Каб фота “з учора” не адгукнулася заўтра…

Автор
Опубликовано: 763 дня назад (21 октября 2015)
Редактировалось: 4 раза — последний 12 февраля 2016
+2
Голосов: 2
Я ніколі не заўважала ў паводзінах Тані нечага асаблівага, звычайная дзяўчынка, такая ж студэнтка, як і я. Ішло паціху наша інтэрнатаўскае жыццё, з Танюшай сяброўства заладзілася адразу – яна адкрытая, шчырая дзяўчына.

Нават занадта добрая і адкрытая для чалавека з такім няпростым лёсам. Наша Таня – сірата, бацька даўно з’ехаў ва Украіну, маці ніколі не цікавілася лёсам дачушкі з прыгожымі блакітнымі вачыма. Яе маці піла, цягалася па розных гарадах, а пасля памерла ўсё ад той жа п’янкі. Дзяўчынку выхавалі цёткі і бабуля. Суседка не часта гаварыла пра бацькоў і нібы наперакор выпрабаванням усміхалася ўсім і кожнаму.

Аднак, было ў мяне трывожнае адчуванне: чагосьці наша Таня нам не дагаворвала, чыталася ў яе вачах нейкая заклапочанасць. Ды і штодзённыя тэлефонныя званкі не давалі ёй і нам, суседзям, пакою. Званіла сяброўка Каця. Ранкам, днём разоў пяць, увечары і ноччу. Усё нешта пытала, высвятляла адносіны, часта іх “сяброўская” размова заканчвалася крыкам і слязьмі. Што за “хворае” сяброўства? Ішоў час, а званкі працягваліся і сяброўскага ў гэтых размовах станавілася ўсё менш, яны былі падобныя больш на сямейныя разборкі.

Усе мае яшчэ дзіцячыя назіранні складваліся ў галаве, пакуль не з’явілася думка: Таня – “асаблівая” дзяўчына і ў яе “асаблівае” каханне. А Каця ніякая не сяброўка? Думка разбівала маё разуменне кахання ўшчэнт. Тое, дзе юнак і дзяўчына, спатканні і кветкі, падарункі і прапанова рукі і сэрца.

Размова была доўгай і складанай, Таня расказвала, як кахала, калісь, юнакоў розных, гаварыла, як ёй разбівалі сэрца, як здраджвалі… Быццам апраўдваючыся за сваё “нестандартнае” каханне, суседка шукала мінусы ў мужчынах і плюсы ў жаночым каханні.
Каця “з’явілася на гарызонце” ў цяжкі момант жыцця Тані, калі тая перажывала чарговае расстанне. А тут яшчэ праблемы з вучобай, у інтэрнаце суседства не лепшае было… А Каця ў той момант – глыток паветра. Сама не зразумела дзяўчына, як апынулася ў палоне “асаблівых” пачуццяў.

Жыццё ў Тані наладзілася, праблемы вырашыліся, вось толькі новых складанасцяў дадавалі ўжо “хворыя” адносіны з Кацяй. Калі татальны кантроль з боку каханай пачаў перашкаджаць нармальнаму жыццю, пачаліся спрэчкі, а пасля і пагрозы.
– Кінеш мяне – раскажу ўсім пра нашы сустрэчы. А ты ж настаўніца, не забывай, сама шчаслівай не буду і табе сапсую жыццё! – чулася ў тэлефоне.

Тут не да жартаў, асабліва калі ў руках размеркаванне ў гарадскі пасёлак, дзе ўсе (!) ведаюць, чым дыхае сусед. Прасіла прабачэння, плакала наша Таня. Не адпускала Каця каханую яшчэ доўга, Таня працавала ў школе і штодня ў самых страшных думках сваіх чакала візіту былой сяброўкі. Тая, на шчасце, не здзейсніла пагроз. Не стала больш гэтых трывожных званкоў.
Праз некаторы час Таня ўзяла шлюб і нарадзіла сына. Жыццё пайшло па самым стандартным сцэнарыі, але якая шчаслівая наша гераіня ў гэтых сваіх звычайных адносінах!

Тады мяне спужала гісторыя Тані, хаця і ніяк не паўплывала на мае адносіны да суседкі. Аднак, сама прызнаць такое каханне нормай я не магу. Але колькі ў маім асяроддзі яшчэ такіх нестандартных пачуццяў?

Нядаўна пабачыла на старонцы адной з сацыяльных сетак фота сяброўкі з подпісам: “Мы з каханай…”. На фота дзве сяброўкі, нічога асаблівага, здаецца, дзяўчатам уласцівыя такія трапяткія адносіны. Аднак наступны подпіс “Цяпер мы разам назаўсёды, кахаю маю дзяўчынку…” разбурыў мае спадзяванні і выклікаў шмат допісаў карыстальнікаў сайта. “Як тое можа быць?”, “Ніколі за вамі нічога асаблівага не заўважалі!”. Фотаздымак з’явіўся на старонцы знаёмай знянацку і выклікаў хвалю каментарыяў, не чакалі сотні сяброў карыстальніка такой навіны. Нібы хваляцца дзяўчынкі сваім пачуццём, смела адказваюць на пытанні сяброў, прычым не ў асабістай перапісцы, прама пад фота. Маўляў, глядзіце, чытайце, так, мы такія і не саромеемся гэтага.

Аднак такі гучны “крык” дзяўчат у сацыяльных сетках вымушае сумнявацца ў іх шчырасці. Усе мы ведаем, кахаюць ціха, акуратна, баючыся парушыць ідылію і спакой. А калі ты ведаеш, што тваё каханне іншае, нестандартнае, асабліва беражэш гэты спакой. А тут такая адкрытасць… Ці не паддаліся дзяўчынкі модзе, што існуе ў маладзёжным асяроддзі, асабліва ў вялікіх гарадах (а яны жывуць у абласным цэнтры). Ці не адзінота і няўдалы вопыт з прадстаўнікамі моцнага полу зблізілі адну і другую? Ці не ідуць яны па кроках Каці? Аднак іх фота ўжо бачылі сотні, а ведаюць пра яго тысячы. Можа сёння ім падабаецца быць нестандартнымі, модна, і па іх меркаванні, дазваляльна ў гэтым узросце, а што праз гады? Што калі такая асаблівасць – часовая, і пазней захочацца схаваць гэты факт? Такія смелыя заявы ў сацыяльных сетках могуць стаць пасля злым жартам.

Я за натуральнасць і ў знешнасці, і ў адносінах, і ў думках у галаве, але калі шчаслівы нехта ў асаблівым каханні – няхай сабе будзе шчаслівым. Але калі ёсць хоць зерне, хоць самая дробязь сумненняў у тым, што гэта твая пазіцыя і твой выбар на ўсё жыццё – не выкладвай фота, не пакідай сляды там, адкуль, магчыма, захочацца сысці назаўсёды…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий