Чырвоныя пацеркі - для "Каліны"

Автор
Опубликовано: 677 дней назад (15 января 2016)
Редактировалось: 2 раза — последний 12 февраля 2016
+1
Голосов: 1
Фальклорны калектыў “Каліна” Сомінскага СК, адзін з лепшых самабытных калектываў Івацэвіччыны, адзначыў сваё 35-годдзе з дня афіцыйнага заснавання.
""
Изображение уменьшено. Щелкните, чтобы увидеть оригинал.

Сённяшні састаў калектыву (злева направа): Вольга Мікіцічна Абрамчук, Вольга Мікалаеўна Абрамчук (з іграннем на пральнай дошцы) і Валянціна Васільеўна Басалай – нязменныя салісткі, Алена Сяргеяўна Абрамчук (бубен), Марыя Фёдараўна Капыціч, Тамара Фёдараўна Купрыянчык, гарманіст Павел Рыгоравіч Мялік і мастацкі кіраўнік Ала Фёдараўна Капыціч, член Саюза майстроў Беларусі, дыпламант рэспубліканскіх і абласных аглядаў-конкурсаў, дзе прадстаўляліся яе непаўторныя гліняныя цацкі.
Агонь “Каліны”
Ой пашкадуюць тыя, хто не быў на свяце фальклору і песеннага “агню” ў Соміне, ой пашкадуюць… А свята ўдалося, казалі ўсе, хто там быў, на ўсе сто і за сто. Як рукой зняло снежаньскую без сонца і снегу дэпрэсію, кроў пабегла па целе ад радасці, а ногі самі прасіліся ў скокі, – такога жару наддалі сомінскія калінаўцы!

А пачыналася гісторыя “Каліны” ў 1980-м годзе, у год маскоўскай алімпіяды, калі некалькі актыўных, маладых, спартыўных вясёлых вясковых прыгажунь вырашылі спяваць разам. І працэс пайшоў – паліліся па акрузе мілагучныя, народныя, душэўныя спевы. Першыя Сомінскія ластаўкі: Ганна Кавалевіч, Галіна Соляр, Валянціна Басалай і Іван Басалай, Вольга Мікалаеўна Абрамчук, Алена Абрамчук, Марыя Капыціч, Ксенія Капыціч. Праз некаторы час у творчы калектыў ўліліся Марыя Соляр, Вольга Мікіцічна Абрамчук, Тамара Купрыянчык …
Калектыў – пастаянны ўдзельнік раённых святаў і фестываляў: “Масленіца”, “Дажынкі”, “Пакроўскі кірмаш”, свята-конкурсу рэгіянальнага фальклору “Край чарнічны, край музычны”, конкурсу “Грай гармонік, звіні прыпеўка” і іншых. У 2012 годзе, у рамках Міжнароднага семінара на абласной выставе вясельнага пасагу “Сорак саракоў ручнікоў” Валянціна Басалай і Вольга Мікалаеўна Абрамчук прызнаны лепшымі каравайніцамі. А ў 2013 годзе салістка Валянціна Басалай узнагароджана дыпломам першай ступені за ўдзел у занальным свяце-конкурсе палескай прыпеўкі і танца “Бярозаўская сербіянка”.
35 творчых гадоў, сотні рэпетыцый і выступленняў, мноства гастроляў, мора прыхільнікаў і кветак. Метадыст Алена Цітова, якая курыруе Целяханскі край, казала, што удзельніцы “Каліны” безадмоўныя: “Памятаеце. як у камедыі “Аперыцыя “Ы”: “Хто на цэментны завод?” – “Я”, “Грузіць вугаль?” – “Я”…, так і жанчыны, усюды гатовы ехаць, усюды “я”. Спяваць для іх, тое, што для нас дыхаць.
""
Изображение уменьшено. Щелкните, чтобы увидеть оригинал.

Шчымлівымі былі ўспаміны старасты вёскі Галіны Рыгораўны Куцко, якая яшчэ ў 70-я гады спявала народныя беларускія песні з гэтымі вясковымі жанчынамі, і Ніны Ціханаўны Мялік, якая з 80-х гадоў працавала загадчыцай бібліятэкі і сельскага клуба і была кіраўніком фальклорнага калектыву, які атрымаў назву “Каліна”. Яна заўсёды называла сваіх самадзейных артыстак “Мае дзевачкі”.
Хто любіць кветкі, той сам, як кветка
Як вада ў крыніцы бруіцца, так бягуць падзеі ў жыцці салістак і суседачак Валянціны Басалай і Вольгі Абрамчук. Жанчыны колькі помняць сябе, спявалі заўсёды і ўсюды – у полі, у клубе, на вяселлях, у лесе, у двары, ля печы, падчас вышывання…
– Бывала, малыя, звесім ногі з печы і спяваем з Волькай, – кажа Валянціна Васільеўна.
– І я памятаю, а яшчэ як бацька мой любіў спяваць. Бывала, прыйдзе з работы, а мы спім, ён нас разбудзіць і кажа: “Уставайце, дзеткі. Давайце паспяваем”, а мы паўстаём і спяваем-спяваем… – дадае Вольга Мікалаеўна.
Жанчыны памятаюць шмат аўтэнтычных песень, любяць кветкі і іх двары патанаюць у кветках з вясны да восені. А якія гаспадыні жанчыны! Колькі вышывак у хатах, дарэчы, і касцюмы вышыты сваімі рукамі. Якія каравайніцы! На ўсё жыццё запомнілі яны ганцавіцкі фестываль, на які яны пяклі 10-кілаграмовы каравай.
– Такі вялікі атрымаўся, не ведалі як яго з печы дастаць, хоць ты было вусце печы разбірай, – успамінала на свяце свае ўражанні Валянціна Басалай. – Неяк павярнулі-павярнулі і ледзь дасталі. А Ала Фёдараўна нам, каб упрыгожыць яго голле, 100 кветак зрабіла. Усю дарогу бераглі, на руках трымалі. Прывезлі, як выставілі мы свой каравай, то да нас людзі ідуць-ідуць чарадою, шчоўкаюць, бліскаюць фоткамерамі, то станьце сюды, то станьце з гэтага боку… Мы з Воляй становімся, а я ёй і кажу: “Воля, куды мы папалі, дзе нашы вешчы?” Думала ўжо мы на сёмае неба пападзём, колькі нас глядзелі, здымалі, колькі важных людзей у гальштуках падыходзіла да нас, распытвала. Але ж наш каравай у ручніках, абрусах і быў самы прыгожы, мы ж і сундук з падушкамі прывозілі свой і спявалі вясельныя песні, а ў іншых не было на што глядзець, нейкія каўрыжкі пляскатыя з кветкай уваткнутай, ну пірагі, не больш, якія то караваі? Дык вось раскажу я вам, пайшлі мы на абед, кармілі нас два разы, вяртаемся, а караваю няма нашага. Толькі абрус застаўся. Сказалі, што важныя нейкія лысыя забралі. І засталіся мы без караваю.
Мастацкі кіраўнік Ала Капыціч удакладніла, што голле з караваю таго паехала ў Маскву і сёння захоўваецца там у музеі народнага мастацтва, а артысты атрымалі Дыплом першай ступені.
Валянціна Басалай расказвала, як спявала разам са сваім мужам Іванам. З ім у яе было сапраўднае каханне. Сябравалі з шостага класа, ажаніліся праз восем гадоў і разам ужо 45 гадоў. Дзеці, 12 унукаў, два праўнукі ганарацца імі. А яны настолькі адданыя песні, што забываюць пра свае балячкі, ахвяруюць усім, дзеля мастацтва. Уявіце 40 куплетаў частушак без перадыху можа праспяваць салістка. І цяпер любіць прыпомніць Іван Іванавіч, як паехала Валянціна Васільеўна з непарыўным кашлем спяваць у Рудню. Стала там спяваць і ні разу не кашлянула. Прыехала дадому і давай зноў кашляць, а муж ёй кажа: “Едзь зноў у Рудню і не кашляй”.
Можна многа яшчэ ўспамінаць цікавых і каларытных гісторый з жыцця ўдзельніц і гарманіста фальклорнага калектыву, на кніжку хопіць. Важна адно – вёска, дзякуючы іх песням, яшчэ жыве, яшчэ звініць.
Падарункі, кветкі і ўзнагароды
Іх шмат, а ў дзень святкавання юбілею фальклорнага калектыву сыпанула яшчэ, як з добрага куфра.
За прапаганду песеннага беларускага мастацтва, за высокі выканальніцкі ўзровень, актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах і ў сувязі з юбілеем фальклорнаму калектыву “Каліна” Сомінскага СК і мастацкаму кіраўніку Але Капыціч урачыста была ўручана грамата аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама падчас святкавання 35-годдзя з дня заснавання аднаго з лепшых у раёне фальклорных калектываў. Грамату атрымаў калектыў і ад аўтаклуба, з якім калектыў супрацоўнічае не адзін год. Падарункі, у тым ліку і асабістыя, і такія шчырыя і цёплыя віншаванні былі ад метадыстаў раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Алены Цітовай і Ірыны Дукі і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, загадчыцы сектарам культуры Ларысы Зорка. Віталі песнямі юбіляраў удзельніца знакамітага выганашчанскага народнага сямейнага калектыву Макарскіх Зінаіда Мялік, загадчыца Руднянскага СК Алеся Бойка, знакаміты фальклорны калектыў “Гарталянка”, пад завадныя найгрышы якога ледзь не кінуліся ў скокі глядачкі Марыя Маісееўна Герштова і 88-гадовая Соф’я Данілаўна Алексяевіч. Спецыяльна да нагоды юбілею прысвяцілі свае вершы прыхільнікі і сябры “Каліны” Людміла Мілеўская з в. Горталь, якая ў пары з Алай Капыціч вяла праграму, і Рамуальда Пархута з Целяхан. Яе верш чытала Святлана Крэк, якая заўсёды была нераўнадушная да поспехаў сомінцаў, бо тут нарадзілася яе маці, тут сапраўдны паляшуцкі край, бо і сёння ў памяці дзед Яша Кармановіч у лапцях і ў хустцы з чапцом баба Матруна, якія з самага рання заводзілі песні на ўсю вёску… Жартоўнай песняй “Лісапед” і мамінай любімай песняй “Чарнаморац”, шчырымі віншаваннямі радавала землякоў Валянціна Якімовіч, стараста в. Горталь, чыё дзяцінства прайшло ў гэтай багатай на таленты вёсачцы, дзе і сёння жыве дух творчасці. Яна ўспамінала тых, каго ўжо няма, але памяць аб кім жыве, аб Зінаідзе Сцяпанаўне Паўловіч, Марыі Фёдараўне Леановіч і Ксеніі Адамаўне Капыціч, маці Валянціны Аляксеяўны, ад якіх нарадзілася любоў да песні ў яе і многіх яе землякоў. Успамінала яна і Ганну Кавалевіч, якая рэпетыравала калісь, смажачы бліны ў печы і падглядваючы словы на лісточку паперы і нязменнага баяніста Мікалая Васільевіча Абрамчука. Дарагога каштуе і падарунак ад аднасяльчан – касцюм Снягуркі, з якім прыйшоў на свята Мікалай Купрыянчык. У яго пажаданнях прагучала жаданне захаваць свой каларыт і амаладзіць калектыў.
А самым чуллівым падарункам сталі нізкі чырвоных пацерак для кожнай з самабытных удзельніц фальклорнага калектыву “Каліна” в. Соміна ад мастацкага кіраўніка – члена Саюза майстроў Беларусі, дыпламанта рэспубліканскіх і абласных аглядаў-конкурсаў Алы Капыціч, якія яна задумала даўно падарыць сваім мілым жанчынам, каб дапоўніць касцюмы і падкрэсліць назву калектыва. Ажыццявіць такую незвычайную мару дапамаглі ёй спонсары-сябры з Мінска і раённы аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, бо ведаюць, што жанчыны ў ансамблі – сапраўдныя панны і вельмі любяць упрыгожанні.
А саліст знакамітага Маскоўскага фальклорнага ансамбля “Жывая Русь” і зямляк Уладзімір Абрамчук даўно запрашае “Каліну” выступіць у Маскве і ўпэўнены, што іх самабытнасць і талент прыйдзецца даспадобы сталічнаму гледачу.
Замест эпілога
Чаго-чаго, а самабытнасці, таленту і гасціннасці фальклорнаму калектыву “Каліна” в. Соміна не займаць. Не памятаю такога свята, каб сомінцы не частавалі гасцей караваямі, пірагамі ад спонсараў, ды й шчэ спечанымі сваімі рукамі. І юбілей не выключэнне. Да яго рыхтаваліся з асаблівай пяшчотай. Ручнікамі, яркімі, зіхацеючымі чырванню, была ўпрыгожана зала сельскага клуба, а стол, за якім сядзелі віноўнікі свята, быў з караваем, бы на вяселлі. І адзначу, што атмасфера сапраўднага вяселля з гармонем і звонкімі частушкамі, песнямі “Ой каліна, ой маліна…”, “Зялёнае жыта”, “А ў лесе грыбы зарадзілі” і “Ніхто цябе не любіць так, як я” і сёння ходзіць за мною. А провады гасцей у бясснежнай цемры снежаньскага вечара з музыкай і песнямі і пірагамі ў дарогу шчыміць сэрца і радасцю – так трымаць, і болем развітання з нечым сапраўдным, жывым і вельмі дарагім сэрцу, якое сёння – вось яно, можна пачуць і памацаць рукамі, а заўтра можа знікнуць, растварыцца, як няўлоўны сон, калі яго не зберагчы для нашчадкаў.
Валянціна БОБРЫК
Комментарии (0)
Добавить комментарий