Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Сцяпан Кузьміч успамінае, як жудасна было хадзіць па пустых вуліцах Нароўлі, горада, які месціцца на беразе Прыпяці

Зараз Сцяпан Іванавіч разам з жонкай Наталляй Мікалаеўнай жыве ў Гошчаве. Утульны драўляны дом з тэрасай, вялікі агарод, сабака – добры вартаўнік, ды курачкі, якія, па словах гаспадыні, узялі ў палон тэрасу ды жывуць сабе прыпяваючы… Такая цёплая вясковая карціна адкрылася перад вачыма журналіста. Былая дача стала сёння надзейным і цёплым прытулкам, добрым месцам адпачынку ад гарадской мітусні.

А схавацца Сцяпану Іванавічу, можа, і вельмі хацелася, бо ўсё жыццё ён правёў у людзях: больш за 30 гадоў ён аддаў службе ў інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду і выйшаў на пенсію ў званні маёра. Наш герой родам з Драгічынскага раёна. Ніхто ў яго сям’і нават не здзівіўся, калі юны Сцёпа кінуў вучобу ў аграрным інстытуце і паехаў вучыцца ў Ленінградскае пажарна-тэхнічнае вучылішча, бо перад вачыма быў годны прыклад бацькі-пажарнага. Пасля па размеркаванні ён патрапіў у Лунінецкі раён, 10 гадоў там Сцяпан Кузьміч працаваў інспектарам, на ім была прафілактычная работа. За гэты час мужчына ажаніўся на зямлячцы Наталлі, і да нас у раён ён прыехаў «ужо са сваім багажом», так жартаўліва выразіўся сам субяседнік. Жонка і дзве дачушкі, Жанна і Галіна, дзялілі ўвесь цяжар службы з мужам і татам. Наталля Мікалаеўна ўспомніла, як у Лунінцы, калі ім давялося сям’ёй жыць прама ў будынку пажарнай часці, акурат у дзень нараджэння дачкі недзе адбыўся пажар, і бацька ўстаў з-за святочнага стала, папрасіўшы прабачэння ў гасцей, адправіўся на службу… Сям’я яшчэ не ведала, што хутка служба пазаве любімага мужа і бацьку ў Чарнобыль.

– Я прыехаў на работу ў Івацэвіцкі раён у 1981-м у якасці начальніка інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, – расказваў Сцяпан Кузьміч. – У нас быў невялікі калектыў з чатырох чалавек – начальнік і тры інспектары. Адносіліся мы тады да МУС і працавалі ў будынку Івацэвіцкага РАУС.

Праз пару гадоў я напісаў рапарт і пайшоў у інспектары, кіраваў намі ўжо Міхаіл Кавальчук. Ён і прыняў рашэнне адправіць мяне ў Чарнобыльскую зону. На інспекцыю прыйшла папера з Брэста – направіць аднаго чалавека. Не буду хлусіць, ад калег-ліквідатараў чуў што-нішто пра Чарнобыльскую зону, было страшна. І, канечне, я задаваўся пытаннем: чаму менавіта я еду ў гэтае радыяцыйнае пекла? Пасля падумаў: мне 36, ёсць кватэра, жонка, дзве дачушкі, жыццё трохі склалася, напэўна, гэта было ўзважанае рашэнне кіраўніка. А загады я абмяркоўваць не прывык, трэба – значыць трэба…

1 жніўня мой субяседнік ужо адправіўся ў дарогу. Усе інспектары прыехалі спачатку ў Хойнікі, там базіраваўся штаб, які каардынаваў работу. Сцяпана Кузьміча адправілі несці службу ў зводны атрад Нараўлянскага раёна. Якой прыгожай паказалася тады капітану Нароўля, гэты горад на Прыпяці.

Адно моцна рэзала вока – гэта бязлюддзе. Хоць горад тады адсялялі яшчэ па жаданні, ён не патрапіў у 30-кіламетровую зону адчужэння, але многія з’ехалі самі. Сцяпан Іванавіч рабіў звычайную работу інспектара – праводзіў праверкі і прафілактычныя рэйды па калгасах, магазінах, школах, якія яшчэ працавалі. Часам ён і сам забываў, што гэта не звычайная камандзіроўка, калі б у кішэні не «шкаліў» дазіметр і не так моцна пяршыла ў горле. Інспектарам выдалі форму і кірзавыя боты – распранацца нават у плюс 30 было нельга, а яшчэ давалі рэспіратары, а ці дапамагала гэта рэальна…

– У сярэдзіне жніўня мы пачалі праверкі школ да навучальнага года, у пэўных зонах ішло жыццё, і не было нават думак, што ўжо хутка яны таксама патрапяць у зону адчужэння, – разважае Сцяпан Іванавіч. – Будынкі нават звонку мылі спецыяльнымі растворамі, дык у школе ўзровень радыяцыі быў дапушчальны, а ў школьным двары лічбы ўзляталі да нябёсаў. Памятаю, якія прыгожыя дамы пабудавалі ў вёсцы Цешкаў, цэлая вуліца новабудоўлі. Сюды павінны былі перавезці сем’і з дзецьмі, а пасля і гэтая вёска аказалася за калючым плотам, так і пуставалі тыя дамы. Быў час, калі ўсе кінуліся мыць дахі дамоў або перакрываць іх, людзі літаральна скуплялі шыфер, бо казалі, што радыяцыя асядае асабліва на дахах. Але памыты дах назаўтра зноў станавіўся радыяцыйным. Усё было дарэмна. Людзі не ведалі, што рабіць, былі і неабдуманыя рашэнні.

З жахам успамінаў суразмоўца і моманты эвакуацыі. Як цяжка, праз слёзы і крыкі людзі пакідалі ўсё нажытае. У адзін дзень вывозілі хатнюю жывёлу. На другі – людзей. А з сабой можна было ўзяць толькі дакументы і зменку на адзін дзень. Усё… Канечне, было і марадзёрства, таму людзям у пагонах хапала работы нават на адселеных тэрыторыях.

Задрыжаў голас у нашага ліквідатара, калі ён расказваў, як суправаджаў групу пасля адпачынку ў санаторыі недзе пад Гроднам. Людзі вярталіся дадому ў вёскі, якія прымыкалі да таго калючага плоту. Былі і жанчыны з немаўлятамі, пыталіся: як там на радзіме? Сцяпан Кузьміч так і не змог сказаць ім усё, як ёсць, што жыць там небяспечна, вельмі небяспечна. Многае пра той жнівень 1986-га ён так і не расказаў сям’і, якая так чакала яго дадому.

З успамінаў жонкі Наталлі Кузьміч:

– Сцёпа званіў нам толькі раз на тыдзень. Гаварыў мала. А я і без таго не спала начамі. 1 верасня 1986 наша малодшая дачка Галя ішла ў першы клас. І як мы здзівіліся, калі адчынілі дзверы, каб выйсці на школьную лінейку, а там наш тата! Кінуліся на шыю ўсе! Сцяпан прыехаў худы, хоць казаў, што кармілі там добра. А яшчэ вельмі загарэлы ў яго быў твар і рукі, жнівень тады быў вельмі гарачы. Пасля яго адпраўлялі на медкамісіі, эндакрынолагі казалі, што ўсе паказчыкі ў норме. Некалькі разоў муж ездзіў у санаторыі, але зараз моцна падводзіць здароўе. Сэрца і іншае, дзве складаныя аперацыі за некалькі апошніх гадоў. Другі год Сцяпан мае групу інваліднасці. Зараз ужо не скажаш, Чарнобыль таму віной ці не, але дакладна тая камандзіроўка яму на карысць не пайшла…

Сцяпан Кузьміч беражліва захоўвае медаль удзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, а ў 2021 годзе кіраўніцтва райаддзела па НС разам з прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі перадалі былому саслужыўцу Падзяку за высокую асабістую мужнасць і гераізм, праяўленыя пры ліквідацыі аварыі. Памятаюць, дзякуюць. Сцяпан Кузьміч з былых супрацоўнікаў райаддзела па НС адзіны носіць званне ліквідатара.

Кіра ПРАЛЕСКОВА.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться