Пад cтары Новы год…

Автор
Опубликовано: 165 дней назад (12 января 2017)
+1
???????: 1
Святыя Каляды ў нас адзначаюць з 6 па 19 студзеня, да Вадохрышча.
Умелі людзі святкаваць, умелі і весяліцца. Сярод святочных дзён асобна выдзяляўся вечар перад Старым Новым годам. У гэты вечар моладзь варажыла, жадаючы ведаць свой далейшы лёс.

Як гэта рабілі ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна, успамінала Алена Антонаўна Мігель, 1918 года нараджэння:
– А перад Старым Новым годам дзяўчаты варожаць. Збяруцца ў чыёй хаце, пойдуць у куратнік, знімуць з седала чорную курыцу, насыплюць горбачкамі жыта. Колькі дзяўчат – столькі і горбачак у адзін радок. І пускаюць курыцу. З чые горбачкі пачне дзяўбсці, тая дзеўчына першая замуж пойдзе. Во адну пачала дзяўбсці, потым другую, адышлася – пачала трэцюю. Гэтак адна за адною і замуж выходзілі. А чыю не схацела, той яшчэ ў дзеўках сядзець. А некаторыя дзяўчаты булкі пяклі, клалі ў радочак і пускалі сабаку. Чыю булачку ўхопіць, тая дзеўчына першая замуж пойдзе.

Яшчэ рабілі калодзеж з дроў ці лучыны і клалі пад ложак. Прысніцца, што хлопец ідзе па ваду, ведай – гэта твой суджаны. А то на люстэрках гадалі. У цёмнай хаце, у поўнач, ставілі адно люстэрка спераду, другое – ззаду. Сядзелі і чакалі, пакуль хлопец у люстэрку з’явіцца. Гэто і будзе твой суджаны. Але адразу трэба хутчэй закрыць люстэрка ручніком, а то па твары жаніх можа стукнуць.
Яшчэ бралі жыта ў фартушок і поначы ад хаты да калодзежа сыпалі зерне, каб толькі ніхто не бачыў. Даўней калодзежы былі агульныя, хлопцы з усяго грудка вадзілі паіць коней. Зробіць дзяўчына дарожку з зерня, бяжыць дахаты і кладзецца ў пасцель. Гэтай ноччу ёй абавязкова прысніцца кавалер, які прынясе ваду да яе ў хату. Праўда, пакуль што ў сне.
Дзяўчаты напрадуць кудзелі і перацягнуць вечарам нітку ад плота да плота, праз усю вуліцу. Схаваюцца дзе і чакаюць. Хто парве нітку, за таго і замуж пойдзеш.
Усяго-усяго маладыя выдумлялі. Цяжка мне цяпер і ўспомніць. Але во яшчэ. Гэта ж не палянуюцца і вынесуць на вуліцу рубля, якім уціскаюць сена на возе. Паставяць стойма і адбягуцца. Куды ўпадзе, у той бок дзеўка і замуж пойдзе.
Памятаю, усё хапаліся за плот. Як да пары схопіш штыкецін, гэтым годам выйдзеш замуж. А не да пары – яшчэ год хадзіць у дзеўках будзеш.

Даўней зімою дроў наношвалі ў хату на цэлы тыдзень, бо надта маразы былі вялікія. Нясеш бярэмя, кінеш, лічыш, колькі пален прынесла. Як да пары, то пойдзеш да вянца.
Смеху, віску было на ўсю вуліцу. Але баяліся, каб хлопцы не бачылі, што мы робім, а то будуць з нас смяяцца.
Кожнай дзеўчыне хацелася ведаць, які будзе муж – добры ці ліхі. Бо, кажуць, з добрым нажывешся, а з ліхім наплачашся. Вось і ішлі вечарам у цёмны хлеў, руку перад сабою выстаўлялі. Як даткнецца рука да нечага мяккага, цёплага, то і муж будзе добры, ласкавы. А калі да халоднага, то муж будзе ліхі. А то яшчэ кідалі каменьчык у калодзеж і слухалі: як ціха ў воду ўпадзе, то муж будзе рахманы, спакойны, а як булькне, то бурклівы.

А дзецьмі бегалі мы ад хаты да хаты і крычалі пад вокнамі: “Маці, маці, як жаніха зваці?”, “Скажы, маці, як нявесту зваці?”. І маўчым, а ў грудзях калоціцца, стукае сэрца. Фіранкі расхіляюцца, і праз узоры на шыбах мы бачым усмешлівыя, зычлівыя твары дарослых і чуем у адказ самыя пацешныя імёны: Аўдося, Матруна, Макрына, Тодар, Панас, Селівон. Мы смяемся і навыперадкі бяжым да наступнай хаты. А там зноў нам гавораць не чутыя намі імёны. Весела было!
Ой, Шурачка, варажба варажбою, а як Бог дасць, так і будзе.
Комментарии (0)
Добавить комментарий