Смачна есці

Автор
Опубликовано: 1016 дней назад (10 февраля 2015)
+3
Голосов: 3
Дзядзька Косця чакаў абеду.
З ранку, спяшаючыся па справах, перахапіў тое-сёе на хуткую руку і зараз ужо добра смактала пад лыжачкай.
– Клаўка, ну хутка ты тут? – зазірнуў ён на кухню.
– Ды ідзі ўжо, ідзі, наліваю, – лагодна ўсміхнулася жонка, – садзіся во.
Дзядзька Косця з бачным задавальненнем прысеў на высокі самаробны услончык, адрэзаў тоўстую лусту свежага чорнага хлеба і ўзяў у руку лыжку.
Клаўка асцярожна, каб не разліць, паставіла перад ім вялікую блакітную міску з паруючым варывам.

– Ну вось, смачна табе есці, – пажадала гаспадыня і выйшла па сваіх справах у сенцы.
Косцік на поўны рот адкусіў хлеба і нахіліўся над міскай.
– А каб цябе, ізноў гэты суп, – незадаволена паморшчыўся дзядзька.

Ён ужо неяк прывык, што жонка не вельмі песціць яго разнастайнасцю і добрым смакам сваіх страў. Але гэтым густым, з вялікімі крышанамі бульбы і шчодра нарэзанай капустай супам жонка корміць яго ўжо з тыдзень. Колькі ж можна?
Трошкі памарудзіўшы, усё ж зачарпнуў, і падзьмухаўшы на вялікі белы крышан, гучна сербануў...
Не, сёння і суп падаўся нейкім прэсным і зусім не смачным.
Гаспадар незадаволена бразнуў лыжку:
– Клаўдзя! Хадзі анно сюды!
– Што яшчэ, Косцік? – жонка падышла да стала і стала побач, выціраючы аб фартух рукі.
– От я бываю ў людзей, – пакрыўджана пачаў наракаць Косцік, – дык у іх неяк і першэ на стале, і другее. А ў цябе што? Кожын дзень суп ды суп гэты вось...
І Косцік грэбліва адсунуў ад сябе міску.
Клава перастала выціраць рукі і моўчкі ўтаропілася ў твар мужыка.
Раптам упэўнена схапіла лыжку, хуценька пачавіла і перамяшала ўсё змесціва міскі і, паставіўшы ў густое месіва лыжку, рашуча саўганула міску назад да мужыка:
– Еш, Бэмбал! Тут табе і першэ, і другее, і трэцце!
І гучна бразнуўшы дзвярыма, выйшла.
Косцік пасядзеў з хвіліну, уздыхнуў і, узяўшы лыжку, пачаў есці.
І суп у такім выглядзе падаўся яму ўжо і не такім дрэнным. Праз некаторы час дзядзька Косця ўжо шкрабаў лыжкай па дне вялікай блакітнай міскі.
Комментарии (0)
Добавить комментарий