Усё лепшае – чужым?

Автор
Опубликовано: 387 дней назад (22 ноября 2016)
+3
Голосов: 3
Я пачула гэтую гісторыю ад адной мудрай жанчыны, з якой мяне пазнаёміла прафесія і павага да якой у мяне без меж. Было гэта ў 80-я гады мінулага веку, калі мая суразмоўца была студэнткай і дзяўчынай на выданні. Пазнаёмілася яна ў той час з хлопцам з яўрэй-
скай сям’і, і ўсё гаварыла пра тое, што намеры ў яго былі сур’ёзныя. І вось аднойчы дзяўчына атрымала запрашэнне на сямейны абед, дзе мусіла пазнаёміцца з сям’ёй кавалера...

Трэба загадзя сказаць, што дзяўчына была з сям’і сярэдняга дастатку – у плане ежы не шыкавалі, ды і дэфіцыт быў тады такі, што за шчасце было набыць слоічак маянэзу ці банку шпротаў. Далікатэсы хаваліся на святы, для гасцей, і калі ўжо вісела пад столлю засоленая паляндвічка, то маці казала дзецям: “Дзеткі, вы паласуйцеся, але ўсю не з’ядайце – мо хто чужы ў хату зойдзе”.
І вось – званы абед.

Як жа была здзіўлена мая расказчыца, калі ўбачыла, што суп у сям’і кавалера наліваецца з шыкоўнай супніцы, на стале – бутэрброды з тымі самымі далікатэснымі шпротамі, мясныя салаты і іншыя прысмакі. Не, у яе доме таксама быў прыгожы сервіз, з супніцай, але ці даставалася яна калі з шафы? Суп елі па-простаму – налівалі ў талеркі з каструлі. Ды і стол нават у час прыходу гасцей сервіраваўся больш сціпла. А тут – проста сям’я абедае.

Маці хлопца заўважыла дзявочую збянтэжанасць і пазней, калі яны разглядалі фотаальбом, седзячы на шыкоўнай канапе – амаль што антыкварнай, з круглымі падлакотнікамі, сказала: “Дарагая, найхутчэй ты ўвойдзеш у нашу сям’ю. І таму табе трэба ведаць адно правіла, якім мы кіруемся па жыцці – усё лепшае павінна быць для сваіх”. У тую сям’ю дзяўчына так і не ўвайшла, але ацаніла жыццёвую мудрасць ці то асобнай гаспадыні, ці то цэлага яўрэйскага народа, у якога свая філасофія, і ўсе ведаюць пра тое.

Гісторыя ўдала ўплялася ў кантэкст гутаркі і да гэтай пары не ідзе з галавы. Лепшае для сваіх – так проста, так натуральна, зразумела, і цяжка з гэтым не пагадзіцца, бо і ў мінуты гора, і ў мінуты радасці не чужыя, якія ласуюцца ў нашых дамах паляндвіцамі, а родныя і блізкія аказваюцца побач. Тым не менш, мы часта жывём напаказ. У большасці сямей прыгожыя сервізы аказваюцца на стале толькі калі ёсць падстава і калі ў хату заходзіць нехта важны. А ці важны ён, ці важнейшы за родных дзяцей? Рэдкая жонка робіць макіяж і прыгожа апранаецца дома, каб радаваць вока мужа, між тым ведаю жанчын, якім трэба нафарбавацца, каб вынесці смецце – а мо хто знаёмы па дарозе сустрэнецца? Ведаю хлопца, які часта мяняе машыны на больш крутыя, бо, як ён кажа, “машына – гэта статус”. Між тым, яго маці заўжды ездзіць на лецішча і адтуль на электрычцы, ды яшчэ, бывае, з цяжкімі торбамі. Маці, значыць, пацерпіць, пакуль ён усіх сяброў па справах развязе – затое ў яго “статус”.

Кожны робіць свае высновы з сітуацыі, і я зрабіла свае. Апошнім часам думаю пра тое, што маёй сям’і мяне мала – увага маці і жонкі рассейваецца на тысячу дробязей, якія, як кажа адна мая калега, “не маюць ніякага значэння для выратавання душы”. Мяркую, у многіх тая ж праблема – мала гадзін у сутках, каб усё паспець. Але ніколі не позна спыніцца і па-іншаму расставіць прыярытэты, і я паціху пераасэнсоўваю жыццё, засцілаючы на кухонны стол лепшы адпрасаваны абрус…
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев