Ты хто?

Автор
Опубликовано: 1016 дней назад (10 февраля 2015)
+4
Голосов: 4
Сустрэчы былых вучняў і іх настаўнікаў сталі ўжо добрай традыцыяй. І сапраўды – прыемна праз дзесяць, дваццаць, а то і сорак гадоў пабачыць сваіх школьных сяброў, сябровак, даведацца, хто кім і якім стаў. Бо што ні кажы, а тыя гады, праведзеныя і пражытыя разам, робяць нас не проста вучнямі аднаго класа, але і блізкімі, нават крыху роднымі людзьмі.

А першае каханне? Ці не да сваёй аднакласніцы ці аднакласніка мы адчулі гэта ўпершыню?
Потым жыццё развядзе, раскідае на доўгія гады, якія напластоўваюцца адзін на адзін, бягуць-імчаць усё хутчэй і хутчэй, зацягваючы ў вір жыццёвых клопатаў і праблем.І ўсё далей і далей тыя светлыя, шчаслівыя гады і тыя шчырыя, трапяткія пачуцці.
І хоць кажуць, што ў адну і тую ж раку двойчы не ўвайсці, але ж…
Так хочацца хай не ў тую ваду, дык хоць ля той ракі, на тым беразе пастаяць, успомніць…

Вось і Ліда з сяброўкамі рашылі сабраць свой некалі дружны клас – як-ніяк, сорак год пасля заканчэння васьмігодкі, сур’ёзная нагода. Ужо і дату сустрэчы вызначылі.
Ліда патэлефанавала ў Гродна свайму школьнаму сябру Барысу, з якім не бачылася ўжо вельмі даўно. Барыс быў вельмі рады чуць сяброўку і паабяцаў прыехаць абавязкова. Але потым нешта не склалася і дзень сустрэчы перанеслі на месяц пазней. Каго ўжо паспелі запрасіць – папярэдзілі, а пра Барыса неяк забыліся.
А вось Барыс не забыў і на месяц раней, у шэсць гадзін раніцы выйшаў з аўтобуса, і з асалодай удыхнуў свежае, смачнае паветра роднай вёскі. Накіраваўся ў бок новых двухпавярховых катэджаў, дзе жыла Ліда. Рашыў не адкладваць справу на потым, а адразу даведацца: дзе і ў колькі гадзін трэба быць.

Ранні званок у дзверы крыху здзівіў Ліду, якая толькі што прачнулася.
– І каго гэта ў такую рань прынесла?– падумала яна і, накінуўшы халат на плечы, адчыніла дзверы.
На ганку стаяў невысокі, па гарадскому апрануты сівы мужчына.
Ліда акінула незнаёмца позіркам, глянула ў вочы і… аж адхіснулася. Твар стаў белым, як сарочка.

"Барыс??? – Ліда не верыла сваім вытарашчаным ад страху вачам. – Але як гэта магчыма? Ён жа даўно памёр"

Справа ў тым, што ў чалавеку, які моўчкі стаяў насупраць, яна прызнала свайго колішняга суседа Барыса, які памёр 15 год таму.
“Але чаго ён так пастарэў і чаго ён такі сівы? – сама сабе здзівілася Ліда. – Няўжо і Там людзі старэюць?”
А можа, гэта не Барыс?
У круглых вачах Ліды бліснуў маленькі агеньчык надзеі.

– Ты хто? – ціха, амаль шэптам спытала жанчына.
– Барыс! – вінавата ўсміхнуўся госць і зрабіў крок да Ліды.
Дзверы грымнулі перад тварам Барыса перш, чым ён дагаварыў сваё імя.
– А людцы добрыя, а што ж гэто робіцца? – загаласіла жанчына недзе ў глыбіні дома. – Чаго ж ты сюды прыпёрся? Што табе ад мяне трэба?

Нічога не разумеючы, Барыс азірнуўся – навокал нікога не было.
– Ліда! Ты чаго? Што здарылася? – Барыс моцна пастукаў у дзверы.
У хаце раптам стала ціха.

Прайшла хвіліна, другая. Шчоўкнуў замок і дзверы шырока адчыніліся.
На парозе з няёмкай усмешкай ужо на пунцовым твары стаяла і вінавата ўсміхалася Ліда.
– Барыс, прабач калі ласка, сама не ведаю, што на мяне найшло. Як хто вочы засляпіў, – скрозь смех гаварыла ацяміўшая нарэшце Ліда. І як я магла цябе не пазнаць, ды яшчэ з кім пераблытаць? Вы ж і не падобныя зусім. Заходзь, заходзь калі ласка.
Потым, за сталом яна зноў і зноў успамінала сустрэчу, свае думкі і адчуванні, доўга і шчыра смяялася і ніяк не магла зразумець, як такое магло здарыцца.
Пагасцяваў Барыс у Ліды і вячэрнім аўтобусам паехаў назад у Гродна.
А на сустрэчу, якая адбылася такі праз месяц, чамусьці ўжо не прыехаў.
Комментарии (0)
Добавить комментарий