Аб гэтым «ІВ» расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Равенка.
Яна нагадала, што ў 2023 годзе была ўведзена новая форма выніковай атэстацыі для выпускнікоў 11 класаў – цэнтралізаваныя экзамены (далей – ЦЭ), рэзультаты якіх былі пропускам для далейшага выбару адукацыйнага маршруту. З сертыфікатамі, атрыманымі на ЦЭ, можна было паступаць у навучальныя ўстановы. Дадаткова здавалася цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) яшчэ па адным прадмеце.

408 навучэнцаў 11 класаў з нашага раёна здавалі два ЦЭ: па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» ці «Русский язык» (на выбар) і па іншым вучэбным прадмеце (таксама па выбары навучэнца). Па рэзультатах ЦЭ дзевяць вучняў ліцэя і школ раёна, у тым ліку шэсць медалістаў, паказалі максімальны рэзультат і набралі 100 балаў па розных прадметах. Шэсць з дзевяці скончылі Ліцэй Івацэвіцкага раёна – у скарбонцы навучальнай установы тры 100-бальныя сертыфікаты па матэматыцы і па аднаму – па рускай, беларускай мовах, хіміі. Па аднаму стабальніку – у СШ № 3 і СШ № 4 (руская мова і матэматыка), а таксама ў вясковай Запалянскай сярэдняй школе (беларуская мова).

У раёне ў 2023 годзе – 34 залатыя медалісты. Толькі адзін па рэзультатах ЦЭ атрымаў адзнаку «8», астатнія – «9» і «10». 33 медалісты паступілі ва ўніверсітэты. Калі скласці ТОП-6 устаноў вышэйшай адукацыі, якім аддалі перавагу найбольш «залатых» выпускнікоў, то ў яго трапяць: Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (сем медалістаў), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (пяць), Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (тры), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (тры), Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (тры) і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (два).

А цяпер ТОП-7 навучальных устаноў, якія могуць ганарыцца колькасцю сваіх выпускнікоў, што паступілі ва ўніверсітэты:
Ліцэй Івацэвіцкага раёна – 73 з 89, ці 82 %;
Косаўская сярэдняя школа ім. Алеся Зайкі – 11 з 15, ці 73,3 %;
Сярэдняя школа № 1 г. Івацэвічы – 26 з 39, ці 66,7 %;
Гортальская сярэдняя школа – 4 з 6, ці 66,7 %;
Сярэдняя школа № 4 г. Івацэвічы – 30 з 47, ці 63,8 %;
Яглевіцкая сярэдняя школа – 6 з 10, ці 60 %;
Сярэдняя школа № 3 г. Івацэвічы – 25 з 48, ці 52,1 %.

Па рэзультатах цэнтралізаванага тэсціравання двое навучэнцаў з нашага раёна атрымалі 100 балаў, і яны ж маюць па два 100-бальныя сертыфікаты (адзін атрымалі на ЦТ і адзін на ЦЭ). Гэта выпускнік ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна» Віталій КЛІМОВІЧ, які на 100 балаў здаў ЦЭ па матэматыцы і ЦТ па хіміі, а таксама выпускніца ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Івацэвічы» Аліна ШАМЯРЭЙ (100 балаў па рускай мове на ЦЭ і 100 балаў па грамадазнаўстве на ЦТ).

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Поделиться