Куфэрак добрых спраў

Автор
Опубликовано: 1038 дней назад (19 января 2015)
0
Голосов: 0
Машы дзядуля і наказаў збіраць у яго запіскі з усімі добрымі ўчынкамі, а пасля, пад Новы год, пакінуць яго пад ёлкай.
– Няхай Дзед Мароз прачытае ўсё добрае, што пакінула ты ў годзе мінулым, унучка, – гаварыў дзед, – і падорыць табе за іх сапраўдны калядны цуд.

І словы гэтыя сталі нібы наказам для дзяўчынкі, штогод пакідала яна куфэрак, поўны запісак, і ўсё чакала свайго цуда. Расла Маша, а разам з ёй “раслі” і ўчынкі, станавіліся дарослымі, больш важкімі і значнымі. На змену выратаванаму ад холаду кацяняці і прыбраным цацкам прыйшлі дапамога прытулку для жывёл і захаванне людскіх жыццяў. Маша стала ўрачом, і ўсё яе жыццё, здаецца, было адной суцэльнай добрай справай і аднаго куфэрка на год для яе ўжо было мала. А цуда ў жыцці жанчыны ўсё не здаралася…

Не атрымалася яго і калі паміраў дзядуля, той самы, што падарыў калісьці Машы куфэрак.
– Няўжо я яшчэ не заслужыла гэты самы цуд, дзядуля? – пыталася Маша. – Колькі добрых спраў я зрабіла, колькі людзей выратавала! Я ведала, што гэта ўсё твае выдумкі, дзед, ведала, але ўсё роўна верыла. З мяне нават мае дзеці смяюцца, а я ўсё збіраю добрыя справы ў куфэрак…
Дзядуля нічога не гаварыў, толькі ўсміхаўся, а калі рабіў апошнія ўдыхі, ціха-ціха вымавіў: “Чакай…”.

Аднак у гэты год Маша не чакала, не збірала сваіх добрых спраў у куфэрак.
…“Трывожны званок” у доме Марыі раздаўся сёмага верасня, акурат у дзень нараджэння жанчыны. Такі своеасаблівы жарт жыцця – у дзень нараджэння даведацца аб смяротным захворванні…

Рак лёгкіх? У мяне? Але як такое можа быць?
Закруціліся ў галаве думкі. Не верылася Машы ў той дыягназ хаця б яшчэ і таму, што адчувала яна сябе здаровай. Ніякіх сімптомаў, ніякіх намёкаў на смяротнага змея ўнутры. Аднак, карагод гэтых самых думак, аргументаў супраць разумення і прыняцця дыягназу прыйшлося прыпыніць. Бо наперадзе быў курс хіміятэрапіі, доўгі і марудны. За дзвярыма аддзялення – няўтульная палата, амаль штодзённая смерць, пах кварцу, медыкаментаў і бальнічнай ежы, па той бок дзвярэй – родныя сцены, шчаслівае жыццё, дзеці, муж і здаровыя людзі.

– Божачка ты мой, як жа шчасліва і бесклапотна я жыла, там, у свеце здаровых, – паўтарала сама сабе гераіня. Гэтая простая і, здаецца, такая зразумелая думка яшчэ не раз усплывала ў галаве Машы падчас курсу хіміятэрапіі і бясконцых абследаванняў, якія канстатавалі горкі факт – дынаміка адсутнічае.

Пракляты рак не вагаўся а ні колькі. Як і не вагалася Машына вера ў сябе і сваю перамогу над хваробай. Яна абавязкова будзе здаровай, гэты рак – памылка, выпрабаванне, што заўгодна, але не яе смерць. Так яна думала нават калі пачалі выпадаць валасы, усё часцей адольвала млоснасць, пачаліся праблемы з сэрцам, не гаворачы аб знешнім выглядзе. Маша схуднела і пастарэла гадоў на дзесяць. Але і гэта не самае страшнае. Пужала яе абыякавасць да ўсяго, што так радавала яе раней. Любімыя кветкі, стары сабака Лайка, сустрэчы з сябрамі, якія яна вельмі любіла. Звыклы жыўчык, душа кампаніі, непапраўны аптыміст, яна сёння баялася людзей і старалася трымацца ў цені. Абы ніхто не чапаў, не пытаўся, як ты і што кажуць урачы.

А цяжэй за ўсё было штодзень прымаць хіміяпрэпараты і разумець, што разам з ракам яны атручваюць, забіваюць і твой арганізм, адбіраюць маладосць, прыгажосць і гады жыцця. Нават калі ты пераможаш хваробу, яшчэ даўжэй прыйдзецца пасля перамагаць і вычухваць усю “хімію” ўнутры. Усё гэта ведаеш, разумееш... А яшчэ гэтыя позіркі, шкадуючыя, поўныя слёз вочы ўсіх родных і сяброў толькі дадавалі адчування страху і, о Божа!, неадваротнасці працэсу, што хутка развіваецца ўнутры.

Аднак прайшоў час, і неяк лягчэй стала Машы перажываць курс, і паціху пачала жанчына быццам ажываць, прачынацца ад нейкага доўгага, маруднага сну. Паступова ўвесь гэты ракавы палон адступаў, адпускаў жанчыну ў здаровае, поўнае колераў і людзей жыццё. Зноў захацелася пасмяяцца без дай прычыны, перасадзіць кветкі падчас пабыўкі дома, вычасаць любімага сабаку і патэлефанаваць сяброўцы. І гэта ўсё без наяўнасці добрых навін ад урачоў. Яны пакуль маўчалі. Аднак з’яўляўся ў Машы смак да жыцця.

Вось і чарговы Новы год хацелася адсвяткаваць неяк па-асабліваму. Машу адпусцілі з бальніцы толькі на дзень-другі, але яна даўно спланавала святочнае меню і падрыхтавала падарункі для дзяцей. У касцюме Снягуркі жанчына зайшла ў кватэру, толькі вымавіла гучна “Сюрпрыз!” і ледзь не страціла прытомнасць ад нечакана пабачанага: пад ёлкай стаяў той самы дзядулеў куфэрак. Нахілілася, узяла ў рукі запіскі і зразумела, што ў куфэрку пералік добрых спраў усёй яе сям’і, нават сабакі.
“Памыў посуд”, “Паліў кветкі”, “Выгуляў сабаку”, “Пакарміў бяздомнае кацяня”. Маша чытала і плакала наўзрыд. Сыны разам з мужам паставілі куфэрак, збіралі добрыя справы і загадалі адзінае толькі жаданне: каб мама была здаровая. “Дык вось адкуль гэты смак да жыцця”, – усміхнулася праз слёзы Снягурка. – То куфэрак…”.
Пасля святаў жанчына вярнулася ў свой звыклы пакой з белымі сценамі, і тут, на парозе, яе сустрэў урач.

– Вынікі апошняга абследавання станоўчыя, Марыя, дынаміка ёсць, – гаварыў ён. – Аднак не заспакойвайцеся, лячэнне яшчэ працягнецца і расслабляцца тут ніяк нельга.
Але Маша не чула слоў урача, у яе галаве круцілася толькі “дынаміка ёсць”, “вынікі станоўчыя”. Куфэрак дапамог менавіта тады, калі ёй, Машы, гэта было патрэбна болей за ўсё. Цяпер яна была ўпэўненая ў тым, што ўсё скончыцца добра і далейшыя абследаванні абавязкова будуць лепшыя за папярэднія.
Маша паверыла ў куфэрак і ў цуды. І зразумела, што яны здараюцца тады, калі чалавеку гэта сапраўды патрэбна.
Комментарии (3)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев