У маленькай вёсачцы Дубітава, што ў Мілейкаўскім сельсавеце, сёння пражывае ўсяго 12 жыхароў. Свежае паветра, маляўнічая прырода і з дзясятак дамоў, дзе праходзіць размеранае вясковае жыццё. Тут, як у радках вядомай песні: «от людей на деревне не спрячешься…» Усё ва ўсіх на віду! Жыхары ў пераважнай большасці пажылога ўзросту, самы старэйшы з дубітаўцаў – 85-гадовы Міхаіл Кулецкі. Яму, як мудраму чалавеку, што прызвычаіўся бескарысліва дапамагаць людзям, вяскоўцы аднойчы даверылі адказную і паважаную пасаду старасты. І вось ужо больш за 20 гадоў мінула з таго часу, як Міхаіл Іосіфавіч нясе на сабе адказнасць клапаціцца пра аднавяскоўцаў.

У Дубітаве ён нарадзіўся, вырас і пражыў жыццё, шчыра любіць сваю малую радзіму, душой хварэе за вёску і хоча бачыць яе ўтульнай і прыгожай. Міхаіл Іосіфавіч паважае аднавяскоўцаў, а яны – яго, імкнецца дапамагчы кожнаму, хто звяртаецца да яго з пытаннямі ці праблемамі. Дух грамадскасці, між іншым, жыве ў ім даўно, яшчэ з маладосці ён імкнуўся дапамагаць людзям: узараць агарод, пасадзіць бульбу, прывезці дровы, сена… Сягоння, нягледзячы на паважаны ўзрост, у вачах мужчыны па-ранейшаму гарыць той малады аганёк неабыякавасці.

На яго дзяцінства прыпала вайна
Міхаіл Іосіфавіч – чалавек савецкай загартоўкі, які рос і сталеў у вельмі няпросты час, што прыпаў на яго дзяцінства і юнацтва. У яго памяць назаўсёды ўрэзалася Вялікая Айчынная вайна, што пякучым болем упісалася і ў гісторыю Дубітава. 30 аднавяскоўцаў былі вывезены ў канцлагер у Германію, сярод іх – дзед, баба, дзве цёткі і дзядзька Міхаіла Кулецкага, 15 дубітаўцаў ваявалі на франтах вайны, палова з іх не вярнулася дадому. У верасні 1942 года фашыстамі былі расстраляны 28 мірных жыхароў в. Дубітава за сувязь с партызанамі.

– Памятаю, як у вёсцы засталіся толькі жанчыны, старыя і малыя, якім таксама было ох як нясоладка, – расказвае Міхаіл Іосіфавіч. – Аднойчы да нас у двор уварваліся немцы і хацелі забраць карову, але мы, малыя, пачалі жаласліва плакаць, таму, параіўшыся, немцы пакінулі карову і забралі ў нас парася.

У сям’і Міхаіла Кулецкага было шасцёра дзяцей. Разам з маці яны некаторы час вымушаныя былі жыць у лесе. Аэрадром, што размяшчаўся ў Харошчы, часта абстрэльвалі немцы, але снарады, бывала, траплялі ў раку Грыўду, таму піць з яе ваду і купацца было вельмі небяспечна для здароўя. Па ваду з лесу патрэбна было ісці на хутар, а па дарозе часта даводзілася хавацца ад немцаў у жыце або ў высокай траве.

Ды і пасляваеннае жыццё было складаным, успамінае зараз Міхаіл Іосіфавіч. Тата вярнуўся з фронту, працаваў у ваеннай часці, маці даглядала дзяцей, а тым, хто не працаваў на калгас, зямлі давалі значна менш. Школу ў Дубітаве спалілі немцы, таму Міхаіл і яго аднавяскоўцы хадзілі за шэсць кіламетраў пешшу вучыцца ў Косава.

У шчырай працы і клопатах
Дарагую сэрцу зямлю Міхаіл Кулецкі за жыццё пакідаў некалькі раз, але вяртаўся сюды зноў і зноў. Пасля сканчэння васьмі класаў ён працаваў у калгасе. У 1957 годзе ў пошуках большага заробку адправіўся на працу на Поўнач, у тайгу на валку лесу. Хлопцу выплацілі нават пад’ёмныя. Вось толькі і там лёгкага хлеба не спаткаў ён.

– Каб мы не збеглі, заробленыя грошы аддавалі малымі часткамі, кармілі ў асноўным траской, а так хацелася нашай бульбы. Нарэшце хлопцы-беларусы вырашылі ўцякаць адтуль і мяне з сабой узялі. Адной майскай ноччу кінуліся мы наўцёкі, каля 80 кіламетраў прайшлі пешшу, дабраліся да Архангельска, там я ўзяў білет на цягнік да бліжэйшага прыпынку і «зайцам» даехаў да Кіева, – расказвае Міхаіл Іосіфавіч.

Некаторы час затрымаўся Міхаіл і там, працаваў на будоўлі, зарабіў крыху грошай і вярнуўся дадому, а тут – павестка на службу ў армію. Адслужыў артылерыстам тры гады ў Гродне, у арміі атрымаў і правы шафёра. Пасля службы вярнуўся назад у роднае Дубітава, ды зноў патрэба зарабіць вымусіла хлопца адправіцца на чужыну: ад івацэвіцкага нарыхтзерня яго накіравалі ў Акмолінск папрацаваць на ўборачнай. Праз тры месяцы вярнуўся дахаты і асеў у родным Дубітаве на ўсё жыццё. Спачатку ўладкаваўся на мэблевае прадпрыемства ў Косава, затым працаваў у саўгасе «Косава» трактарыстам, камбайнерам, а падчас уборачнай заўсёды быў у перадавіках.

У 1964 годзе ажаніўся на аднавяскоўцы Лідзіі, з якой і жывуць у згодзе ўжо 60 гадоў. У шчырай працы і клопатах праходзіла жыццё Кулецкіх, толькі вось у 1994 годзе пастукала ў дзверы іх дома бяда – загінуў сын. Трагедыя, што і сёння адклікаецца болем у сэрцах бацькоў, прымусіла іх вучыцца жыць нанава, а каб не згубіцца ў горы, напоўніцу аддавацца любай дачцы і ўнукам, шчырай працы і грамадскай рабоце.

З дэпутатаў – у старасты
На 90-ыя гады прыпаў перыяд, калі Міхаіла Кулецкага вяскоўцы выбралі дэпутатам мясцовага Савета. А пасля 12 гадоў дэпутацтва ў 2001 годзе ў чарговы раз выказалі свой давер – даручылі яму паўнамоцтвы старасты, з якімі паспяхова спраўляецца Міхаіл Іосіфавіч і да гэтай пары.
З доляю смутку ўспамінае стараста аб мінулым роднай вёскі. Жыццё было небагатым, але весялейшым, лічыць ён. Людзі трымалі падсобныя гаспадаркі, а з імі і клопату было
больш, на дапамогу адзін аднаму прыходзілі нават без просьбы. Сёння памагатых у вёсцы не так і многа, але ж усё-такі яны ёсць. За свой абавязак узяў Міхаіл Іосіфавіч пакос травы на вясковай вуліцы – яна ў населеным пункце адна, тэрыторыі былога клуба і ўдзячны тым, хто не забывае даглядаць бацькоўскія сядзібы.

Стараста вёскі павінен быць прыкладам ва ўсім для іншых, Міхаіл Іосіфавіч такім і з’яўляецца. У чысціні і парадку знаходзіцца падворак, дом, сад і агарод Кулецкіх. Усюды паспявае гэты нястомны чалавек, усё ў яго руках спорыцца.

– Трэба дапамагаць людзям, і яны табе абавязкова адкажуць дабром, – лічыць мужчына і згадвае выпадкі, калі і яму ў дапамогу адклікаліся людзі.

Неяк, параіўшыся з аднавяскоўцамі, вырашылі навесці парадак на мясцовых могілках – выразалі дрэвы, кустоўе. І гэтая, здавалася б, добрая ініцыятыва, на якую было затрачана шмат часу, намаганняў і сродкаў, нечакана для іх абярнулася праблемай, пагражала нават пакараннем за самаўпраўства. Аднак жа потым пра дубітаўскія могілкі на сходах згадвалі як пра ўзор – такі на іх павінен быць парадак.

Гісторыя дубітаўскага крыжа
Гісторыя з могілкамі так ці інакш датычная і да ўзнікнення на ўскрайку Дубітава паклоннага крыжа, які таксама з’яўляецца ініцыятывай і вынікам працы старасты і некаторых вяскоўцаў. На могілках тады спілавалі сосны, іх і прыкмеціў Міхаіл Кулецкі ў якасці матэрыялу для святыні. Дубітаўцы дапамаглі даставіць драўніну ў Грыўду на пілараму, там па яго просьбе зрабілі загатоўкі. Дома ж гаспадар абгабляваў іх і зрабіў крыж, прычым без аніводнага цвіка. За свае сродкі набыў і фарбу, словам, зрабіў справу на сумленне.

– Дзякую ўсім, хто далучыўся да такой важнай падзеі і дапамог устанавіць у нашай вёсцы крыж! Гэта Сяргей Папека, Мікалай Турчын, Руслан (на жаль, не памятаю яго прозвішча), Валерый Кулецкі. Пафарбаваць агароджу і ўпрыгожыць кветкамі святыню дапамаглі і жанчыны: Марыя Сіткевіч, Валянціна Кулецкая, Марыя Якубчык, Галіна Акавітая.

Так, крыж, які асвяціў айцец Аляксей, стаў для мясцовых жыхароў і прыезджых духоўнай апорай, а для вёскі – абаронай. Прастаяў ён каля 20 гадоў. Сёлета ж заўважыў Міхаіл Кулецкі, што падножжа ўжо пачало гніць і тэрмінова патрэбна нешта рабіць, але аднаму ніяк не справіцца. На шчасце, у Дубітаве вясной працавалі работнікі электрасетак. Кінуўся стараста да іх па дапамогу, і электрыкі не адмовілі, а да справы зноў далучыліся дубітаўскія мужчыны. З дапамогай вышкі выцягнулі крыж з зямлі, абрэзалі гнілую частку і ўкапалі на былое месца. Цяпер, як адзначае Міхаіл Іосіфавіч, можна спаць спакойна, бо святыня трывала стаіць на месцы.

Жыве вёска, пакуль жывуць яе жыхары
Шмат каму ў жыцці Міхаіл Кулецкі гаварыў дзякуй. З вялікай павагай ён успамінае тых людзей, якія аднойчы выручылі, калі занядужала яго жонка Лідзія Аляксандраўна. Раптам спатрэбіліся вялікія грошы, і з дапамогай знаёмых удалося сабраць неабходную суму ў пазыку. Таму і дапамагчы іншым, калі гэта неабходна, лічыць справай жыцця дубітаўскі стараста, якога жыццё малой радзімы і турботы землякоў хвалююць не менш, чым уласныя клопаты. А вяскоўцы і жыхары суседніх вёсак яго жартам называюць мэрам Дубітава.

– Сягоння сельскаму жыхару няма на што скардзіцца, увагай мы не абдзеленыя. Тройчы на тыдзень прыязджае ў Дубітава аўталаўка, калі трэба, то і заказы нашы выканае, даставіць, што неабходна. Рэгулярна нас наведвае і ФАП, – разважае Міхаіл Кулецкі.

Хвалюе вясковага старасту толькі перспектыва вёскі, бо зараз ён нават не можа ўспомніць, калі тут у апошні раз нараджаліся дзеці. Але і ў гэтым пытанні як заўсёды на выручку прыходзіць яго жыццёвы аптымізм, які дапамагаў і выратоўваў яго не раз. Ён упэўнены: пакуль тут жывуць тыя, хто не жадае мяняць ціхае вясковае жыццё на больш буйны населены пункт або шумны горад, будзе жыць і Дубітава!

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться