Брацік

Автор
Опубликовано: 751 день назад (2 ноября 2015)
+4
Голосов: 4
Можа, гэта з гадамі так, не ведаю. Але апошнім часам, часта перад сном, калі ў пакоі цёмна і ціха, і сон не ідзе, памяць
пачынае падкідваць нейкія выпадкі ці гісторыі з жыцця, якія не вельмі і хочацца ўспамінаць. Можа, гэта ўжо сумленне патрабуе нейкага пакаяння?
Напэўна, у кожнага чалавека ёсць нешта такое, за што не-не, ды і пачынае мучыць сорам.

Гэты выпадак адбыўся шмат гадоў таму, але вось не забыўся, напамінае пра сябе. І шчыміць недзе ў грудзях.
Канец кастрычніка, бабіна лета і цэлы тыдзень свабоды – восеньскія канікулы. Гэтым часам мы, зарачанскія хлапчукі, ішлі ў лес за клюшкамі.
Ужо не за гарамі першыя маразы, лёд і наша любімая на той час гульня – хакей. І каб хапіла гэтых самых клюшак на ўвесь сезон, каб не прасіць потым у каго на гульню, трэба было самому паклапаціцца і загатаваць сама меней штук пяць. А лепей і больш. Бывала, тая самаробная клюшка і адной гульні не вытрымлівала – разляталася на кавалкі.

Збор назначылі на дванаццаць гадзін ля старой Антосявай вярбы. Сабралася чалавек дванаццаць, кожны з сякерай на плячы ці за шырокім салдацкім рэмянем з вялікай зоркай на жоўтай выгнутай бляшцы. Такі рэмень, мы называлі яго пражка, проста павінен быў быць у кожнага паважаючага сябе хлапчука. У мяне быў, і за ім, крыху збоку, была засунута невялікая, вельмі вострая сякера.

І калі мы ўжо рушылі ў бок ракі, мяне дагнаў мой малодшы брацік Сярожа. Учапіўся за руку, радасны:
– І я з табою, я таксама хачу ў лес па клюшкі!
Але куды ж браць малога васьмігадовага хлапчука? Дзе і калі там за ім сачыць? Ды як я не намагаўся ўгаварыць малога не ісці за мною, той ніяк не згаджаўся. Вось і крайнія хаты вуліцы мінулі, хутка масток праз канаву, а Сярожка ўсё чапляўся, прасіў. Мае сябры ўжо перайшлі масток і зніклі за насыпам дамбы. Я пачаў злавацца. Прыкрыкнуўшы на малога, схапіў за плячук, развярнуў і піхнуў у бок вёскі:
– Марш хутчэй дамоў.

Сам жа пабег даганяць кампанію. Але на мастку спыніўся і азірнуўся. Сярожка з усяе моцы часаў за мною, відаць, баючыся адстаць. Ён бачыў, што я стаю на мастку і, відаць, падумаў, што чакаю яго.
Але калі Сярожка, радасна ўсміхаючыся ва ўвесь твар, падбег да мяне, я не стрымаўся – злосна закрычаў і моцна штурхнуў малога на пясок. Яшчэ і некалькі плескачоў дадаў.
– Паспрабуй толькі перайсці гэты мост – атрымаеш яшчэ больш?
І, пагразіўшы кулаком, пабег даганяць кампанію. Але адбегшы якую з сотню метраў, спыніўся, пачаў чакаць.

Ці паслухаецца малы? Каб не пайшоў усё ж за мною. Тут жа рака, вузкая высокая кладка. Ці доўга да бяды?
Прайшло некалькі хвілін – браціка не было відаць. Мне стала цікава: вярнуўся ён дамоў ці не? Падышоў да дамбы і вызірнуў. Сярожка сядзеў на тым самым месцы. Схіліўшы галаву ў вялікай зімовай шапцы-вушанцы, ён перабіраў бруднымі пальцамі шэры пясок і ціха плакаў.

І гэтая маленькая, хударлявая, безабаронная постаць на вытаптаным статкамі кароў пяску была такая жаласлівая, што ўсю маю злосць як ветрам здзьмула. Стала так шкада брата, што аж у самога вочы ўзмакрэлі. Хацеў вярнуцца, пашкадаваць, ужо і некалькі крокаў зрабіў, але стрымаўся. Мае хлопцы былі ўжо амаль ля лесу, і іх трэба было даганяць. Бо дзе іх потым знойдзеш у лесе? І я, перамагаючы сябе, раз-пораз азіраючыся, пабег даганяць. Ад самага лесу яшчэ раз азірнуўся і ўважліва агледзеў дамбу і раку – малога нідзе відаць не было. Крыху супакоіўся – відаць, Сярожка вярнуўся-такі дамоў.

Але ўвесь час, што быў у лесе, трывога і жаль не пакідалі. Маленькая постаць браціка стаяла ў вачах. Вельмі хацелася неяк загладзіць сваю віну. І я спецыяльна для яго знайшоў і высек з ядлоўцу невялічкую зграбную клюшку.
З хваляваннем вяртаўся дамоў. Ці хоць дома малы? Сярожка быў дома. Было відаць, што брацік яшчэ пакрыўджаны на мяне. Хацеў абняць, пашкадаваць, але ён вывернуўся і адышоў у бок. Але калі я прынёс і даў яму ў рукі маленькую клюшку – вочкі малога загарэліся.
– Гэта мне?
– Табе, каму ж яшчэ, – у мяне адлягло ад сэрца. – Бач, маленькая, спецыяльна для цябе знайшоў.

На другі дзень я на ўсе свае кішэнныя грошы накупіў пернікаў, газіроўкі і карміў-паіў маіх малодшых брацікаў – Сярожку і Сашку.

Сярожка даўно забыў свае дзіцячыя крыўды і шчыра радаваўся шыпучай газіроўцы і смачным тарпатынавым пернікам.
Ён забыў. А вось я помню.
Сёння майму браціку Сярожцы ўжо сорак чатыры гады. Гэта высокі і дужы мужчына. Але і сёння, калі ўспомніцца той выпадак, мне хочацца абняць яго.
Комментарии (0)
Добавить комментарий