+17 RSS-лента RSS-лента

Сляды на пяску

Автор блога: Анатоль Галушка
Брацік
Можа, гэта з гадамі так, не ведаю. Але апошнім часам, часта перад сном, калі ў пакоі цёмна і ціха, і сон не ідзе, памяць
пачынае падкідваць нейкія выпадкі ці гісторыі з жыцця, якія не вельмі і хочацца ўспамінаць. Можа, гэта ўжо сумленне патрабуе нейкага пакаяння?
Напэўна, у кожнага чалавека ёсць нешта такое, за што не-не, ды і пачынае мучыць сорам.

Гэты выпадак адбыўся шмат гадоў таму, але вось не забыўся, напамінае пра сябе. І шчыміць недзе ў грудзях.
Канец кастрычніка, бабіна лета і цэлы тыдзень свабоды – восеньскія канікулы. Гэтым часам мы, зарачанскія хлапчукі, ішлі ў лес за клюшкамі.
Ужо не за гарамі першыя маразы, лёд і наша любімая на той час гульня – хакей. І каб хапіла гэтых самых клюшак на ўвесь сезон, каб не прасіць потым у каго на гульню, трэба было самому паклапаціцца і загатаваць сама меней штук пяць. А лепей і больш. Бывала, тая самаробная клюшка і адной гульні не вытрымлівала – разляталася на кавалкі.
Дарога дадому
Люблю падарожнічаць. Не так часта даводзіцца некуды выбрацца, але калі атрымліваецца – я амаль што шчаслівы

Лета, сонца… Машына імчыць па дарозе, з адкрытай форткі ў твар б’е пругкая хваля цёплага ветру. Закрыеш вочы – і здаецца, што ты недзе высока ў небе. Ляціш і адтуль, зверху, назіраеш, як змяняюцца пейзажы, іх колер і адценні, калі сонца заходзіць, а потым вырываецца з-за невялічкай хмаркі і яркай плямай ці паласой плыве, слізгае па смарагдзе палёў і лугоў, гоніць-даганяе блакітны цень.

І ўсё гэта, як у дзіцячым калейдаскопе, – з кожным рухам з’яўляецца нешта новае, яшчэ ярчэйшае і прыгажэйшае, і не хочацца спыняцца, адрываць вочы ад такой прыгажосці.
Ты хто?
Сустрэчы былых вучняў і іх настаўнікаў сталі ўжо добрай традыцыяй. І сапраўды – прыемна праз дзесяць, дваццаць, а то і сорак гадоў пабачыць сваіх школьных сяброў, сябровак, даведацца, хто кім і якім стаў. Бо што ні кажы, а тыя гады, праведзеныя і пражытыя разам, робяць нас не проста вучнямі аднаго класа, але і блізкімі, нават крыху роднымі людзьмі.

А першае каханне? Ці не да сваёй аднакласніцы ці аднакласніка мы адчулі гэта ўпершыню?
Потым жыццё развядзе, раскідае на доўгія гады, якія напластоўваюцца адзін на адзін, бягуць-імчаць усё хутчэй і хутчэй, зацягваючы ў вір жыццёвых клопатаў і праблем.І ўсё далей і далей тыя светлыя, шчаслівыя гады і тыя шчырыя, трапяткія пачуцці.
І хоць кажуць, што ў адну і тую ж раку двойчы не ўвайсці, але ж…
Так хочацца хай не ў тую ваду, дык хоць ля той ракі, на тым беразе пастаяць, успомніць…
Смачна есці
Дзядзька Косця чакаў абеду.
З ранку, спяшаючыся па справах, перахапіў тое-сёе на хуткую руку і зараз ужо добра смактала пад лыжачкай.
– Клаўка, ну хутка ты тут? – зазірнуў ён на кухню.
– Ды ідзі ўжо, ідзі, наліваю, – лагодна ўсміхнулася жонка, – садзіся во.
Дзядзька Косця з бачным задавальненнем прысеў на высокі самаробны услончык, адрэзаў тоўстую лусту свежага чорнага хлеба і ўзяў у руку лыжку.
Клаўка асцярожна, каб не разліць, паставіла перад ім вялікую блакітную міску з паруючым варывам.

– Ну вось, смачна табе есці, – пажадала гаспадыня і выйшла па сваіх справах у сенцы.
Косцік на поўны рот адкусіў хлеба і нахіліўся над міскай.
– А каб цябе, ізноў гэты суп, – незадаволена паморшчыўся дзядзька.
*** Не зведаўшыя...
Не зведаўшыя горыч паражэнняў,
Не зразумець вам тых, хто з небыцця,
Па кропельцы, крупіначцы, імгненню
Складаў сваю мазаіку жыцця.

Хто слёз спазнаў, галоту і блуканні—
Паўней ацэніць радасці глыток,
Калі пасля трывог і вандраванняў
Бацькоў сваіх наведае куток.

Хто паміраў і курчыўся ў пакутах,
Калі ў вачах то зоркі, то крамеш,
Той зразумее праўду слоў пачутых:
Змагаешся – і значыць, ты жывеш.
Печ
...Каторы ўжо дзень, не перастаючы, ідзе нудны, халодны дождж. Пранізлівы восеньскі вецер са злосцю кідае ў вокны дробныя, халодныя кроплі. Сонца не з’яўлялася на небе ўжо колькі дзён і, здаецца, яно згінула назаўсёды.
Надвячорак. У дамах жоўтымі вачыма блішчаць вокны, а над мокрымі стрэхамі вецер круціць і рве бялёсыя ласкуты дыму.
І ад таго, што за вокнамі такая непагадзь, у хаце робіцца яшчэ ўтульней. Вельмі прыемна сядзець ля цёплай печы і слухаць, як весела патрэскваюць дровы, глядзець, як жывыя языкі полымя ліжуць цагліны і струменямі сплываюць у чорнае жарало коміна.
Сёння ўжо рэдка хто карыстаецца вялікімі, напаўкухні, “рускімі” печамі. Ад іх пазбавіліся, як ад непатрэбнай рэчы, хто зусім, а хто пакінуў толькі пліту, ці перарабіў у ,,галанку”.
Можа, і праўда яны аджылі свой век. У сённяшніх гаспадынь, напэўна, ужо не хапае ні жадання, ні часу, каб займацца з такой печчу.
Але шкада.