Жыць без дзяцей, магчыма, можна…

Автор
Опубликовано: 748 дней назад (5 ноября 2015)
Редактировалось: 1 раз — 16 декабря 2015
+2
Голосов: 2
Не буду крывіць душой: я не надта любіла дзяцей і жывёл. Немаўля і кацяня здаваліся мне мілымі, але калі з іх вырастае вуглаваты падлетак і нахабны вусаты кот, яны перастаюць радаваць. У юнацтве мне падабаўся выраз: “Дзеці – гэта кветкі жыцця, але добра, калі яны растуць у чужым агародзе”. Аднак пазней я стала жонкай, нарадзіла любую дачушку – і погляды мае змяніліся. Навучылася жыць дзеля свайго дзіцяці і радавацца магчымасці такога ахвяравання. На жаль, не кожнаму Бог робіць такі падарунак: толькі ў Беларусі кожная шостая-сёмая сям’я бяздзетная па прычыне бясплоддзя. А ёсць пары, якія проста не заводзяць дзяцей, бо не маюць жадання іх выхоўваць – і ўсё тут. Як да гэтага ставіцца?

Адны мае знаёмыя, людзі творчыя і летуценныя, ажаніліся гадоў дваццаць назад і наўмысна рабілі ўсё магчымае, каб не нарадзіць дзяцей. Калыска, пялюшкі, соскі, бразготкі і, нарэшце, гаршчок ніяк не змяшчаліся ні ў іх катэджы, пабудаваным па асабістым архітэктурным праекце, ні ў іх галовах, занятых важнымі ідэямі. Дзеці для іх – перашкода для самарэалізацыі. І такіх пар цяпер многа па ўсім свеце. У Еўропе, ЗША існуе рух “чайлдфры” (у перакладзе “вольны ад дзяцей”). Да гэтай субкультуры маюць дачыненне людзі, якія адмаўляюцца ад дзяцей дзеля асабістай свабоды і прапагандуюць адпаведны лад жыцця. Частка прыхільнікаў “чайлдфры” адчувае непрыязнасць да дзетвары, а таксама да ўсяго, што звязана з працэсам дзетанараджэння і груднога кармлення. Іншым проста зручна жыць без дзяцей. А таксама з нацяжкай, але да “чайлдфры” адносяць і тых, хто не вызначыўся, хоча ён дзяцей ці не, а таксама тых, хто ўвесь час адкладвае цяжарнасць, бо “інстытут, экзамены, сесія”. Бывае, такі адклад не ідзе ў лад: нараджаць становіцца позна альбо зусім прападае жаданне мяняць жыццё. Ёсць у маім акружэнні такія пары. Што рабіць, змяніліся сацыяльныя рэаліі: людзі сталі больш мабільнымі і багатымі, ім адкрыўся свет забаў, якім перашкаджаюць дзеці.

На постсавецкай прасторы “чайлдфры” прыжыцца цяжэй, тым больш што яны не супраць абортаў і стэрылізацыі, якія ідуць уразрэз з праваслаўем і асуджаюцца нашым грамадствам у цэлым. Але для Беларусі і Расіі “чайлдфры” – не навіна. І нават мой сціплы жыццёвы вопыт таму прыклад. А ўжо калі паглядзець на колькасць супольнасцей па запыце “чайлдфры” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, то лік уражвае.

Чытала, пра што яны пішуць. Пішуць, што шчасце ў кожнага сваё. Складана не пагадзіцца. Пра сваё шчасце марыць і мая сяброўка, якой на днях паставілі дыягназ “бясплоддзе”. Няма ніякай надзеі. Хіба толькі ЭКА (пад пытаннем), сурагатнае мацярынства, усынаўленне. Чалавек ледзьве не памёр ад перажывання. Пачуць
для жанчыны такое – літаральна, расстрэл. А “чайлдфры” ў гэты час пішуць: “мацярынства – страта асобы”, “выратуй чалавека ад жыцця – зрабі аборт”, “мой варыянт шчасця – падарожжы, фінансы, свабода”… Чаму так няроўна дзеліць Бог? Іншы народзіць пяцёра – і кіне, на цяжкі лёс асудзіць. Другому даюцца дзеці, а ён бяжыць ад іх, як чорт ад ладана. А трэці моліцца, просіць немаўля, а яму – маўчанне ў адказ. Напэўна, ёсць у гэтым нейкая вялікая задумка, якую я сваім сярэднім розумам ніяк не зразумею.

Імкнуся па жыцці нікога не асуджаць. Ну, хто не без граху, хто не памыляўся? І да таго ж, хто вызначыў, што ёсць памылка, а што не? Можа, памылка – не спаць начамі ля калыскі, згубіць за час цяжарнасці добрую фігуру, адмаўляць сабе ў падарожжах, у дарагіх рэчах, бо трэба гадаваць дзяцей і ім аддаваць ўсё лепшае? Можа, памылка – жыць у пастаянным стрэсе, бо толькі малыя дзеткі – малыя бедкі. Можа, яны вырастуць няўдзячнымі? Можа, прыйдзецца саромецца за іх паводзіны ці цацкацца з імі да смерці, ратуючы ад алкагалізму, наркотыкаў, дрэнных кампаній, хваробаў, ад саміх сябе. Можа, і маюць рацыю “чайлдфры”... Але для чаго людзі заводзяць дзяцей? Каб было каму вады паднесці перад смерцю? А калі піць не захочацца – што, марна гадаваў патомства? Не асуджаю наўмысна бяздзетных, але на мой густ, жыццё без дзяцей пустое і бессэнсоўнае, бо мы ў іх, сынах і дочках, “прадаўжаемся”. Прыйдзе час – памру, але не ўся, бо ў дачушкі мае вочы – і яна будзе глядзець імі на свет і ўспамінаць мяне, лепшае, што было ў ва мне, пяройме. І сям’я без дзяцей – “хісткі” саюз. Мо таму часта распадаюцца такія шлюбы. І каб не была бяздзетнасць трагедыяй, ці ліла б слёзы мая бясплодная (жудаснае слова!) сяброўка?

Дзе ёсць дзеці – там амаль ніколі няма адзіноты. Нават калі ты патапіў у бутэльцы чалавечы воблік, тваё дзіця да цябе ўсё роўна цягнецца, нясе цукерку, якой добры чалавек яго, няшчаснага, пачаставаў (між іншым, рэальны выпадак, з жыцця). Жыць без дзяцей, магчыма, можна. Ды як на свеце без дзяцей пражыць?

Думаю пра тое, што ў нашым жыцці стала многа аднаразовага: посуд, папера, рэчы на адзін сезон – “панасіў-надакучыла-выкінуў”. І да адносін людзі ставяцца, як да чагосьці аднаразовага: не спадабаецца ў шлюбе – падам на развод. Сцяг у рукі, разбурай сваё жыццё, яно – твая ўласнасць. Але калі жанчына нараджае дзіця, а потым вырашае, што мацярынства – не яе канёк, і немаўля на сметнік выносіць, то гэта ўжо злачынства, бо ты, гора-мамаша, у адказе за таго, каго нарадзіла. І для мяне “чайлдфры” і падобныя – проста тыя, хто падсвядома разумее, што ім не будзе пасля нараджэння дзіцяці шляху назад. Яшчэ ім хочацца пратэсту, супрацьпаставіць сябе сістэме аднолькава думаючых людзей – юнацкая фанабэрыстасць. Я не баюся “чайлдфры”, бо яны, акрамя сябе, нікому не шкодзяць. Я баюся тых, хто нараджае бяздумна і без меры. І выснову раблю такую: зрабіць дзіця проста, нарадзіць – і так, і сяк, а вось выхаваць цяжка. І калі ўжо ты рашыўся пакласці на плечы цяжар адказнасці за патомства, сто раз адмерай – адзін адрэж. І тады не будзе анамаліі – кінутых дзяцей пры жывых бацьках. І дзеці будуць шчаслівыя.
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев