Здымаць – і мэта, і сродкі, і стыль…

Автор
Опубликовано: 859 дней назад (17 июля 2015)
0
Голосов: 2
Гэта інфармацыя праходзіла на старонках раённай газеты, ды і чуткі ў вёсцы не вымусілі сябе чакаць. Нягледзячы на ўсе забароны, у вёсцы ў той дзень палілі сухую траву, наводзілі парадкі пасля зімы. Толькі не па правілах пажарнай бяспекі, вось і панёс вецер полымя на жылыя дамы. Пажарныя прадухілялі магчымую бяду – тушылі агонь.
А два юнакі не знайшлі нічога больш карыснага, як зняць кароткаметражны фільм кшталту “як амаль не згарэў мой дом”.

А што рабіў ты ў гэты час? Задасць такое пытанне любы разумны чалавек, што пабачыць відэа. Здымаць на планшэт полымя, якое ідзе акурат да твайго дому?! Для чаго? Каб пасля ўзняць рэйтынгі ў сацыяльных сетках?

Мы ўвогуле надта любім здымаць усё, што адбываецца ў нашым жыцці: “Вось гэта я сёння еў”, “А гэта я сёння піў”, “А вось мая сабака, яна вось так брэша”. Колькі ў вашым тэлефоне, смартфоне або планшэце непатрэбнага відэа і бессэнсоўных фота? Мо таму такія дарагія сёння нашаму сэрцу фотаздымкі бабуль і прадзядуль, што іх было мала, а засталося яшчэ менш?

Адна з колішніх суразмоўцаў, ветэран вайны, прызналася, што нават не кожны з іх дывізіі мог дазволіць сабе фотаздымак у ваенныя часы, надта ж дарагія яны былі. І тыя фота, што зараз жанчына так беражліва захоўвае ў пажоўклым альбоме, яна нікому і ніколі нават у рукі не дае. Некалькі з іх – падарунак камандзіра. Ён даў грошы дзяўчыне на фотаздымкі, калі пабачыў, як хацелася ёй трапіць у гэты кадр, а пасля прывезці фотаздымак дахаты і паказаць сям’і: дзе і з кім штодня стаяла яна ў барацьбе з ворагам.

А што мы пакінем нашым дзецям: безліч сваіх фота ў адным адзенні, у тым жа пакоі, толькі з рознымі выразамі твару. “Тут яна ўсміхаецца, а тут яна такая ўся задуменная… Гэта, даражэнькі, мама фота на аватарку ў сацыяльныя сеткі калісь здымала…”. І якая каштоўнасць гэтых фота?

Быў у маім жыцці яшчэ адзін эпізод, калі пачуццё чалавечнасці і інстынкт самазахавання прайгралі звычайнай чалавечай цікаўнасці і прагі да грошай. Я была на тым самым гала-канцэрце, прысвечаным святкаванню Дня Незалежнасці краіны ў 2008-м. Калі хто не памятае, менавіта тады, 3 ліпеня, прагрымеў той самы выбух, які абудзіў не толькі прадстаўнікоў аховы правапарадку і медыкаў, але і гора-аператараў…

Жыхарка маленькага горада, якая ўпершыню ўбачыла сталіцу сваімі вачыма, я нават і дайсці да сябе пасля выбуху не паспела, як усе навокал пачалі здымаць на тэлефоны людзей, што забіліся ў паніцы. Сярод кампаніі аператараў аказаўся і мой знаёмы. Сёлетні выпускнік школы і будучы журналіст якраз праходзіў курсы падрыхтоўкі да паступлення ў Інстытут журналістыкі. Першы ўрок ён добра запомніў – журналіст заўсёды і ўсюды павінен быць першым. Таму Ваня (назавем яго ўмоўна так) як мог прабіваўся праз натоўп, каб зрабіць “гарачыя кадры” з месца падзей.

І траплялі ў гэтыя кадры акрываўленыя людзі, яны знемагалі ад болю і клікалі на дапамогу. А над імі, схіліўшыся, стаялі дзясяткі такіх аператараў, як Ванька.
– Што ты робіш? – выкрыкнула я.
– Чым я ім дапамагу? – нібы не разумеючы, сказаў знаёмы. – А я гэтыя кадры заўтра ці ўжо сёння ноччу на тэлебачанне ведаеш за якія грошы прадам?

Кроў і слёзы людзей ні адзін дзяржаўны тэлеканал не пакажа, прадасць іх Ванька якому “жоўтаму сайту”, і будуць пасля сотні разявак глядзець на бяду чалавека, на яго боль. А я і без ніякай камеры назаўсёды запомніла твар аднаго з пацярпелых, бачыла некалькі секунд, а забыць яго не магу. А таму ведаю цяпер, які твар у болю і якія вочы ў страху. І няхай Бог беражэ нас ад такіх гора-аператараў у цяжкія хвіліны. Няхай трапляюцца нам тыя, хто словам і справай дапаможа ў такі момант, а не дастане з кішэні тэлефон.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (9)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев