Больш за 170 дзяцей адпачылі на першай змене ў “Дубравачцы”

«Дубравачка» вяртаецца ў даковідны час – жадаючых адпачыць тут вельмі шмат, ажыятаж на пуцёўкі пачаўся ўжо з вясны.
Больш за 170 дзяцей адпачылі на першай змене ў дзяржаўнай выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі «Аздараўленчы лагер Дубравачка Івацэвіцкага раёна», другая змена ўжо рыхтуецца да адпачынку – сюды прыедуць больш за 180 рабят з усяго раёна.
– Канешне, адчуваецца вялікая розніца ў параўнанні з мінулым годам, колькасць дзяцей значна павялічылася. На першай змене на базе «Дубравачкі» працавалі тэматычныя змены – «Юнацтва», «Абаронца Айчыны», «Мы за бяспеку», а таксама змена прававой накіраванасці, – расказала дырэктар лагера Алена Анатольеўна Грабун. – На другой змене будзе дзейнічаць тэматычны турыстычны лагер «Ветразь», а таксама змена «Мы за бяспеку». Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе па паказчыках мы вярнуліся, як кажуць, у даковідны час, у нас існуюць пэўныя абмежаванні – масачны рэжым для наведвальнікаў, масачны рэжым у сталовай і медпункце, дыстанцыраванне, а таксама ўсё больш актыўных мерапрыемстваў для дзяцей праводзіцца на вуліцы, а не ў памяшканнях. Таксама бацькі могуць наведаць сваё дзіця толь-
кі адзін на адзін у альтанцы каля прахадной. Каб бацькі не надта хваляваліся, у «Дубравачкі» ёсць акаўнт у Інстаграме, там можна ўбачыць штодзённае жыццё лагера.
Педагог-арганізатар Кацярына Мікалаеўна Тысевіч не ўпэўненая, ці можна звязаць адмову дзяцей ад гаджэтаў з каранцінам, падчас якога яны ўжо надакучылі, але такую тэндэнцыю заўважыла.
– Мабыць, падчас каранціну дзеці насядзеліся за камп’ютарамі і ў тэлефонах, але цяпер ім цікавей на свежым паветры. Самі просяць мяч, прыдумляюць гульні. Асабліва любяць квэсты. Кожны дзень у нас прысвечаны пэўнай тэме – экалогіі, здароўю, турызму. У дзень турызму мы ладзілі квэст, падчас якога рабяты навучыліся распальваць вогнішча, аказваць першую медыцынскую дапамогу, арыентавацца ў лесе, вывучылі грыбы, якія можна і нельга есці, а таксама як адрозніць адны ад другіх. Таксама дзеці ў нас – фанаты творчасці. На «ўра» прайшоў канцэрт «Адзін у адзін», дзе дэманстраваліся пародыі на зорак. Дарэчы, у такіх канцэртах прымаюць удзел і важатыя.

Дзяцей, якія адпачываюць у лагеры, наведваюць з лекцыямі, бяседамі, гульнямі госці: супрацоўнікі РАНС, РАУС і прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў. У дзень, калі мы наведалі «Дубравачку», пра бяспеку жыццядзейнасці рабятам расказвалі супрацоўнікі Івацэвіцкай раённай энергагазінспекцыі.

Педагог-арганізатар прыехала працаваць у «Дубравачку» ўпершыню, але адразу – сямейным падрадам, разам з мужам Пятром Уладзіміравічам, выкладчыкам фізічнай культуры. Спачатку вельмі перажывалі, хваляваліся, ці змогуць знайсці агульную мову з вялікай колькасцю дзяцей. І вось першая змена падыходзіць да завяршэння – усе трывогі мінулі, засталіся толькі прыемныя ўражанні, таму яны вырашылі застац-
ца і на другую змену.
Харчаванне ў лагеры – пяціразовае, збалансаванае, смачнае, карыснае і вельмі разнастайнае, каб дагадзіць густам любога, нават самага пераборлівага маленькага гурмана. Як дадае начальнік лагера Алена Анатольеўна Грабун, бацькі расказваюць, што дома сын есці шмат чаго не хоча, перабірае, а спыталі, як кормяць у «Дубравачцы», адказаў, што смачна. Можа, вясёлая кампанія станоўча ўплывае на апетыт?
Як мы ўбачылі на ўласныя вочы, любімая многімі пакаленнямі дзяцей «Дубравачка» літаральна адрадзілася пасля ковіду і, як і раней, робіць летні адпачынак насычаным і яскравым.