Дарога дадому
Автор
|
Опубликовано: 1254 дня назад (15 сентября 2015)
Блог: Сляды на пяску
|
+3↑ Голосов: 3 |
Люблю падарожнічаць. Не так часта даводзіцца некуды выбрацца, але калі атрымліваецца – я амаль што шчаслівы
Лета, сонца… Машына імчыць па дарозе, з адкрытай форткі ў твар б’е пругкая хваля цёплага ветру. Закрыеш вочы – і здаецца, што ты недзе высока ў небе. Ляціш і адтуль, зверху, назіраеш, як змяняюцца пейзажы, іх колер і адценні, калі сонца заходзіць, а потым вырываецца з-за невялічкай хмаркі і яркай плямай ці паласой плыве, слізгае па смарагдзе палёў і лугоў, гоніць-даганяе блакітны цень.
І ўсё гэта, як у дзіцячым калейдаскопе, – з кожным рухам з’яўляецца нешта новае, яшчэ ярчэйшае і прыгажэйшае, і не хочацца спыняцца, адрываць вочы ад такой прыгажосці.
Сёння мы з братам Сярожам едзем у Івацэвічы. На мосце ён хацеў павярнуць на “алімпійку”, але я папрасіў ехаць па “старой” трасе, праз Чамялы. Мне падабаецца гэта дарога. Хоць яна і не такая гладкая, як “алімпійка”, але для мяне яна нейкая больш маляўнічая, больш утульная ў акружэнні вынёслых дрэў і пышных кустоў.
Па ёй прыемна ехаць у любую пару года, але восенню, у сонечнае надвор’е – асабліва. Тут усё: і буянства фарбаў на дрэвах, і рознакаляровыя цені, і сонечныя плямы на асфальце, і завіруха апалых лістоў пад коламі сустрэчных машын… Так бы
ехаў ды ехаў і ніколі не надакучыла б.
Да таго ж, і заязджаць у Івацэвічы мне падабаецца менавіта па гэтай дарозе. Кожны раз, калі машына ўзнімаецца на высокі мост праз Грыўду і адкрываецца панарама горада, у мяне крыху перахоплівае дых. І ад гэтай вышыні, а яшчэ – ад хуткай і жаданай сустрэчы.
Такое адчуванне засталося яшчэ з дзяцінства. Тады паездка на старым, скрыпучым “ЛАЗе” ў Івацэвічы (у горад, як казалі старыя) была сапраўдным падарожжам у нейкі новы свет.
Асфальт, тратуары, машыны, магазіны, чыста і прыгожа апранутыя людзі, якія некуды ідуць, спяшаюцца ў розных кірунках, –
усё гэта было цікавым і нязвыклым для вясковага хлапчука.
Ды й сама паездка ў горад з бацькам або маці заўсёды здаралася з добрай нагоды: купіць нешта з адзежы ці абутку. Асабліва мне падабалася падрыхтоўка да школы: тут ужо куплялася ўсё разам –
абутак, адзенне, падручнікі, канцылярскія прылады.
Колькі радасці! Потым дома я зноў і зноў прымяраў абноўкі і міжволі пачынаў чакаць 1 верасня.
Нават і зараз, калі пішу гэтыя радкі, амаль фізічна адчуваю прыемны пах новых чаравікаў, падручнікаў, гладкую і прыемную прахалоду новага касцюма і сарочкі…
Потым, юнаком, я любіў з’ездзіць у Івацэвічы адзін ці з сябрамі. Аўтобусы хадзілі часта, і, маючы ўсяго адзін-два рублі ў кішэні, там можна было цікава правесці некалькі гадзін, а то і ўвесь дзень.
Мы гулялі па горадзе, елі марозіва, пілі газіроўку ў прыкуску са свежай і мяккай, як пух, булачкай.
А яшчэ нам вельмі падабалася пастраляць у невялічкім вагончыку-ціры, што стаяў у ціхім завулку побач з Домам культуры. Тут мы маглі пакінуць большую частку сваіх грошай. Здаецца, і не дорага тыя тры капейкі за кульку, але ж пяць стрэлаў – і ўжо 15 капеек! А што тых пяць стрэлаў? Павагаўшыся, бралі яшчэ.
Ды кожны раз ужо праз некалькі гадзін знаходжання ў горадзе я чамусьці пачынаў адчуваць нейкую стому. Мітусня, шум і гул машын хутка надакучвалі, ад усяго бачанага, чутага і нават ад тых смакаў рабілася млосна і хацелася дамоў.
З якім жа задавальненнем, стоячы на прыступках вакзала, я слухаў паведамленне дыктара:
– Адпраўляецца аўтобус “Івацэвічы – Волька” праз Чамялы, Магіліцы.
Менавіта з гэтай аб’явы для мяне пачыналася дарога дадому.
Потым, седзячы ці стоячы ў перапоўненым салоне аўтобуса, я глядзеў на палі, лугі, нечыя хаты ўздоўж дарогі і чакаў.
Чакаў, калі роўна і напружана працуючы аўтобус збавіць хуткасць і, запавольваючы хаду, пакоціцца да Даманаўскага скрыжавання.
Вось і паварот на Чамялы. Дарога дадому становіцца значна карацейшай. Аўтобус робіць прыпынак у вёсцы і, высадзіўшы частку пасажыраў, набірае хуткасць. Застаецца праехаць зусім нямнога: палову вёскі, чамялоўскую пасадку, “Млінок”.
“Дома!” – праносіцца ў галаве, і ўсміхнуцца хочацца.
Тое сапраўднае адчуванне, дарогі дадому. Гэта адчуванне накрывала, як свежая хваля ў летнюю спякоту, нават сама сабою на твары з’яўлялася ўсмешка.
Ніколі не забуду таго пачуцця лёгкасці і радасці, калі выходзіў на сваім прыпынку і на поўныя грудзі ўдыхаў свежага паветра.
Аўтобус ад’язджаў, рабілася ціха-ціха. І толькі потым слых пачынаў успрымаць нейкія гукі: шапаценне лістоты на вяршынях старых бяроз, што некалі раслі ля хаты дзеда Кастуся з аднаго боку дарогі і – бабы Ганны з другога, крыкі пеўняў па дварах…
Гэтыя знаёмыя з дзяцінства і таму звыклыя гукі не стамлялі, не раздражнялі. Яны былі неад’емнай часткай вясковай цішыні, якая лашчыла слых і надавала спакою.
Так гучыць Радзіма.
Гладкі ды роўны асфальт скончыўся, і машына, якая дагэтуль ішла мякка і плаўна, здрыганулася, затрэслася па камяністай гравейцы. Невялікі паварот, канава, а праз паўкіламетра –
блакітны знак з вялікімі белымі літарамі “МАГІЛІЦЫ”.
Тут зноў пачынаецца асфальт, які з абодвух бакоў абступае вынёслы сасоннік. У адкрытую фортку ўварваўся пах разагрэтай на сонцы хвоі і нечага яшчэ –
няўлоўнага, але блізкага, знаёмага.
Гэта – як пах сваёй хаты, калі ўвесь час тут жывеш, перастаеш яго адчуваць. Ды калі пасля доўгай адсутнасці вяртаешся дамоў, адчуваеш яго з парога. Так пахне дзяцінства.
І гэта не супадзенне.
Яшчэ ў Івацэвічах я стаў адчуваць сябе не вельмі добра: напэўна, упаў ціск, у вачах мітусіліся чорныя і каляровыя плямы, цела агортвала непрыемная слабасць. І так я адчуваў сябе ўжо не менш за гадзіну, а тут, быццам уключылі святло – у вачах праяснілася, слабасць і млоснасць як рукой зняло. Я ўдыхнуў на поўныя грудзі і нават усміхнуўся. Сярожа заўважыў такую рэзкую змену майго настрою і таксама засмяяўся:
– Што, ажыў? Дом пачуў?
Пачуў! І адчуў усёй істотай, хворым целам, якое ўстрапянулася і ачуняла, адчуўшы жывыя токі роднай зямлі.
Вось нават гэтыя сосны, яны такія ж, як і ля Чамялоў, Даманава ці яшчэ дзе. Такія ж, але… Да гэтых хочацца падысці, крануцца іх цёплай шурпатай кары, абняць, як старых сябровак з далёкага ўжо дзяцінства. Яшчэ малым я схадзіў і аблазіў гэтую пасадку ўздоўж і ўпоперак, зведаў кожны яе куточак.
Летам і восенню сюды хадзілі па грыбы, зімою каталіся з горак на санках і лыжах. Іх, гэтых горак, у пасадцы было некалькі, але самай большай і таму самай любімай была тая, што ля кароўніка. Яна нават мае сваю назву – Маяк. Зімою сюды збіраліся хлапчукі з усёй вёскі, і да самай цемры тут стаяў гвалт, гучаў смех…
Дарога дадому. У кожнага яна свая. Для мяне гэта дарога ў родныя Магіліцы.
Я помню яе ўсялякай – пясчанаю ўлетку, з глыбокімі, аж да калена, каляінамі і занесеную снежнымі сумётамі зімой, у вялізных і глыбокіх лужынах вясною і схопленую першымі маразамі, з лядком і грудамі позняй восенню.
Але не было, ды і няма для мяне больш прыемнай, больш жаданай дарогі, чым гэта…

Комментарии (0)
![]() |
Добавить комментарий |