Сяргей

Автор
Опубликовано: 330 дней назад (22 ноября 2016)
+1
Голосов: 1
Бываюць такія выпадкі, калі вельмі рана пачынаеш цаніць тое, што быццам бы ў тваім узросце цаніць яшчэ не трэба ці не абавязкова… Так, калі надта рана мы страчваем бацькоў, як пасля асуджаем аднагодак, якія іх не цэняць, як нам здаецца, крыўдзяць словам ці справай. Думаем, а я б, калі маці жывая была, залюбіў бы, зацалаваў і ніколі-ніколі б не пакрыўдзіў. Так і ў здароўя свой узрост. Цана яго расце разам з намі, і нашы адносіны да яго мяняюцца з гадамі.

Сяргей наш даўні сябар, з ім пазнаёміліся яшчэ калі толькі-толькі студэнтамі ажаніліся з мужам. Жылі ў студэнцкім інтэрнаце. Пяцікурснікі, сямейныя прычым, – нам дазволена было многае: і прыйсці пазней, не па раскладзе, і гасцей правесці без запісу ў журнал. Сяргей тады толькі пачынаў дарослы шлях, ён быў першакурснікам. Разгублены, нешматслоўны, пануры – звычайныя сімптомы ўчарашняга школьніка. Пройдзе, нам падумалася, разварушыцца праз тыдзень-другі. Не прайшло, такім загадкавым для нас усіх ён і заставаўся. Раілі Сяргею як адносіцца да вучобы, як у групе сваё месца пад сонцам заняць – мы ж вопытныя. Ён слухаў і часцей маўчаў. Нават празвалі мы яго пасля Танкістам. Такая можа крыўдная мянушка, затое акурат у кропку. Кіпіш навокал – а ён як у танку. Аднак нешта грунтоўнае стаяла за яго маўчаннем, пасля мы ўсе гэта заўважылі. Ён маўчаў не таму, што не было што сказаць, гэта было мудрае маўчанне. Сяргей з першых месяцаў вучобы стаў “мозгам” групы, навука давалася яму лёгка. А кошт яго парад, думак, нават наконт вельмі дарослых пытанняў, мы хутка ацанілі. Гаварыў Сяргей рэдка, але па справе і ва ўсім лавіў самую сутнасць. Такія людзі на кошт золата.

Пяць гадоў мінула, Сяргей сам ужо выпускнік, а ў нашай кампаніі, мы і сёння на сувязі, ён Танкіст, ды ўсё тут. Чалавек ён не для кожнага, “на любителя”. Разумець яго цяжка, не кожнаму ён адкрыецца, але калі назаве цябе сябрам – дык гэта на ўсё жыццё, так і ведай. Таму сяброў у яго мала.

Раз’ехаліся мы па розных гарадах, аднак з Танкістам не губляліся. Ведаеце, гэта тое сяброўства, калі сазваньваліся мы нячаста, але і ён, і мы ведалі: здарыцца што – мы сябры, і дапамогі прасіць адзін у аднаго не трэба, прыбудзем хутка.
Можа так ціха і ішло б наша сяброўства, пакуль не здарылася страшнае. Сяргей захварэў, моцна. Адэнома гіпофізу… Гэта пухліна гіпофізу, мозг Сяргея даў збой… Наш чырвонадыпломнік захварэў! Як гэта часта бывае, дрэнная навіна прыйшла нечакана і нават выпадкова. Ніякіх сімптомаў, акрамя толькі што знешняй: Сяргей пачаў хутка папраўляцца. З юнака ў мужчыну ператвараецца, думалася мне. Аказалася, таму была прычына. І зноў жа наш Танкіст маўчаў, ні сябрам, ні бацькам ні-ні. Гэта ў 21 год. Сам у чужым горадзе звярнуўся да ўрача. Доктар адправіла нашага сябра на абследаванні галаўнога мозгу.

Нават калі дыягназ пацвердзіўся, ён яшчэ доўга маўчаў. Пакуль мы не забілі ў званы: нешта Сяргей без настрою, не едзе ў госці, так доўга не бачыліся, не з’яўляюцца новыя здымкі ў сацыяльных сетках… Ён саромеўся сябе новага. Прывык быць худашчавым. І мы прывыклі яго такім бачыць, а тут… Глупства, гаварылі мы пасля. Мы ж сябры, чаму ён адразу не казаў? Узяліся дапамагаць усе, і бацькі само сабой, і сябры. Сяргей хутка трапіў у Мінск, там вялікі медыцынскі цэнтр, там гуру нейрахірургіі. Але і яны не давалі аніякай гарантыі, ні на працэнт. Надта складаная аперацыя чакала сябра.

За тыдзень да аперацыі Сяргей трапіў у палату – неабходныя былі яшчэ абследаванні. Яго палажылі ў чацвер, мы гэта ведалі і думкамі былі побач. Ліў моцны дождж. Як дрэнна, думалі, і так на душы цяжка хлопцу, а тут яшчэ надвор’е... Далей мучылі хлопца аналізамі, здымкамі, мяняліся дыягназы. Ён ужо, здаецца, прывык да штодзённага стрэсу. Мы прыехалі за некалькі дзён да дня “ікс”. Гэта быў іншы Танкіст. Быццам бы і не Танкіст ужо.
Гаварыў і гаварыў Сярожа. І пра хваробу, і проста пра жыццё-быццё. Раней саліравалі мы, а тут слова не ўставіш. Быццам бы нагаварыцца хацеў, на ўсякі выпадак… І гулялі вакол бальніцы, і да паркоўкі дайшлі – сябар дакладна не хацеў развітвацца. Потым ён памахае нам услед і будзе стаяць на дарозе, пакуль наша машына не скрыецца ў патоку сталічных аўто…

Аперацыя доўжылася каля 10 гадзін, ой якімі доўгімі яны былі для маці, якая пераехала на месяц-другі ў Мінск. Ён ачнуўся хутка і на другі дзень трапіў у звычайную палату. Мы не паспелі нарадавацца, як увечары Сяргею стала горай – ацёк мозгу.
Мы гуглілі, што гэта такое, чыталі пра наступствы, а лепей бы не чыталі. Мы раней ніколі не бачылі бацькоў Сяргея, але сталі за гэтыя дні роднымі. Тры тыдні мы былі на тэлефоне, пакуль Сяргей ляжаў у рэанімацыі. Змагаліся ўрачы. Мы маліліся, каб жывы застаўся, каб пазнаў нас, каб нармальны прачнуўся. Жыццё ж наперадзе. Пяты курс… І толькі пасля заўважылі – ноччу перад аперацыяй Сярожа выдаліў сваю старонку ў сацыяльных сетках, на ўсякі выпадак. Каб не “жыла” пасля старонка без яго. Колькі такіх гісторый было, няма чалавека – а старонка існуе, і пішуць яшчэ тыя, да каго не дайшла дрэнная навіна, лайкаюць фота, каментарыі пакідаюць. Гэта ж якія думкі былі ў галаве нашага Сяргея за некалькі гадзін да па-
дзеі, якая магла змяніць усё…
З’явілася зараз старонка і фота на ёй. Сяргей пайшоў на папраўку, ужо выпісаўся. Усе мы выдыхнулі. Галоўнае, што жывы і вясёлы, пазнаў усіх і рады сустрэчы. А як цэніць цяпер жыццё…

У адзін дзень ён зразумеў, што можа памерці. Малады 21-гадовы юнак упершыню ўсур’ёз уявіў сабе, што заўтра яго можа не быць. Усе справы, што хацеў дарабіць заўтра, у наступным месяцы, так і застануцца планамі. Не будуць дараваныя яму ўчынкі, за якія вось-вось думаў папрасіць прабачэння ў людзей. Здаецца, толькі ў апошнія часы прыйшло поўнае разуменне рызыкі. Бо не цырымоніліся ўрачы падчас апошняга абходу, казалі як ёсць – верыць і спадзявацца на цуда, не радаваў і інтэрнэт, у якім ён так прагна хапаў хоць якія звесткі пра захворванне. Пасля, як пазлы, мы збяром яго перадаперацыйны вечар: выдаленая старонка, яго позняе СМС з нумарам бацькоў: “Званіце маці ці сястры, пытайцеся ў іх як я, бо я ж не адкажу вам”. Хацеў, каб мы не згубіліся і раздзялілі, як што, гора з яго роднымі. Пасля мы даведаемся, як многа пра нас пачула маці, што дзяжурыла каля Сяргея ў тую самую ноч. Ён ніколі не дзяліўся падрабязнасцямі свайго жыцця з бацькамі. А тут такая споведзь.

Ён усё перажыў, аднак такім, як раней, упэўнена, ужо не стане. Не, ён не страціў сваёй мудрасці, якая нават не па ўзросце, сваёй прыгажосці чалавечай, але стаў жывым, больш гаваркім. Усмешка цяпер часцей разбаўляе яго сур’ёзны твар.
Ёсць падзеі ў жыцці, якія мяняюць
нас раз і назаўсёды. Думаю, то было канструктыўнае выпрабаванне ў жыцці сябра, пасля якога адчуваеш смак жыцця і натхняешся, шукаеш сонца нават у пахмурным небе і знаходзіш адзіны плюс у безлічы мінусаў.
Комментарии (0)
Добавить комментарий