Інваліда падстрыжаце, дзяўчаткі?

Автор
Опубликовано: 592 дня назад (11 апреля 2016)
+1
Голосов: 1
Сціплая жанчына з інваліднасцю на “ты”. Сама здаровая, у яе хворая маці, хворыя дзеці. Таму жыццё ўсёй яе сям’і, здаецца, і яе самой – з абмежаванымі магчымасцямі. Многае робіцца ў апошні час для таго, каб разбурыць гэтыя межы, сцерці іх на шляху інвалідаў. Многа, але не ўсё і не ўсімі, як аказалася…

– Ці падстрыжаце інваліда, дзяўчаткі? – звярнулася да майстроў адной з цырульняў горада жанчына. – Ці прымеце маці?
– Канечне, садзіцеся, я вам дапамагу, – запрашае цырульнік.

Стрыжэ маладая майстар жанчыну, паглядае на дачку і бачыць у яе вачах нястрымны боль. Ведаеце, ёсць такое, калі плачуць вочы без слёз.

– Што здарылася, мо вам дрэнна? – цікавіцца майстар.

І жанчына прызналася. Так, гэтая цырульня не першая на маршруце ў жанчын. Яны жывуць непадалёк ад другой цырульні.

– Туды бліжэй, надвор’е – не дай Божа, чаго маці з яе зрокам далёка перці, – расказвае дачка. – Зайшлі ў тую цырульню, павіталіся, пра нашу асаблівасць сказалі адразу. І неяк нядобра на нас паглядзелі. Пасля я яшчэ спытала, ці можна з сынамі прыйсці, адзін у мяне калясачнік. Ці можа дадому майстры падысці могуць. Адмовілі, дзяўчаты, разумееце. Ды не проста адмовілі, а сказалі, што ні маці, ні тым больш сыноў стрыгчы не будуць. І прыходзіць нам не трэба – кліентаў папужаем. Там маладыя дзяўчаты былі, але і вы маладая, а прынялі нас. Значыць, вы іншая.

Шмат гадоў жанчына жыве жыццём трох інвалідаў у сваёй сям’і, вядома, да позіркаў і азіранняў людскіх прывыкла. Не кранае гэта яе. Аднак тут іншае. Тут пры ўсіх і не падбіраючы слоў.
Маці падстрыглі, запрасілі і сыноў на стрыжку, нават зніжку прапанавалі. Жанчына супакоілася больш-менш. Пайшла з маці пад руку. А ў жаночым зале цырульні некаторы час панавала цішыня…

Многае сціраецца часам, аднак гэты выпадак, нешта падказвае, яшчэ доўга будзе хваляваць жанчыну, будзе, нібы рана якая, ныць доўгі час, хваляваць сэрца. Адзін такі неабдуманы выраз “стрэліў” вельмі балюча. Ёсць гісторыі, якія не патрабуюць многа слоў, тлумачэнняў. Гэтая гісторыя такая, яна сама за сябе гаворыць. Больш чым трэба. Не буду марнаваць газетныя радкі скажу толькі: няма ад пачатку дрэнных і добрых, няма разумных і дурных, здаровых і хворых, годных і нягодных. Усе мы людзі найперш, пакуль мы жывыя, мы – людзі...

Гэты кароткі эпізод абсалютна рэальны і адбыўся ён у нашым райцэнтры, сярод нас з вамі.
Комментарии (0)
Добавить комментарий