі, не засмечвалі мышы ды пацукі. З імі вялі бязлітасную вайну ўсімі магчымымі сродкамі. Найболей спадзяваліся на народныя. Збіралі арэй, якім усцілалі падлогу ў царкве на Сёмуху, і раскідвалі па засеках, клалі той велікодны май, якім упрыгожвалі звонку хату і надворак. Калі завозілі ў магазін збожжа новага ўраджаю, магазіншчык казаў аберагальныя словы: “У маім магазіне пясок ды каменне, а ўсялякае збожжа расце па лясах ды верасах”. Раскідвалі і палын – з моцным пахам і горкім смакам, укроп ці рамонак.

У XIX стагоддзі шмат зямель у межах сучаснага Івацэвіцкага раёна належала магнацкаму роду Пуслоўскіх. Ф. У. Пуслоўскі валодаў Целяханамі і вакольнымі вёскамі. Вядома, што на Палессі землі пясчаныя, малаўраджайныя і хлеба, сабранага сялянамі, відавочна не хапала. То памешчык Франц Пуслоўскі ўвёў так званае грамадскае заворванне: ён па сваёй добрай волі адвёў некалькі дзесяцін уласнай ворнай зямлі, якую сяляне апрацоўвалі сумесна, талакой. Увесь сабраны ўраджай з гэтага поля паступаў у іх хлебны амбар.

Недзе ў другой палове XIX стагоддзя рашэннямі вясковых сходаў пры сельскіх хлебных магазінах засноўваліся зберагальныя касы, якія па меры накаплення грашовых сродкаў таксама спрыялі паляпшэнню матэрыяльнага становішча сялян. На гэтыя грошы куплялася самае неабходнае для паселішча: пажарны рыштунак, цэментныя колцы для калодзежаў, збожжа. Калі здараліся добрыя ўраджаі і былі лішкі зерня ў магазінах, то збожжа прадавалі на кірмашах.

Каб было бачна, колькі каштавала асноўная злакавая расліна – жыта, дадзім яго цэны па гадах (капеек за пуд): 1841 год – 37,5 кап.; 1861-1863 – 35 кап.; 1864-1866 – 40 кап.; 1867-1869 – 58 кап.; 1881-1885 – 78,0 кап.; 1886-1890 – 57,0 кап.; 1891-1895 – 70 кап.; 1896-1900 – 62 кап.; 1901-1905 – 72 кап.; 1906-1910 – 96 кап.; 1911-1913 – 84 кап.

Каб вы маглі параўнаць, многа гэта ці мала, прывядзём цэны на асноўныя харчовыя тавары тых гадоў. Калі ў 1861 годзе пуд мукі каштаваў 75 капеек, то ўжо ў 1892 годзе – 1 руб. 55 капеек, кошт фунта (400 г) хлеба вырас за гэтыя гады з 2 капеек да 5, фунт ялавічыны – з 4 да 12, фунт сметанковага масла – з 16 капеек да 42, кварта (750 г) алею – з 12 да 30 капеек.
За дзень, а працоўны дзень пачынаўся на золку і канчаўся з захадам сонца, можна было зарабіць ад 25 кап. да 1 руб. 30 кап. Усё залежала ад тэрміновасці і важнасці работы. Так, у 1901 годзе ў час сяўбы памешчык плаціў наёмнаму работніку мужчыне 1 рубель, калі той з’яўляўся з канём, і 40 капеек без каня, жанчыне плаціў 25 капеек; у час сенакосу касец зарабляў 50 капеек, жанчына-грабенніца – 35 капеек; у час уборкі мужчына, які вазіў снапы з поля ў адрыну, атрымоўваў 1 рубель 30 кап.; жанчына-жняя – 40 капеек. Калі хто хацеў, як кажуць, замарыць чарвяка, ішоў у карчму да карчмара і той за 3 капейкі наліваў яму кілішак гарэлкі, даваў закусіць лустачку хлеба, селядца ці салёнага агурка. Нездарма ў 1843 годзе гродзенскі губернатар, робячы справаздачу пра стан гаспадаркі ў губерні, адзначаў: “Во многих местах на абеднение крестьян сильно действуют живущие по деревням или вблизи оных евреи, которые по алчности своей и корыстолюбию, развращая нравственность крестьян всеми мерами, выманивают от них продукты и разные вещи за бесценок».

Але трэба быць аб’ектыўным: ніводзін карчмар сілком нікога не цягнуў у карчму. Невысокі матэрыяльным дастатак людзей трэба тлумачыць найперш невысокімі ўраджаямі (50-60 пудоў з дзесяціны), частымі недародамі, ці проста не хапала дужых, моцных рук для апрацоўкі палетка. Не заўсёды маглі дапамагчы і хлебныя каморы: запасы рэзка зніжаліся, калі здараліся неўраджаі, навальваліся хваробы, эпідэміі. Выявілася, каб трымаць магазін у добрым парадку, трэба прыкласці шмат намаганняў і сіл, а вольных рук у сяле не ставала.

Як заўсёды бывала і бывае ў жыцці, і гаспадаркі, і гаспадары бываюць розныя. Адзін рупіцца, стараецца, другі лянуецца і любіць паляжаць у цяньку. Таму было шмат нядоімак, збораў, унесеных не ў тэрмін, або няпоўнай мерай.
А былі ж яшчэ і падаткі, якія трэба было абавязкова плаціць. Так, жыхары Святой Волі ў 1865 годзе на жалаванне валасным чыноўнікам і валасному пісару збіралі па 13 капеек з рэвізскай душы, на здачу рэкрута 75 капеек з двара, на ўтрыманне валаснога праўлення – 2,5 кап. з двара. А тут яшчэ згоны, гвалты, шарваркі, начное вартаванне…

Калі здарыўся вялікі недарод збажыны на поўдні Расіі ў 1901 годзе, выявілася, што запасаў збожжа, накопленага ў хлебных магазінах, было недастаткова, каб пазбавіцца цалкам альбо хоць зменшыць наступствы неўраджаю. Людзі галадалі, і дзяржаве спатрэбіліся шматмільённыя расходы, каб уратаваць іх ад смерці.
У дакладзе міністра ўнутраных спраў ад 15 кастрычніка 1902 года, які ён прадставіў цару Мікалаю II, паведамлялася, што вялікі голад “объясняется не скудостью запасов вообще, а невозможностью пользоваться ими в мере действительной надобности, так как они признаются в настоящее время собственностью сельских обществ и хранятся при них сравнительно небольшими партиями”. У дакладзе ўказваецца на “целесообразность учреждения центральных складов зерна в местностях, куда доставка в неурожайные годы затруднительна”.

Паводле статыстыкі 1900 года, у 46 губернях Еўрапейскай Расіі налічвалася каля 95000 хлебных магазінаў, у якіх захоўвалася 31 мільён чвэрцяў збожжа; кошт магазінных будынкаў раўняўся 19 мільёнам рублёў.

У жніўні 1914 года пачалася Першая сусветная вайны. Уся Беларусь стала месцам жальбы і смутку. Здольныя да вайсковай службы мужчыны былі мабілізаваны, ваявалі. Хутка фронт ушчыльную наблізіўся да нашых мясцін. Большасць людзей, напалоханыя расказамі пра зверствы кайзераўскіх салдат, гарачым вераснем 1915 года з няхітрымі пажыткамі рушылі на ўсход, у бежанства. Вярталіся дамоў у 1920-1922 гадах на разбураныя котлішчы. Панішчаны былі і хлебныя каморы. Мабыць, ніводнага не засталося… Польскія ўлады, якія ўсталяваліся тут, не сталі іх аднаўляць. Адно, што засталіся ў мікратананімічных назвах. І тых не вельмі шмат. У вёсках Заполле ды Юкевічах ёсць дарогі, якія называюцца дасюль Магазыновымі.

Праўда, калі на пачатку 50-х гадоў XX стагоддзя пачалі ўзнікаць калгасы і спатрэбіліся вялікія грамадскія будынкі для захоўвання збожжа, зноў вярнуліся да вопыту будаўніцтва даўнейшых магазінаў. Будавалі далей ад жытла, абавязкова падрубы клалі на штандары, сваі, бярвенні ў доўгіх сценах закладвалі ў вертыкальныя шулы, крылі цяпер ужо не саломай, а дранкай. Толькі гэтыя будынкі цяпер усюды называлі амбарамі. Захаваліся такія амбары ў многіх вёсках і да сёння. Стаіць ён і ў маім родным Заполлі. А словы “магазін”, “магазіншчык”, “камора”, “клець”, “адрына” сталі архаізмамі…
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев