Шэсць яблыкаў

Автор
Опубликовано: 610 дней назад (22 марта 2016)
+3
Голосов: 3
Апошнім часам заўважаю ўсё больш, як любяць людзі скардзіцца на жыццё. Падстаў процьма: мала плацяць, недастаткова паважаюць, дрэнна лечаць, спраўна падманваюць, не так, як некалі, кахаюць... Скарга – наша ці не народная забава. Не прынята ў нас хваліцца – каб не пазайздросцілі крый Божа. А наракаць на жыццё – справа іншая.
Не тое каб я супраць. Але заўважыла, што людзі, якія жывуць з вечнай прэтэнзіяй да жыцця, сталі мяне стамляць. А падчас апошняй такой размовы ўспомніўся мне дзедаў аповед пра шэсць яблыкаў. Было гэта ў даваенны час. Гадкоў майму дзеду Мікалаю было мо 10. І хоць жыў ён у вёсцы, садовыя дрэвы там былі рэдкасцю, не было іх на бацькоўскім падвор’і. І вось на Спас мой прадзед Васіль прынёс у хату шэсць яблыкаў, асвяцілі іх у царкве і паклалі ў прыскрынак куфэрка, каб разносілі водар па ўсёй хаце. Гэты самы водар і давёў да бяды, бо малы Коля не ўтрымаўся перад спакусай і з’еў адразу ўсе шэсць фруктаў.

Бяда не прымусіла сябе чакаць – праз некалькі гадзін адчуў хлопча рэзі ў жываце і пацягнула яго на двор. А потым зноў і зноў. Гэта была крываўка – страшная па тых часах хвароба, бо якое тады магло быць лячэнне ў сялянскай хаце?

Павёз бацька адзінага сына ў бальніцу ў Косава, дзе 12 сутак ставілі яго на ногі. За лячэнне бацька заплаціў 60 злотых. Для сям’і гэта былі вялікія грошы, за іх можна было купіць паўтоны збожжа і жыць круглы год. А так сын асудзіў сям’ю на голад. Як кажуць, бяда не прыходзіць адна – у марозную лютаўскую ноч згарэла іх хата з усім сціплым дабром, і прытулкам для сям’і стаў куток у хаце суседзяў. Каб пачаць новае жыццё, засеяць поле, прыйшлося ехаць па вёсцы жабраваць. Дзед казаў, “якое гэта цяжкае слова – жабрак”. Пакуль сам ім не станеш, напэўна, не зразумееш. І вось пасля аднаго такога жабрацкага паходу па вёсцы, калі чалавек аддаваў табе, жабраку, перадапошні акраец хлеба ці жменю збожжа, прадзед Васіль сказаў цвёрдае “Не!”. Маўляў, больш не пайду па людзях, “Не магу, нажывём, зараблю – і вазьмуся за сваю хату”. І ўзяўся, і сам пабудаваў!

Усё спазнаецца ў параўнанні. Найхутчэй людзі, якія наракаюць на цяжкае жыццё, і не ведаюць, што такое сапраўдная бяда. А калі яна і сапраўдная, то найхутчэй прывялі да яе нашы памылкі, нашы “шэсць яблыкаў”. Нездарма жартуюць людзі: “У мяне ўсё было б добра, калі б не ... я”. Не ведаю, як каму, але калі мне цяжка на сэрцы, стукае ў скроні тое пераможнае “Не!” майго мудрага прадзеда, якое з жабрака ператварыла яго ў спраўнага гаспадара. Усё ў нашых руках, таму іх ніколі нельга апускаць.
Комментарии (0)
Добавить комментарий